Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Менскі пратакол не выконваецца


Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

Нягледзячы на падпісанае ў Менску замірэньне, у зоне АТА працягваецца збройнае супрацьстаяньне ўкраінскіх вайскоўцаў і байцоў расейскай арміі.

Як паведаміў Свабодзе каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук, украінскі бок не зьмяняе дысьлякацыю і выкарыстоўвае толькі стралковую зброю і толькі ў адказ на залпавыя і артылерыйскія абстрэлы з боку праціўніка.

— Па ўсім відаць, што ўмовы замірэньня не выконваюцца. Чаму?

— Так, умовы замірэньня не выконваюцца. Тое, што тэрарысты і расейскія войскі ня будуць іх выконваць, было зразумела адразу пасьля падпісаньня менскага пратаколу. Адразу пасьля падпісаньня кіраўніцтва ДНР пачало заяўляць пра тое, што ўкраінскі бок зрывае замірэньне, прычым патлумачыць, у чым гэта выяўляецца, кіраўніцтва ДНР не магло. Адразу было зразумела, што тэрарысты абгаворваюць сабе магчымасьць весьці агонь па ўкраінскіх пазыцыях. Зь вечара пятніцы мы назіраем пастаянныя абстрэлы. Цягам мінулых сутак мы фіксавалі каля 10 абстрэлаў украінскіх пазыцыяў, таксама былі ўдары і па цывільных аб’ектах, у прыватнасьці, у прадмесьцях Марыюпаля, якія другія суткі запар абстрэльваюцца залпавым агнём гаўбіцаў ды мінамётаў.

— Як рэагуе ўкраінская армія?

— Фактычна паўтараецца гісторыя замірэньня, якое было абвешчана ў канцы чэрвеня. Тады таксама ўмовы замірэньня выконваў толькі ўкраінскі бок. Цяпер тое самае. Украінскія войскі адказваюць толькі стралковай зброяй і вядуць толькі агонь у адказ. Артылерыя і авіяцыя ўкраінскімі войскамі не выкарыстоўваецца. Але калі ідуць напады на нашы пазыцыі і блёк-пасты, то зразумела, што адкрываецца агонь у бок праціўніка. Месцаў дысьлякацыі ўкраінскія войскі не зьмяняюць — не наступаюць і ня робяць ніякіх актыўных дзеяньняў.

— Калі ўмовы замірэньня не выконваюцца, то які сэнс быў яго падпісваць?

— Для ўкраінскага боку замірэньне дапамагае вырашыць адразу некалькі задач. Па-першае, палітычная задача. Парашэнка абяцаў мір — цяпер у нейкай форме ён і дэкляруе яго, дзякуючы менскаму пратаколу. Аднак мы бачым, што гэта дасягненьне вельмі сумнеўнае. Па-другое, ваенная задача. Пасьля таго як расейскія войскі пачалі поўнамаштабнае ўварваньне, гэта вельмі нэгатыўна паўплывала на баяздольнасьць украінскай арміі і, што вельмі важна, дэмаралізавала нашых вайскоўцаў. Цяпер, вядома, неабходны час, каб даць войскам перадышку, правесьці захады для павелічэньня іх баяздольнасьці, падцягнуць рэзэрвы. Таму ў менскім пратаколе можна пабачыць і плюсы.

— Кім кантралююцца аэрапорты ў Данецку і Луганску?

— Нашы войскі былі вымушаныя пакінуць Луганскі аэрапорт, падразьдзяленьні былі адтуль выведзеныя. Данецкі аэрапорт пакуль яшчэ кантралюецца нашымі войскамі. Учора мы фіксавалі абстрэлы Данецкага аэрапорту са стралковай зброі, гранатамётаў і агнямётаў. Таксама было некалькі спробаў штурму, аднак усе яны былі адбітыя.

— Ці лічыце вы слушнымі ацэнкі экспэртаў, што войскі праціўніка ідуць на Марыюпаль, каб захапіць тэрыторыі ажно да Прыднястроўя?

— Ва ўкраінскім экспэртным коле ідуць размовы пра тое, што Пуцін імкнецца прабіць шлях да Прыднястроўя. Але я так далёка не зазіраю, таму што выразна бачу кароткатэрміновую бліжэйшую задачу — прабіць сухапутны калідор з тэрыторыі Расеі да Крыму. І гэта лягічна, улічваючы, зь якімі вялікімі складанасьцямі сутыкаецца Масква ў пляне забесьпячэньня Крыму. Керчанская пераправа абсалютна не спраўляецца, аўтатранспарт па некалькі сутак стаіць, каб на пароме пераправіцца з тэрыторыі Расеі ў Крым. Для таго каб у Крыме не нарастала незадаволенасьць сярод мясцовага насельніцтва, жыцьцёва неабходна пракласьці сухапутны шлях.

— Адна з умоваў замірэньня — абмен ваеннапалоннымі, які павінен быў распачацца адразу пасьля падпісаньня менскага пратаколу. Ці пачаўся гэты працэс у тым выглядзе, як меркавалася?

— Абмен ваеннапалоннымі ідзе даволі слаба. У суботу абяцалі, што гэта будзе абмен усімі ваеннапалоннымі. Цяпер аказваецца, што гаворка вядзецца літаральна пра пару дзясяткаў чалавек, якія і так ці ўжо былі вызваленыя, ці было дамоўлена, што будуць вызваленыя. Увогуле, ваеннапалонныя — гэта праблема вельмі высокага ўзроўню. Сам тэрмін «ваеннапалонныя» — некарэктны, таму што Ўкраіна дэ-юрэ ні з кім не ваюе. Мы гаворым пра тое, што мы зазнаем агрэсію з боку Расеі, аднак Расея не прызнае сваёй адказнасьці за падзеі ў Данбасе, тым больш не прызнае наяўнасьці сваіх войскаў на тэрыторыі Данбасу. Таму тэрмін «ваеннапалонныя» можа выкарыстоўвацца вельмі ўмоўна. Юрыдычна ва Ўкраіне ідзе антытэрарыстычная апэрацыя. Усе, хто супраціўляецца ўкраінскім войскам, хто кантралюе тэрыторыю ДНР і ЛНР, — гэта тэрарысты, але яны не зьяўляюцца камбатантамі. І яшчэ адна праблема тычыцца цывільных закладнікаў. Калі сыстэма фіксацыі трапляньня ў палон вайскоўцаў больш-менш адладжаная, то што да цывільнага насельніцтва, такіх мэханізмаў увогуле няма. Таму тыя лічбы, якія называюцца цяпер ва ўкраінскай прэсе наконт цывільных закладнікаў, вельмі і вельмі прыблізныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG