Дачка грамадзкай актывісткі з Баранавічаў Тацяны Малашчанкі Яся прынцыпова ня хоча атрымліваць адукацую на расейскай мове.
У гімназіі № 4 з матэматычным і ангельскім ухілам , куды яна паступіла ў чэрвені, адмаўляюцца адкрываць клясу для дзьвюх дзяўчынак, якія хочуць навучацца па-беларуску.
Сёлета Яся скончыла адзіную ў горадзе чацьвёртую беларускамоўную клясу сярэдняй школы № 14 ў Баранавічах. Яшчэ падчас экзамэнаў у гімназію яе дырэктар Вадзім Шчарбакоў сказаў Тацяне Малашчанцы, што ўстанова расейскамоўная і Ясі давядзецца вучыцца па-расейску, бо фінансавых магчымасьцяў для арганізацыі беларускамоўнай клясы няма.
«Размаўляў са мной па-расейску. Было бачна, што ўсе памятаюць выпадак у нашай старой школе, калі Яся адмовілася слухаць дзяражаўны гімн, і дэманстратыўна закрыла вушы рукамі, за што была зьбітая па руках настаўніцай», — кажа Тацяна Малашчанка.
Маці дзяўчынкі размаўляла з выкладчыкамі гімназіі, і зразумела, што тыя ня супраць вучыць па-беларуску, проста «няма загаду і таму ніхто гэтым не займаецца». Апроч таго, з боку гарадзкой адміністрацыі няма жаданьня фінансаваць беларускамоўнае навучаньне.
Разам з бацькамі іншай дзяўчынкі — Алісы Філіпчык, якая таксама паступіла ў гімназію № 4 і хоча вучыцца па-беларуску, Тацяна Малашчанка напісала ліст у гарвыканкам Баранавічаў з просьбай задаволіць канстытуцыйнае права яе дзяцей вучыцца на роднай мове. У канцы ліпеня прыйшоў адказ за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Д. Касьцюкевіча, у якім паведамляецца, што ў дзяржаўнай установе адукацыі «Гімназія № 4 г. Барановічы», куда залічаныя дзяўчынкі, мовай навучаньня зацьверджаная расейская. Арганізаваць беларускамоўную клясу магчыма толькі ў тым выпадку, калі бацькі прынамсі 24 вучняў напішуць заявы на навучаньне на роднай мове. З 23 па 25 жніўня 2014 году з бацькамі вучняў 5-х клясаў гімназіі № 4 пройдзе сумоўе на прадмет выбару мовы навучаньня.
«У мяне прынцыповая пазыцыя вучыць дзіця па-беларуску, — кажа Тацяна Малашчанка. — Вось зараз я зь ёй размаўляла і сказала, што магчыма, не атрымаецца дамагчыся беларускамоўнай клясы. Дык Яся ўвогуле сказала, што тады ня будзе вучыцца, бо ня пойдзе ў „маскальскую“ школу».
Тацяна Малашчанка прызнаецца, што зараз знаходзіцца ў разгубленасьці:
«Я ж не магу ўвогуле не вучыць дзіця. Я вельмі хачу, каб яна хадзіла ў гэтую гімназію, бо тая блізка да дому і мае матэматычна-англамоўны ўхіл і ўвогуле ў гімназію ідуць дзеці, якія зацікаўленая ў вучобе, не такія, якія проста ходзяць у школу, бо так трэба. Але я ведаю сваё дзіця — яно вельмі прынцыповае. Нават калі быў выпадак з гімнам, шмат хто думаў, што гэта Ясю бацькі навучылі. Але яна сама па сабе такая. Яна тады прынцыпова не хадзіла на заняткі музыкі, якія вяла тая выкладчыца, якая ўдарыла яе за нежаданьне слухаць дзяржаўны гімн. У выніку школе давялося замяніць настаўніцу. Цяпер я, вядома, са свайго боку буду скіроўваць яе хадзіць у гімназію — у беларускамоўную ці расейскамоўную клясу, як ужо атрымаецца. Вяртацца ў былую школу няма сэнсу, там хутчэй за ўсё, таксама не дазволяць арганізоўваць беларускамоўнае навучаньня для малой колькасьці дзяцей», — кажа Тацяна Малашчанка.
«Мне здаецца, што знайсьці фінансавую магчымасьць для 10, 8 ці нават 2 чалавек прасьцей, чым для паўнавартаснай клясы. Трэба менш падручнікаў і ўсяго іншага. Адзінае, што выкладчыкам плаціць трэба дадаткова.
Але жыць у Беларусі і ня мець магчымасьці навучацца па-беларуску — я нават не разумею, што гэта за краіна, якая дваім дзецям у горадзе ня можа забясьпечыць такую адукацыю. На ўсё іншае ў краіны грошы знаходзяцца, толькі не на годную адукацыю для дзяцей».