Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Бандарэнкі фігуруе «засакрэчаная сьведка»


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Адразу пяцёх міліцыянтаў, датычных да затрыманьня і высьвятленьня ўчынкаў праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога судзяць у Кастрычніцкім судзе Менску, дапыталі ў другой палове 31 ліпеня.

Паказальна, што тры зь іх — Мікалайчанка, Курыльчык і Басякоў — далі ў судзе паказаньні, якія, паводле суду, істотна розьніліся ад таго, што яны паведамлялі на допытах падчас сьледзтва. Сьведкі патлумачылі разыходжаньні аднолькава: «Мінула шмат часу».

Найбольш пытаньняў ад удзельнікаў працэсу было зададзена опэрупаўнаважанаму з Кастрычніцкага РУУС Аляксандру Курыльчыку, які першым праводзіў разбор па эпізодзе аб бойцы з удзелам Бандарэнкі каля кавярні «Сівая легенда» 5 лютага. Як лічыць Андрэй Бандарэнка, у паказаньнях гэтага сьведкі не стыкуецца час падзеяў.

Каля 20 гадзіны вечара, паводле сьведкі Курыльчыка, да іх у міліцыю прыйшоў грамадзянін Яворскі, які паскардзіўся на тое, што каля кавярні яго «штурхануў» невядомы, ад чаго ён атрымаў пашкоджаньні і на 20 хвілін страціў прытомнасьць. Праз 40 хвілін, згадаў міліцыянт, пасьля таго як Яворскі напісаў заяву, на службовы тэлефон патэлефанавала нейкая жанчына і паведаміла, што бачыла бойку каля кавярні і што мужчынам, які біўся, быў Андрэй Бандарэнка. «Пасьля гэтага імя і прозьвішча названага чалавека мы прабілі па базе, высьветлілі адрас і адправілі туды міліцыянтаў, каб затрымаць магчымага злачынцу», — паведаміў суду Аляксандар Курыльчык.

Бандарэнка зьвярнуў увагу суду на тое, што час прыёму заявы ад пацярпелага Яворскага пазначаны як 23.30, між тым ён згадаў, што яго самога аформілі як затрыманага на 10 хвілін раней, у 23.20. Як такое магло быць? Гэтыя разыходжаньні сьведка Курыльчык патлумачыў «магчымай блытанінай» ды тым, што спачатку ён праводзіў розныя дазнавальныя дзеяньні, а ўжо потым афармляў паперы. Імя жанчыны, якая, паводле сьведкі, паказала яму дакладна на Бандарэнку, опэрупаўнаважаны не назваў. Сказаў толькі, што гэта «сьведка». Ці будзе гэтая сьведка даваць паказаньні ў судзе, невядома. Калі Андрэй Бандарэнка і ягоны адвакат Дар’я Ліпкіна спрабавалі высьветліць у міліцыянта, хто гэтая жанчына і як яе імя, судзьдзя Ала Абакунчык здымала ўсе пытаньні, спасылаючыся ў тым ліку на права міліцыі не раскрываць свае крыніцы.

Абставіны эпізоду высьвятлялі без пацярпелага Яворскага. Андрэй Бандарэнка быў з гэтым нязгодны і хацеў даведацца, чаму ў працэсе няма пацярпелага. «Сьведка блытаецца ў часе падзеяў, а мы ня можам праверыць ягоныя словы і высьветліць праўду!» — абураўся Бандарэнка. Судзьдзя Ала Абакунчык пасьля допыту сьведак абвясьціла перапынак да панядзелка, 4 жніўня, і паабяцала, што будуць зробленыя захады, каб забясьпечыць яўку пацярпелага Яворскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG