Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акопны побыт Першай сусьветнай


«Рэчы паміж жыцьцём і сьмерцю» — такую назву атрымала ўнікальная выстава, разгорнутая ў залях Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі. Выстава зьяўляецца беларуска-швэдзкім праэктам, прымеркаваным да 100-годьдзя пачатку Першай сусьветнай вайны.

Вайна — гэта ня толькі атакі і абарончыя баі. У перапынку паміж імі ў акопах па той і гэты бакі фронту віравала звычайнае, калі гэтак магчыма казаць, жыцьцё з многімі ягонымі атрыбутамі, уласьцівымі жыцьцю мірнаму. Вось чаму аснову выставы «Рэчы паміж жыцьцём і сьмерцю» склалі тыя нязначныя, здавалася б, рэчы, якія дапамагалі вайскоўцам ня страціць у акопах чалавечае аблічча ды выжыць.

Гэта прадметы асабістай гігіены і прылады для прыёму ежы, фотаздымкі родных, музычныя й мэдычныя інструмэнты, пачкі кавы ды гарбаты, гульнявыя карты, размоўнікі, цыгарэты і нават жавальныя гумкі. Усё гэта з розных бакоў ілюструе штодзённы акопны побыт вайскоўцаў з розных краінаў, што бралі ўдзел у той вайне: Нямеччыны, ЗША, Расеі, Японіі, Францыі.

Няцяжка заўважыць, што ў войсках практычна ўсіх краінаў ужывалі амаль аднолькавыя па прызначэньню рэчы, якія адрозьніваюцца толькі дэталямі.

Выстава «Рэчы паміж жыцьцём і сьмерцю» была падрыхтаваная Музэем войска ў Стакгольме пры актыўным удзеле вядомага калекцыянэра Турб’ёрна Ленскуга, які сабраў многія з тысячы выстаўленых у Менску экспанатаў.

Упершыню пад гэтай назвай выстава была прэзэнтаваная ў Швэцыі ў 2010 годзе. Неўзабаве яе назвалі найбольш эстэтычнай экспазыцыяй году і адзначылі Залатой прэміяй. Пасьля выстава пачала падарожжа па Эўропе: яна дэманстравалася ў Нарвэгіі, Бэльгіі, Польшчы, а ў красавіку 2014 году зь ініцыятывы Нацыянальнага гістарычнага музэю нашай краіны была разгорнута ў Гародні.

З верасьня гэтага году выстава накіруецца ў абласныя цэнтры Беларусі, аўтэнтычную «акопную праўду» вайсковага побыту да канца году змогуць пабачыць жыхары Гомеля, Магілёву і Берасьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG