Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка стыхійна адчувае «тарашкевіцу» — мовазнаўца


Зьміцер Саўка
Зьміцер Саўка

Мовазнаўца Зьміцер Саўка аналізуе, як зьмянілася беларускае маўленьне Аляксандра Лукашэнкі за 20 гадоў, што ён пры ўладзе.

«Ёсьць моманты ў Лукашэнкавым маўленьні, якія нас павінны натхняць. Напрыклад, ён не вымаўляе слова „пЯрыяд“, не вымаўляе яго і празь „е“ — „пЕрыяд“. У яго гук „п“ — паўцьвёрды, і ён кажа „пЭрыяд“. Ён гэтае слова вымаўляе не на расейскі манер. Вымаўленьне „пЭрыяд“ з вуснаў Лукашэнкі сьведчыць, што словы ўласнабеларускага паходжаньня стыхійна, падсьвядома ён адрозьнівае ад словаў небеларускага паходжаньня і вымаўляе трошкі інакш. Так, як гэта закладалася ў граматыцы Браніслава Тарашкевіча», — адзначае Зьміцер Саўка ў інтэрвію Радыё Свабода.

Мовазнаўца прызнаецца: «Замала Лукашэнка размаўляе па-беларуску, каб рабіць глыбокія высновы пра зьмену ў маўленьні».

«Калі параўнаць, як гучаў Лукашэнка ў 90-я і тое, як ён размаўляе цяпер, то бачна, што шматгадовая практыка выступаў па-расейску зьмяніла не да лепшага гучаньне беларускага слова зь ягоных вуснаў. Гэтая эвалюцыя вядзе да страты натуральнасьці маўленьня. Лукашэнка вядомы тым, што ў яго выдатны беларускі фанэтычны набор. І ніякі іншы фанэтычны набор яму не прышчапляецца. На той жа расейскай мове Лукашэнка гаворыць з моцным беларускім акцэнтам, нягледзячы на тытанічныя намаганьні, якія, як я думаю, робяцца зь ягонага боку, — кажа Саўка. — Аднак цяпер ужо заўважаецца накладаньне расейскай фанэтыкі на беларускую. Гэтыя два дзесяцігодзьдзі не прайшлі дарма — адбываецца вымываньне натуральнасьці беларускага маўленьня. Хоць у прынцыпе беларускі фанэтычны набор у яго застаўся той самы. Страта адчуваецца ў тым, як ён карыстаецца тымі артаэпічнымі правіламі, якія не паказваюцца на паперы».

Зьміцер Саўка прыводзіць прыклады такога вымываньня беларускай фанэтыкі з вуснаў Лукашэнкі:

  • «Калі раней ён мог сказаць, напрыклад, „ня быў“, „ня браў“, „бяз нас“ — так, як гэта і павінна быць, то цяпер можна пабачыць іншую карціну. У апошняй прамове ён сказаў „нІ проста“, замест „ня проста“. Вось гэтае „іканьне“ прадыктаванае расейскай мовай. Ён блытае націскі: замест „жылІ“ ён гаворыць „жЫлі“ — так, як гэта гаворыцца па-расейску».
  • «Ёсьць рэчы, якія сьведчаць пра неакуратнасьць у маўленьні: замест „азэрбайДЖанец“ ён кажа „азэрбайЖанец“. Вымаўленьне праз „ж“ замест „дж“ характэрнае для расейцаў, бо ў расейскай мове няма гуку „дж“. Калі чалавек практыкуе беларускую мову і гаворыць „хаДЖу“, „сяДЖу“ і „браДЖу“, то яму лёгка будзе вымавіць і „азэрбайДЖанец“».
  • «Раней Лукашэнка вымаўляў прыстаўны „й“, як і павінна быць па-беларуску, перад „і“. Націскное пачатковае „і“ на паперы павінна вымаўляецца як „йі“, зь ётам наперадзе. Цяпер гэтага мы ня чуем. Ён кажа словы „Іншы“ і „Іх“ замест „Йіншы“ і „Йіх“».

Пры ўсіх стратах у Лукашэнкавым маўленьні ёсьць аграмадны плюс у самім факце маўленьня па-беларуску. Нарэшце да кіраўніка нашай дзяржавы — а згаджаемся мы з гэтым ці не, ён ёсьць кіраўніком нашай дзяржавы, тварам і голасам — прыйшло ўсьведамленьне, што мова — гэта найважнейшая прыкмета самасьці, іншасьці, найважнейшая падстава, каб мы і надалей заставаліся асобнай нацыяй і трымаліся свайго сувэрэнітэту. І гэтая прамова па-беларуску, думаю, будзе натхняльнай для тысячаў і тысячаў беларускіх чыноўнікаў», — заявіў мовазнаўца Зьміцер Саўка ў інтэрвію Радыё Свабода.

За ўсе 20 гадоў на пасадзе прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка выступаў па-беларуску лічаныя разы.

1 ліпеня Аляксандар Лукашэнка па-беларуску зачытаў прамову, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці.

Поўны тэкст прамовы публікуе ягоная прэсавая служба.

Аляксандар Лукашэнка ў 1994-м

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG