У Сяргея Лазьніцы няпростая біяграфія. Нарадзіўся ў Беларусі, паўжыцьця правёў у Кіеве, вучыўся рэжысуры ў Маскве, з 2001-га жыве ў Нямеччыне. Скончыў Кіеўскі політэхнічны, працаваў у Інстытуце кібэрнэтыкі над праблемамі штучнага інтэлекту, у 27 гадоў усё кінуў і заняўся кінэматографам. Доўгія гады здымаў дакумэнтальнае кіно, потым сышоў у гульнявое. Зь фільмамі «Шчасьце маё» і «Ў тумане» заваяваў мноства прызоў на прэстыжных фэстывалях, стаў заўсёднікам асноўнай праграмы Канаў.
Сёлета ён зноў зьдзівіў. Фільм «Майдан», зроблены Лазьніцам усяго за тры месяцы, стаў адзіным маштабным дакумэнтальным фільмам, прысьвечаным рэвалюцыйным падзеям апошняй зімы ў Кіеве. Стужка, прадстаўленая на Канскім фэстывалі ў праграме «Асаблівы погляд», зарабіла авацыі залі.
Першы паказ карціны ва Ўкраіне адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня на Адэскім міжнародным кінафэстывалі, у пракат стужка выйдзе ў канцы месяца. Журналіст выданьня Forbes-Украіна стаў першым украінскім гледачом фільму, якому рэжысэр распавёў пра тое, як быў зьняты «Майдан».
Forbes: Калі вы зразумелі, што будзеце здымаць гэты фільм? Што стала вырашальным штуршком?
Лазьніца: Думка наогул зьявілася адразу, калі 1 сьнежня мільён выйшаў на вуліцы і пачаліся першыя сутыкненьні. У Кіеў я змог прыехаць толькі 15 сьнежня. Узяў камэру, асыстэнта, і мы пагналі. Спачатку канкрэтнай ідэі фільму не было — я разумеў, што трэба здымаць падзеі, а што там далей будзе, паглядзім.
Forbes: Гэта значыць проста фіксаваць, для гісторыі?
Лазьніца: Дзіўна, што я там практычна ня бачыў іншых здымачных груп — размова не пра журналістаў, якія шукаюць сэнсацыі, а пра дасьледнікаў. Я добра ведаю дакумэнталістаў усяго сьвету, але на Майдане не сустрэў ніводнага, хоць для Эўропы гэта вельмі важная падзея. Магчыма, ім цяжка было адразу зразумець, наколькі яна важная.
Forbes: Вырашыўшы рабіць фільм у сярэдзіне сьнежня, вы далі апэратару Сяргею Стэцэнку практычна поўную свабоду дзеяньняў, да сярэдзіны сакавіка ён здымаў сам. Ці прыяжджалі вы ў Кіеў у гэты пэрыяд? Як кантралявалі працу над карцінай?
Лазьніца: Не прыяжджаў, у мяне не было такой магчымасьці — у гэты час я выкладаў то ў Бэрлінскай кінаакадэміі, то ў Індыі, я ўзяў на сябе гэтыя абавязаньні за год да гэтага, адмяніць было немагчыма. Але ўжо ў сьнежні я зразумеў, што гэтая гісторыя доўгая і трэба працягваць здымаць. Папрасіў знаёмых парэкамэндаваць добрага апэратара, і мяне пазнаёмілі зь Сярожам. Мы сустрэліся тры разы, ён нешта зьняў, мы абмеркавалі, я расказаў яму, як я гэта бачу, і далей ён здымаў самастойна. Сярожа выявіўся вельмі таленавітым, вялікая ўдача, што мы зь ім сустрэліся. Потым я ўжо ўсё карэктаваў адсюль — пры наяўнасьці сучасных тэхнічных магчымасьцяў гэта нескладана.
Forbes: Кім вы адчувалі сябе на Майдане, пабочным назіральнікам або ўдзельнікам падзеяў?
Лазьніца: Не або. Нам часта даводзіцца адказваць на пытанне «або», хоць на самай справе гэта «і». Мала таго, пра сябе зусім ужо цяжка казаць, таму што вы сябе самога менш за ўсё бачыце. Увогуле, і адно, і другое, і трэцяе, і ўсіх шкада, і хлусьня брыдкая, і хочацца быць бесстароньнім, і бесстароньнім быць немагчыма.
Forbes: Фільм пачынаецца з гімну і заканчваецца хаўтурамі. Ці былі ў вас іншыя, больш мажорныя і менш трагічныя варыянты фіналу?
Лазьніца: Былі іншыя — эпізоды, дзе сьвяткуюць, усім дзякуюць, крычаць: «Малайцы!» Але мне здалося, што такі фінал быў бы ня вельмі дарэчны. Важная памяць пра людзей, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у імя такіх простых і відавочных паняцьцяў, як свабода і годнасьць. Для многіх, на жаль, гэтыя паняцьці зусім абстрактныя, маўляў, што там свабода, як-небудзь ператопчамся. А тут людзі выйшлі і стаялі да канца. Я лічу, што на гэтым месцы абавязкова павінен быць мэмарыял.
Forbes: Ці было ў вас прадчуваньне, што Майдан пераможа?
Лазьніца: Я быў абсалютна ў гэтым упэўнены. Калі я прыехаў на Майдан, мне сталі відавочныя дзьве рэчы. Першая: гэтаму прэзыдэнту канец, людзі будуць стаяць да таго часу, пакуль ён гэтага не зразумее. Другая: людзей, якія выйшлі і ня ў сілах больш трываць несправядлівасьць, нічым не перабіць. Тыя, хто палічылі, што іх можна спалохаць, моцна памыліліся, яны думалі пра цяперашнюю Ўкраіну як пра Савецкі Саюз, дзе за свабоду амаль ніхто ніколі не змагаўся. Памятаю, як у жніўні 1991-га я ішоў уздоўж Рэспубліканскага стадыёна і слухаў па радыё «Свабода», што па вуліцах Масквы ідуць танкі. А ў Кіеве ніякіх танкаў быць не магло, таму што ў Кіеве нічога не адбывалася, на плошчы сабралася ад сілы некалькі сотняў чалавек. Ня трэба забываць, што незалежнасьць Украіне падаравалі.
Forbes: Добра, цяпер яе, па сутнасьці, зноўку заваявалі. Але вось якая штука: па словах Томаса Карлэйля, усякую рэвалюцыю задумваюць рамантыкі, ажыцьцяўляюць фанатыкі, а карыстаюцца яе пладамі нягоднікі. Як, па-вашаму, наколькі вялікая небясьпека таго, што ўкраінская рэвалюцыя падмане народныя чаканьні?
Лазьніца: Шлях у тысячу лі пачынаецца зь першага кроку. Рэвалюцыя павінна адбыцца ў сьвядомасьці большасьці людзей; тое, што здарылася на Майдане сьведчыць пра тое, што гэты працэс ужо пайшоў. Людзі гатовыя самі прымаць рашэньні, браць адказнасьць на сябе. Калі параўноўваць з Расеяй, то гэта робяць не асобна ўзятыя лідэры апазыцыі, а тысячы нікому не вядомых людзей — разважлівых, мудрых, адказных. З такімі грамадзянамі давядзецца лічыцца любой уладзе.
Forbes: Кім вы сябе адчуваеце — беларусам, украінцам, расейцам? Або гэтае пытаньне для вас наогул неістотнае?
Лазьніца: Неістотнае. Я вырас у Кіеве, жыў у ім з шасьці месяцаў да 27 гадоў. Паходжаньнем я кіяўлянін, з усімі характэрнымі рысамі і якасьцямі, якія могуць быць прышчэпленыя гэтым горадам.
Forbes: Калі вас назавуць украінскім кінэматаграфістам, вы ня будзеце супраць?
Лазьніца: Ды калі ласка!