Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Пагрозы Беларусі ад асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам няма


Леанід Заіка
Леанід Заіка

Беларусь і Казахстан не падтрымалі намер Расеі ўвесьці імпартныя пошліны на ўкраінскія тавары ў сувязі з плянаваным 27 ліпеня падпісаньнем Украінай эканамічнай часткі Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Ці пагражае беларускім эканамічным інтарэсам падпісаньне Ўкраінай асацыяцыі з Эўразьвязам? Чаму Беларусь не падтрымала Расею ва ўвядзеньні эканамічных санкцыяў супраць Кіева? На гэтыя пытаньні Свабодзе адказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Леанід Заіка заявіў, што ня бачыць для Беларусі сур’ёзнай стратэгічнай пагрозы ад падпісаньня Ўкраінай асацыяцыі з ЭЗ.

«Бо вядучая група тавараў, якую мы прадаём ва Ўкраіну, — гэта нафтапрадукты. Ну, а нафтапрадукты купляюць і Галяндыя, і Вялікабрытанія. То бок асноўная частка нафтапрадуктаў (каля 90%) ідзе зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу. Калі Ўкраіна пачынае фігураваць недзе, умоўна, у рамках нейкай супольнасьці, якая называецца ЭЗ, то яны не адмовяцца і будуць купляць беларускія нафтапрадукты, бо на Захадзе яны даражэйшыя.

Па-другое, харчовы рынак. Што тычыцца сьвежай гародніны і садавіны і гэтак далей, то імпарт з Украіны можа быць абмежаваны. Тыдзень таму ў краме я купляў шатляндзкія таматы, і, відаць, наступным разам таксама куплю замест украінскіх шатляндзкія. Сьвежая бульба паступае з Марока, мы многа бульбы купляем у Францыі. А таксама ў Фінляндыі, Галяндыі і Літве. Гэта што тычыцца адчуваньняў спажыўца, простага беларуса. Мы куплялі ва Ўкраіне ў вялікай колькасьці адкіды алейнай вытворчасьці — жмых — і кармілі курэй. Але мы гэта будзем купляць, мы купляем гэта і ў Бэльгіі. То бок калі зьвесьці да нейкіх пазыцыяў экспарту-імпарту, то я ня думаю, што гэта будзе нешта вельмі сур’ёзнае».

Чаму ж на радзе Эўразійскай эканамічнай камісіі Беларусь не падтрымала Расею ва ўвядзеньні эканамічных санкцыяў супраць Кіева? Адказваючы на гэтае пытаньне, спадар Заіка адзначыў:

«Прэзыдэнт — ён такі. Ён вырашыў, што можна балянсаваць. Гэта цікавая палітычная формула, як на канаце лявіруюць, але можна ўпасьці. Бо глядач зь вялікай мядзьведжай краіны можа канат гэты крыху тузануць, і тады зьявіцца іншы канатаходзец».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG