Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ітан Голдрыч завяршае місію ў Менску


Ітан Голдрыч
Ітан Голдрыч

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч да канца чэрвеня пакіне Менск у сувязі з завяршэньнем сваіх паўнамоцтваў на пасадзе кіраўніка амбасады ЗША.

Спадар Голдрыч у інтэрвію БелаПАН заявіў, што яму было «вельмі цікава працаваць у Беларусі»:

«Мне давялося сустракацца зь вялікай колькасьцю беларусаў, якія прадстаўляюць самыя розныя пункты гледжаньня, знаёміцца з гісторыяй гэтай краіны і назіраць за палітычнай сытуацыяй».

Па выніках працы ў Менску Голдрыч прыйшоў да высновы, што Беларусі і ЗША «неабходна лепш слухаць адзін аднаго»:

«І шукаць магчымасьці практычных рашэньняў канкрэтных праблем, якія ўзьнікаюць. Пры гэтым ЗША застаюцца прыхільнымі прынцыпам сваёй палітыкі ў галіне правоў чалавека і дэмакратызацыі».

Падчас знаходжаньня ў Беларусі часовага паверанага ў справах ЗША Ітана Голдрыча ў двухбаковых адносінах адбыўся пэўны прагрэс:

«Напрыклад, мы маем зносіны зь вялікай колькасьцю дзяржаўных інстытутаў. Цяпер гэта ня толькі Міністэрства замежных спраў, але і іншыя міністэрствы — культуры, аховы здароўя, спорту і турызму, сельскай гаспадаркі, працы і сацыяльнай абароны.

Разьвіваючы такім чынам кантакты, мы дамагаемся канкрэтных вынікаў. У прыватнасьці, параўнальна нядаўна сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя мы адправілі ў ЗША групу афіцыйных асобаў. Яны займаліся вывучэньнем амэрыканскага досьведу ў розных галінах аховы здароўя, у прыватнасьці ў галіне раньняга распазнаньня ракавых захворваньняў».

Дыплямат нагадаў пра нядаўні візыт у Беларусь (2-4 чэрвеня) прадстаўніка Дзярждэпартамэнта ЗША Эрыка Рубіна. Паводле ацэнкі Голдрыча, візыт прайшоў «прадуктыўна і дазволіў вылучыць тыя пытаньні, у якіх урады нашых дзяржаў маглі б працаваць больш эфэктыўна»:

«Мы змаглі вызначыць тыя крокі, якія могуць быць зробленыя пры цяперашніх адносінах, і адкрыта выказвацца па тых пытаньнях, дзе ў нас існуюць разыходжаньні. Той факт, што Эрык Рубін прыяжджаў у Менск у сьнежні мінулага году і цяпер, амаль праз паўгода, азначае, што ўрады працягваюць весьці абмеркаваньне, і за гэты час сталі магчымымі невялікія посьпехі».

Ітан Голдрыч лічыць важным вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў. Паводле яго слоў, лепшы спосаб вызначыць, ці хоча беларускае грамадзтва пераменаў, — гэта «правядзеньне больш адкрытых і празрыстых выбараў».

«За час свайго знаходжаньня тут я прымаў удзел у назіраньні за ходам двух выбарчых кампаніяў. Адна з іх — парлямэнцкія выбары 2012 году, другая — мясцовыя выбары ў гэтым годзе. Рэформа выбарчага працэсу дазволіла б уладам і самім грамадзянам скласьці значна лепшае ўражаньне аб тым, да чаго імкнуцца і чаго хочуць беларусы».

Новым месцам Ітана Голдрыча стане амбасада ЗША ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), дзе ён зойме пасаду намесьніка кіраўніка дыпмісіі.

Пераемнік Ітана Голдрыч Скот Роланд хутка прыбудзе ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG