Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана прэзыдэнцкага слова


У мінулым блогу я апавядаў пра абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі, якія ён выканаў. Знайсьці такія было надзвычай цяжка. Але зусім лёгкая задача — узгадаць нявыкананыя абяцаньні дзейнага кіраўніка.

За 20 гадоў іх набралася гэтулькі, што можна было б напісаць цэлую кнігу. Чым даўжэй Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта, тым лягчэй абяцае. Бо зь цягам часу ўпэўніўся, што ніякай адказнасьці за свае словы не нясе. Узгадаем толькі найбольш яскравыя зь нявыкананых абяцаньняў.

«Я абяцаю вам, што буду казаць праўду і толькі праўду». («Советская Белоруссия», 2006, 30 верасьня.) Без камэнтароў.

Журналіст: «Калі тыя надзеі, якія ўскладаюць на Вас выбаршчыкі, не апраўдаюцца — ці знойдзеце Вы ў сабе сілы на працягу году сысьці ў адстаўку?»

Лукашэнка: «На працягу году — не. А вось праз два гады, калі ў мяне нічога не атрымаецца — так, пайду... Калі праз два гады ня будзе ніякіх перамен — зьбірай манаткі і сыходзь». («Звязда», 1994, 6 ліпеня.) Без камэнтароў.

«З 1 верасьня (1994 году. — Аўт.) цэны будуць замарожаныя». («Фемида», 1994, 5 верасьня.) Без камэнтароў.
Нашы дзеці не павінны плаціць за наша шчасьлівае жыцьцё цяпер
«А. Лукашэнка гарантуе... кампэнсацыю згубленых грашовых укладаў насельніцтва». (Зь перадвыбарнай улёткі кандыдата ў прэзыдэнты А. Лукашэнкі.) Без камэнтароў.

«Палова работнікаў дзяржапарату павінна быць скарочана. Таксама трэба скараціць і палову міністэрстваў і ведамстваў. Беларусі дастаткова 10–12 міністэрстваў». (З інтэрвію кандыдата ў прэзыдэнты А.Лукашэнкі. «Белорусский рынок», 1994, № 25.)

Для даведкі. За час кіраваньня Лукашэнкі дзяржапарат вырас. Сёньня ў Беларусі 24 міністэрствы і 7 дзяржаўных камітэтаў, якія можна прыраўнаць да міністэрстваў (напрыклад — КДБ, памежны, мытны камітэты).

Карэспандэнт: «Калі Вы станеце прэзыдэнтам, то ці будзеце накіроўваць у вобласьці і раёны сваіх намесьнікаў?».

А. Лукашэнка: «А навошта? Канстытуцыя дакладна рэглямэнтуе гэтыя пытаньні... А мясцовыя Саветы зьяўляюцца як бы памочнікамі прэзыдэнта». (З інтэрвію кандыдата ў прэзыдэнты А. Лукашэнкі. «Белорусский рынок», 1994, № 25.)

Адразу ж пасьля абраньня Лукашэнка стварае так званую прэзыдэнцкую вэртыкаль, прызначае сваіх прадстаўнікоў на пасады старшыняў абласных, гарадзкіх і раённых выканкамаў, адхіляючы ад рэальнай улады Саветы. Дарэчы, Канстытуцыйны суд прызнаў такія дзеяньні кіраўніка дзяржавы шмат у чым незаконнымі.

«У бліжэйшыя тыдні ўзгадніць зь Міжнародным валютным фондам праграму рынкавых пераўтварэньняў». (З дакладу прэзыдэнта на сэсіі Вярхоўнага Савету 21 ліпеня 1994 году, на наступны дзень пасьля інаўгурацыі.) Без камэнтароў.

У 2001 годзе, будучы ў Казахстане, Лукашэнка распавёў журналістам, што жыльлёвая праблема ў Беларусі блізкая да пасьпяховага вырашэньня: «Мы захавалі, аднавілі савецкія чэргі. Засталося прыкладна 350 тыс. чалавек, гэта дзесьці 100 тыс. сем’яў. І за два-тры гады мы зможам разабрацца з гэтымі сем’ямі». («Комсомольская правда» в Белоруссии«, 2001, 29 сьнежня.) Без камэнтароў.
Ніякай чыноўніцкай, дэпутацкай, прэзыдэнцкай прыватызацыі і сямейнай таксама ня будзе
З выступленьня А. Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе 24 красавіка 2007 году: «Ніякай чыноўніцкай, дэпутацкай, прэзыдэнцкай прыватызацыі і сямейнай таксама ня будзе... Калі і будзе прыватызацыя, яна будзе адкрытай і сумленнай... Аб’екты будуць прадавацца толькі па конкурсе або праз аўкцыён... Ніякіх зьдзелак „з-пад крыса“. Калі толькі Камітэт дзяржаўнага кантролю, правяраючы тую ці іншую зьдзелку зь нерухомасьцю і зямлёй, выявіць, што не было апублікавана ў друку і адкрытага аўкцыёну па продажы, ён ведае, што рабіць». («Советская Белоруссия», 2007, 25 красавіка.)

Літаральна праз пару месяцаў дзяржаўныя пакеты акцыяў заводу «Мотавела» былі прададзеныя аўстрыйскай фірме АТЕС, а кампаніі мабільнай сувязі «Velcom» — кіпрскай фірме «SB-Telecom» без аніякага інвэстыцыйнага конкурсу, кулюарна, за кулісамі, з парушэньнем вызначаных правілаў. За 2007–2008 гады замежным уласьнікам прадалі каля дзясятка беларускіх банкаў, і таксама бяз конкурсу. Гэтак жа кулюарна падбіраюцца кампаніі будаваць цэлыя раёны Менску.

У кастрычніку 2008 году А. Лукашэнка казаў, што Беларусь не павінна ўлазіць у даўгавую пятлю, «нашы дзеці не павінны плаціць за наша шчасьлівае жыцьцё цяпер». (http//eurasianhome.org 31.10.2008.) Калі дзейны прэзыдэнт прыйшоў да ўлады, Беларусь амаль ня мела вонкавага доўгу. На 1 студзеня 2014 году дзяржаўны доўг краіны складаў 13 млрд даляраў, а валавы замежны доўг — 39 млрд даляраў.
Лукашэнка павінен быў за тыдзень, за дзесяць дзён апавясьціць, што будзе дэвальвацыя нацыянальнай валюты... Слухайце, які абсурд. Нідзе пра гэта ніхто не апавяшчае
18 сьнежня 2008 году Лукашэнка дае інтэрвію дзяржаўным СМІ, кажа пра патрабаваньне МВФ правесьці дэвальвацыю беларускага рубля як умову атрыманьня крэдыту. «Яны папрасілі аб дэвальвацыі нашай валюты, мы ім сказалі: мы будзем спакойна, калі гэта трэба, дэвальваваць рубель. Яны ўсяго на 10 адсоткаў папрасілі, калі ўжо на тое пайшло... Мы народу абяцалі. І я сказаў старшыні Нацбанку: май на ўвазе, ня дай Бог, маё слова будзе парушана. Прыйдзе новы год: 5% — гэта нішто. Вось вазьміце 5% з 2200. Што, гэта велізарная сума для нашых людзей?». («Советская Белоруссия» 2008, 19 сьнежня.) А ўжо 2 студзеня 2009 году беларускі рубель дэвальвуецца на 20,5%. 13 студзеня 2009 году прэзыдэнт зноў вяртаецца да гэтай тэмы. Паводле ягоных слоў, некаторыя дагаварыліся да таго, што «Лукашэнка павінен быў за тыдзень, за дзесяць дзён апавясьціць, што будзе дэвальвацыя нацыянальнай валюты... Слухайце, які абсурд. Уявіце, я абвясьціў бы гэта да Новага году. Народ бы замест навагодніх сьвятаў ламаўся бы ў нейкія дзьверы. Нідзе пра гэта ніхто не апавяшчае. Тым больш, калі хтосьці ўмее мяне слухаць, я пра гэта казаў у інтэрвію з нашымі журналістамі. Я, праўда, прыкладна казаў: ну і што, калі там на 10, трохі больш мы дэвальвуем нашу валюту. Гэта што, такія вялікія страты? Вазьміце мой выступ. Нават тут я намякаў на тое, што мы трымаць ня будзем». («Народная Воля», 2009, 20–22 студзеня.) Без камэнтароў.

«Ужо і праект „Вялікая сям’я“ прапанавалі. Там за першае дзіця, дапусьцім, 10 тысяч даляраў. У далярах мы адкрываем рахунак. За другога — 20 тысяч. За трэцяга падвойваецца. А калі ты яшчэ ўносіш на гэты рахунак сродкі на будучага свайго трэцяга або другога дзяцей сваіх, то мы больш у два разы даем». Гэтую заяву А. Лукашэнка зрабіў 8 кастрычніка 2013 году, наведваючы Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне. Без камэнтароў.

«Да 2015 году мы павінны наблізіць памеры заработнай платы да тысячы даляраў у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту зарплаты і даходаў насельніцтва». (З дакладу Аляксандра Лукашэнкі на чацьвёртым Усебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010 году.) 2015 год яшчэ наперадзе. Імавернасьць выканаць гэтае абяцаньне няхай кожны ацэніць сам.

Атракцыён небывалай шчодрасьці працягваецца. У рамане Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» на цыркавой афішы Астапа Бэндэра было напісана: «Матэрыялізацыя духаў і раздача сланоў». Ніякага параўнаньня, толькі інфармацыя да роздуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG