Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: У суд выклічуць міліцыянта, які складаў рапарт на журналіста


Андрэй Мялешка
Андрэй Мялешка

У Горадні працягваецца разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешкі. Яго вінавацяць у супрацы з замежным СМІ, незаконным вырабе прадукцыі СМІ і яе распаўсюдзе.

Адвакат Мялешкі заявіла, што суд не прадставіў доказаў віны яе падабароннага. Суд адкладзены на 11 чэрвеня.

Мялешку судзяць на падставе міліцэйскага пратаколу, зь якога вынікае, што ён нібыта незаконна, без адпаведнай акрэдытацыі вырабіў і разьмясьціў на сайце польскага «Радыё Рацыя», якое трансьлюецца зь Беластоку, матэрыял пад псэўданімам Ігар Мікалаеў.

Абвінавачаньняў Мялешка не прызнаў. Суду ён патлумачыў, што рыхтаваў матэрыял пра акцыю гарадзенскіх мэдыкаў «Здаровае сэрца — доўгае жыцьцё» для гарадзенскага сайта 015.by, зь якім ужо даўно супрацоўнічае. А што матэрыял зьявіўся на сайце беластоцкага «Радыё Рацыя», дык ён пра гэта нічога ня ведае. Міліцэйскі рапарт Мялешка назваў надуманым:

«У тым самым рапарце няма ніякіх доказаў, што я рабіў матэрыял, што я рабіў яго для сайта „Радыё Рацыя“, што я яго распаўсюджваў. Таму ўсе гэтыя іх абвінавачваньні беспадстаўныя».

У судзе заслухалі адзіную сьведку — лекарку Тацяну Элінтаву, якая пацьвердзіла, што давала інтэрвію Мялешку, які ёй прадставіўся, паказаў пасьведчаньне ды паабяцаў, што інтэрвію зьявіцца на гарадзенскім сайце 015.by. Лекарка дадала, што ейны абавязак — публічна прапагандаваць здаровы лад жыцьця і што потым прачытала матэрыял на сайце 015.by.

Падрабязна нязгоду Мялешкі з абвінавачаньнямі абгрунтавала адвакат Кацярына Пятровіч. Найперш яна зазначыла, што артыкул 22.9, частка ІІ, паводле якога судзяць Мялешку, не прадугледжвае адміністрацыйнай адказнасьці за дзейнасьць журналіста без акрэдытацыі, а прадугледжвае адказнасьць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Прадукцыя і распаўсюд інфармацыі, цытавала адвакатка ў судзе, — гэта тое, чым займаецца рэдакцыя, г.зн. юрыдычная асоба, а не фізычная асоба — журналіст. І ўжо зыходзячы з гэтага, яго немагчыма паводле закону прыцягваць да адказнасьці.

Таксама яна спаслалася на ўрадавую пастанову № 2015 аб акрэдытацыі журналістаў. У пастанове канкрэтна названыя меры адказнасьці за дзейнасьць журналіста без акрэдытацыі. І, паводле яе, адміністрацыйнай адказнасьці ў гэтым вычарпальным сьпісе няма.

Урэшце, адвакат заявіла, што ў судзе не было устаноўлена, што Мялешка — карэспандэнт замежнага СМІ, а таксама — што ён непасрэдна рыхтаваў гэты матэрыял для замежнага «Радыё Рацыя» і потым разьмясьціў яго на сайце радыё.

Пасьля гэта судзьдзя абвясьціў перапынак, а пасьля перапынку заявіў, што ў яго ўзьніклі пытаньні да міліцыянта, які складаў рапарт, і таго выклічуць у суд. Яшчэ суд мае намер удакладніць падрабязнасьці папярэджаньня, якое Мялешку выносілася летась пракуратурай за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Пасьля абвяшчэньня перапынку Мялешка сказаў Свабодзе, што зусім не чакаў такога павароту справы, бо ягоных калегаў раней па такіх самых абвінавачваньнях судзілі за адзін дзень.

«Магчыма, судзьдзя вырашыў проста перастрахавацца. Я думаю, што ўсё ж вялікую ролю адыграла прамова адвакаткі, якая вельмі прафэсійна, пераканаўча расклала ўсё па паліцах і паказала, што на мяне павешана абвінавачваньне, паводле якога павінны судзіць юрыдычную асобу, а не мяне — асобу фізычную».
Па сутнасьці, мы цяпер назіраем у Горадні сыстэмны перасьлед журналістаў і імкненьне пазбавіць іх права на прафэсійную дзейнасьць

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч кажа, што ўжо ніякім рашэньням суду ня дзівіцца. Яшчэ ён зьвярнуў увагу на тое, што Мялешку судзяць за матэрыял, у якім прапагандуецца здаровы лад жыцьця:

«Па сутнасьці, мы цяпер назіраем у Горадні сыстэмны перасьлед журналістаў і імкненьне пазбавіць іх права на прафэсійную дзейнасьць — інакш гэта нельга зразумець і растлумачыць. Мы сутыкаемся ўжо ня проста з дыскрымінацыяй, якая працягваецца ў дачыненьні да журналістаў апошнія 15–20 гадоў, а і з парушэньнямі канстытуцыйнага права грамадзяніна РБ на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі».

На Гарадзеншчыне за два месяцы прагучалі два прысуды журналістам-фрылансэрам. На пачатку красавіка на 30 базавых велічынь (чатыры з паловай мільёны) быў аштрафаваны сябра ГА «БАЖ» Алесь Дзянісаў — «за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», то бок за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Дзянісава асудзілі за інтэрвію з рэжысэрам пра новы спэктакль.

Паводле таго самага артыкула за супрацу з тэлеканалам «Белсат» Карэліцкі раённы суд у траўні аштрафаваў на 30 базавых велічынь сябра БАЖ Алеся Залеўскага. Той падрыхтаваў матэрыял пра прыватны музэй у Міры, дзе жыхар мястэчка сабраў аўтэнтычных матэрыялаў болей, чым мае дзяржаўны музэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG