Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьпець адвярнуцца


Вось ужо гэтыя хлусьлівыя і прадажныя іншаземныя сайты... Там ніколі ня чулі пра беларускую талерантнасьць, і таму спакойна пішуць у загалоўках: «Беларусы забілі беларуса за каструлю супу», «Беларус забіў жонку, каб завалодаць кватэрай у Маскве», «За двайное забойства беларусы атрымалі на дваіх 43 гады зьняволеньня». Ну як так можна: каб беларус — і кагосьці забіў? Вось каб беларуса забілі — такое сапраўды здараецца, і даволі часта. А наадварот — нейкі нонсэнс. У беларусаў рукі не з таго канца растуць, каб імі забіваць. Рукамі ў нас толькі талеруюць — паліруюць і без таго бліскучы вобраз краіны-вечнай ахвяры. Дзе ўсе ўсім усё даруюць і гатовыя абняць любога, хто наблізіцца да дзяржаўных межаў бліжэй чым на сто кілямэтраў.

Зрэшты, ідэю нейкай унікальнай, генэтычнай беларускай талерантнасьці нават такімі бруднымі загалоўкамі і заплечнымі мэтадамі не аспрэчыш. Ну так, забілі — але ж за супчык. А не за колер скуры і не за сэксуальную арыентацыю. Выправілі чужую душу на той сьвет — але ж за кватэру ў Маскве, а не за няправільнае веравызнаньне і не за палітычныя погляды. Беларусу няма калі праліваць чужую кроў за такія абстракцыі. Ён чалавек гаспадарлівы і любіць канкрэтыку. Простыя рэчы, цьвёрдыя кошты.

Галоўнае, што беларусы, нават апынуўшыся ў замежжы, з большай ахвотай забіваюць сваіх, а не тубыльцаў. Падыход варты пашаны. Але пашаны мы ні ад кога не чакаем. Проста іншаземцы ня ў нашым гусьце: яны ўсе нейкія нямытыя, усьміхаюцца і па-расейску не разумеюць. Забіваць такіх — ніякага задавальненьня. І ў гэтым, як ні дзіўна, таксама адзнака нашай цудоўнай талерантнасьці.

Цікава было паглядзець на чалавека, які ўпершыню абвясьціў беларусаў талерантнай нацыяй. Відаць, гэта быў нейкі госьць нашай краіны. Які вярнуўся зь яе жывы і здаровы і так зьдзівіўся свайму шчасьцю, што захацеў сказаць пра нас нейкае харошае загранічнае слова. І знайшоў такое, якое ўсім тут прыйшлося да душы. Можа, яго і наступны раз адпусьцяць дамоў жывога і цэлага. Хто ведае.

Віталік, 20 гадоў, беларус, адукацыя сярэдняя, не жанаты: «Калі я чую слова „талерантнасьць“, я ні за што не хапаюся — я проста адчуваю сябе беларусам. Талерантнасьць у нашага народа ў крыві. І мне гэта падабаецца. Я такі талерантны, такі талерантны, што як пабачу неталерантнага чалавека, так і хочацца ўзяць і разьбіць яму пысу аб асфальт. А потым нагой яму паміж ног, і хрыбет зламаць. Хай памятае, паскуда, што такое беларуская талерантнасьць. Ненавіджу нецярпімасьць! Узяў бы такога і на месцы прыдушыў падлу! У мяне ажно пена з рота ідзе, калі такая мразь ідзе мне насустрач! Але такіх у нас рэдка сустрэнеш. Таму ўначы я іду на вуліцу і шукаю. Часам толькі пад раніцу вяртаюся дамоў. Такія мы людзі, беларусы».

Што й казаць, размоваў пра талерантнасьць апошнім часам у нас вядзецца багата, і збольшага ўсе зводзяцца да таго, што яна напраўду існуе, але ня варта яе перабольшваць. Шалёны народ з мульціка толькі і чакае, калі яму разьвяжуць рукі. Талерантнасьць — кайданкі на запясьцях здаровых народных інстынктаў. Таму іх лепш не здымаць. Бо і ў талерантнасьці ёсьць свой канец.

Вядома, што беларус перастае быць талерантным, калі займае нейкую пасаду і робіцца чыноўнікам. Выснова можа быць адна: сьвежае, насычанае азонам паветра чыноўніцкіх кабінэтаў і здаровы мікраклімат паседжаньняў і нарадаў забівае мікроба талерантнасьці і прышчапляе чалавеку на пасадзе трывалы імунітэт. Дый наогул цяжка быць талерантным, калі ты самы прыгожы, разумны, магутны, добры і сьціплы чалавек у раёне. Талеранцыя паўстае з роўнасьці, але сам бог ня роўна дзеле — дык куды ўжо да яго чалавеку...

Беларусам сапраўды не ўласьціва біць іншых за тое, што яны іншыя. Беларусам важней своечасова адвярнуцца, калі гэтае зьбіцьцё пачнецца. Адвярнуцца і зрабіць выгляд, што яны тут ні пры чым. Самы просты і лягічны сакрэт выжываньня.

Дарэчы, розныя сумнеўныя дасьледаваньні паказалі, што самыя талерантныя ў сьвеце — ісьляндцы ды швэды і іншыя скандынавы. А беларусы недзе ў сярэдзіне другой сотні. Побач зь ісьляндцам або швэдам беларус — гэта проста монстар, кароль нецярпімасьці. Напэўна, таму, што ў беларускай талерантнасьці заўжды ёсьць мяжа, пераступаць якую — забаронена. Што там, далей, невядома. Цемра. Закінутая станцыя нацыянальнай падземкі. Трымайцеся гэтага боку.

А на гэтым баку застаецца толькі падзякаваць беларускаму народу за яго талерантнасьць. Дзякуюць яўрэі і нацыянальныя мяншыні: за тое, што пагромаў сёлета не плянуецца і масавых дэпартацый таксама, а калі што, пра іх своечасова і загадзя абвесьцяць па тэлевізары. Дзякуюць афрыканцы — за тое, што тутэйшаму расізму пакуль што хапае словаў, кінутых у сьпіну. Дзякуюць геі і лесьбіянкі — за тое, што іх гідзяцца і лічаць пэдафіламі, а не зьдзіраюць зь іх жыўцом скуру. Дзякуюць апазыцыянэры — за тое, што іх пускаюць за мяжу, а маглі б і пачкамі да сьценкі за здраду радзіме. Дзякуюць беларускія пісьменьнікі — яны заўсёды і ўсім дзякуюць. Дзякуюць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі — за немагчымасьць іх палепшыць, а маглі ж і зусім скасаваць. Дзякуюць іншаплянэтнікі — за тое, што ім даверылі тут ахову правапарадку і прынялі за сваіх. Талерантнасьць — гэта тое, чым можна ганарыцца. Лепш кепская талерантнасьць, чым добрая вайна. Няважна, зь якім канцом.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG