Яго абвінавачваюць у хуліганскіх дзеяньнях, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы.
Бандарэнку ўручана паведамленьне аб заканчэньні папярэдняга расьсьледаваньня. Ён і яго абаронца могуць азнаёміцца з матэрыяламі справы, пасьля яе перададуць пракурору для накіраваньня ў суд.
Ўстаноўлены тры эпізоды хуліганскіх дзеяньняў, два зь іх зьвязаны з ужываньнем гвалту адносна жанчын. Яны кваліфікаваныя як злачынствы, прадугледжаныя ч.1, ч.2 і ч.3 арт. 339 КК (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства), перадае БелТА.
Абвінавачаны ўзяты пад варту.
Былы дырэктар «Плятформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка арыштаваны на пачатку красавіка. Сьледчы камітэт, які вядзе справу Бандарэнкі, выклаў у інтэрнэт запіс зь відэакамэры, на якім Андрэй Бандарэнка ўчыняе адносна дзьвюх жанчын дзеяньні, якія сьледзтва лічыць супрацьпраўнымі.
Андрэй Бандарэнка — былы палітвязень. Каля 2 гадоў ён адбыў у вязьніцы паводле прысуду, які пазьней быў адменены судом вышэйшай інстанцыі. Беларускія праваабаронцы прыйшлі да высновы, што тады Андрэя Бандарэнку перасьледавалі за палітычную дзейнасьць.