Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За слуханьне „варожых галасоў“ мяне нават са школы хацелі пагнаць — зь дзявятае клясы»


Гэтыя цытаты — зь лістоў, якія сабраныя ў дзьве новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды» і выходзяць у сьвет да 60-годзьдзя Беларускай рэдакцыі. 20 траўня 1954 у эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя «Радыё Вызваленьне». Гістарычныя перамены, якія адбыліся за апошнія 60 гадоў, не зьмянілі галоўную місію Свабоды — спрыяць бесперашкоднаму распаўсюду інфармацыі і ідэяў.

Нягледзячы на тое, што кароткахвалёвае радыё саступіла першынства тэлебачаньню, інтэрнэту, сацыяльным сеткам, шмат для каго яно заўсёды было больш чым радыё — станам душы. Сёньня мы прапануем вам выказваньні пра Свабоду, якія слухачы зь Беларусі і замежжа прысылалі ў рэдакцыю ўжо ў эпоху інтэрнэту — у 21-м стагодзьдзі.


Алена Фірко, Смаргонь

10.01.2005

Раніцай кожнага дня я ўключаю прыймач і чую знаёмыя пазыўныя. За тры гады майго слухацкага стажу гэтая мэлёдыя стала абавязковым і неад’емным атрыбутам жыцьця. Нават ня ведаю, з кім ці з чым параўнаць тую вялізную ролю, якую вы адыгралі ў маім жыцьці. Бадай што з роляй Францішка Скарыны ці Сымона Буднага ў гісторыі Бацькаўшчыны. Тыя прынесьлі продкам сьвятло беларускай кнігі, вы ж далі мне сьвятло праўды. Вялікі дзякуй за своечасовую і аб’ектыўную інфармацыю, за вернасьць нацыянальным ідэалам, за магчымасьць чуць лагодныя гукі роднае мовы, за адкрытую і прамую сувязь са слухачамі. Вы былі і ёсьць для мяне адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі, дадатковых ведаў аб беларускай гісторыі і нацыянальных традыцыях.
Уладзіслаў Хархардзін, Верхнядзьвінск

19.01.2005

Я — з тых, каго называюць «шасьцідзясятнікамі». Цяпер на пэнсіі. Памятаю ўсіх нашых былых «правадыроў» — ад Сталіна да Гарбачова. Многія славутыя кнігі ў той час мне давялося, перш чым прачытаць, пачуць на радыёхвалях — «Архіпэляг ГУЛАГ», «Бадалася цяля з дубам» ды іншыя рэчы Салжаніцына. І толькі ў канцы 1980-х гадоў гэтыя кнігі сталі друкаваць у тоўстых часопісах. Я іх зьбіраў, пераплятаў — і так у мяне зьявіліся гэтыя кнігі. Сваю бібліятэку зьбіраю зь дзяцінства. Яна налічвае цяпер каля дзьвюх тысяч тамоў. І гэта адзіны скарб, які я нажыў за сваё жыцьцё.

Вельмі люблю нашых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, а больш за ўсё Быкава, Барадуліна, Арлова. Але на асобным месцы для мяне — Уладзімер Караткевіч. Я ганаруся, што маю поўны збор ягоных твораў у 8 тамах. Да апошняга часу я карыстаўся расейскай мовай (па нацыянальнасьці я расеец, родам з Арла). А цяпер больш чытаю па-беларуску.

Свабоду слухаю з 1960 ці з 1961 году (дакладна ня памятаю). Спачатку — на расейскай мове. А на пачатку 1990-х пачаў слухаць Беларускую Свабоду. Спачатку ў мяне быў лямпавы прыймач «Рэкорд», потым — «Сьпідола», а цяпер — старэнькі «ВЭФ-202», у якім мае сябры дадаткова ўсталявалі дыяпазон 19 мэтраў.

Мікалай Сьцеклін, Менск

14.02.2005

Вас цяпер няма нідзе — ні на якіх хвалях, частотах і тэрыторыях. Вы так пачалі старацца, што загубілі радыё, ня вамі створанае. Калісьці Свабода прымалася цудоўна, а потым — усё горш і горш. Цяпер яе няма ўвогуле. Калі людзі перасьцерагалі, хваляваліся, што вас не чуваць, вы іх супакойвалі: то зіма на двары, то сонца замінае, то дрот на вуліцу яны ня выкінулі, то антэну не купілі... Я правёў апытаньне сярод знаёмых: вас ня чуюць нідзе, нават побач з чэскай мяжой.

Вашы былыя прыхільнікі гавораць цяпер пра вас з раздражненьнем, нянавісьцю і ня хочуць больш бессэнсоўных пошукаў у эфіры таго, чаго там няма. Віншую! Мая вам парада: адмоўцеся ад усяго вечаровага эфіру, пакіньце адну гадзіну раніцай. А на зэканомленыя грошы набудзьце нармальную частату і вярніце хаця б аднаго страчанага слухача.

Віктар Скараход, Менск

04.04.2005

У мяне цяпер вялікая радасьць. Пасьля доўгага маўчаньня Свабоды на хвалях маёй «Сьпідолы» вось ужо два дні я зь вялікім задавальненьнем зноў маю магчымасьць вас чуць. Вы і «Народная Воля» для мяне — як веснавое паветра, настоенае на пахах маіх родных бягомльскіх лясоў. Лёс нашай Сьвятой Пакутніцы Беларусі паяднаў мяне з вамі навечна. Я ўжо папрасіў сыноў: як буду адыходзіць, каб вы, Валянцін, былі ў ліку блізкіх мне людзей і праводзілі мяне ў апошнюю дарогу пад гукі «Разьвітаньня з Радзімай». Нічога ня зробіш: пані Старасьць актыўна мяне цісьне.

Ільля Копыл, Менск

25.04.2005

Зьвярнуў увагу на тое, што ўсё больш аўтараў лістоў на Свабоду баяцца падпісвацца сваімі сапраўднымі прозьвішчамі. Можа, і ня маю рацыі, але мне здаецца, што калі баісься падпісацца пад уласным лістом, то ці маеш маральнае права абвінавачваць апазыцыю, што яна слабая і неактыўная, што пасіўнае насельніцтва? Насельніцтва — гэта ж мы і ёсьць: рашучыя і баязьлівыя, мэтанакіраваныя і пасіўныя, пакорлівыя і незалежныя, сумленныя і махляры... Як жа нас, такіх розных, аб’яднаць, калі ў апазыцыі няма ні тэлебачаньня, ні радыё, ні газэт, ні памяшканьняў, калі супраць яе скіраваны ўсе сілавыя, карныя структуры? У мяне адказу на гэта няма. Дзяржаўныя мэдыі нас запэўніваюць, што мы жывем някепска і нават лепш, чым у суседніх краінах. І многія прымаюць на веру гэту хлусьню. Вы ж чулі, што ў Кіргізіі пэнсія ўсяго 9 даляраў. Няўжо мы адважымся на зьмену ўлады толькі тады, калі «дагонім» Кіргізію?

А што да псэўданімаў, то аднойчы сустрэўся мне мой даўні знаёмы, як і я, пэнсіянэр, маёр у адстаўцы. «Учора слухаў Свабоду, — кажа, — чуў твой ліст, і свой таксама». Я зьдзівіўся, бо яго прозьвішча ў перадачы не гучала. «Дык я лісты на Свабоду падпісваю псэўданімам», — адказаў ён на маё зьдзіўленьне. А які псэўданім — не сказаў мне, пабаяўся. Хоць працавалі мы ў адным калектыве і ён нават быў маім начальнікам.

Генадзь Агафонаў, Віцебск

13.07.2005

Нядаўна быў на сьвяце Божай Маці ў Будславе. І там напаткаў сапраўдных, рэальных слухачоў нашага з вамі агульнага радыё. Прытым з астатняга люду яны вылучаліся. Найперш роднай мовай, жвавай дапытлівасьцю і вольнымі поглядамі. Вось яно, кола сяброў, рассыпанае па ўсёй Беларусі. І менавіта вы, паважаныя супрацоўнікі Свабоды, яго аб’ядноўваеце і натхняеце. Вы па-ранейшаму адзіная інфармацыйная прагаліна на абшарах Беларусі, якую я называю краінай «доўгай белай хмары».

Іна Аўчарэнка, вёска Варкавічы, Слуцкі раён

18.07.2005

Мне спадабаўся новы сымбаль Радыё Свабода — палаючая паходня, якая асьвятляе шлях да свабоды і дэмакратыі. А рэклямныя каляндарыкі з новым раскладам вашых перадач я раздала сваім знаёмым, і спадзяюся, што яны таксама стануць слухачамі Свабоды. Летняя праца і клопаты забіраюць поўна часу, але я ўсё роўна памятаю пра Свабоду.

Рыгор Ермаловіч, Ваўкавыск

18.07.2005

Слухаю Свабоду амаль штодня на працягу многіх гадоў. Я ўжо немалады чалавек, мне 72 гады. Люблю свой край, сваю родную беларускую мову. Хочацца дажыць да тых дзён, калі наша краіна будзе вольнай і заможнай. Шчыры ўсім вам дзякуй за працу на карысьць беларускага народу, нашай роднай Бацькаўшчыны.

Ігар Земляны, Днепрапятроўск, Украіна

30.08.2005

Я ўкраінец, але дзякуючы Свабодзе палюбіў і вывучыў беларускую мову. Слухаю Свабоду ўжо даўно, але пішу вам першы раз. Вашы перадачы мне вельмі падабаюцца: слухаю іх штодня — і раніцай, і ўвечары. Лічу, што вам, беларусам, трэба, аб’яднаўшы сілы, паўстаць супраць прыгнёту. Успомніце нашу ўкраінскую аранжавую рэвалюцыю ў лістападзе-сьнежні мінулага году — і самі рабіце высновы.

Сяргей Хмялінка, Менск

30.08.2005

Упершыню пачуў вас у 1985-м годзе. Але тады я больш слухаў расейскамоўныя станцыі — Бі-Бі-Сі, «Свободу», «Голас Амэрыкі», «Нямецкую хвалю» ды іншыя. Мяне тады за гэта нават са школы хацелі пагнаць — зь дзявятае клясы.

Цяпер маю вельмі мала часу, каб рэгулярна слухаць вас: справы, справы, справы...

Хачу таксама даведацца, што гэта будзе за конкурс на Свабодзе ў блізкім часе. Чуў адным вухам, але не дачуў. Калі буду ведаць умовы, дык на нейкі час забяру караткахвалевы прыймач у бацькі. А ўвогуле, вялікі дзякуй за вашы перадачы. Аднаго разу я нават патэлефанаваў вам і потым чуў свой голас у вашым эфіры. Супэр! Свабода — амаль што легенда зь дзяцінства, і тут — бац (!!!) — я на ёй!

Андрэй Паско, Берасьце

14.09.2005

Беларуская Свабода вельмі патрэбна нашаму грамадзтву як крыніца альтэрнатыўнай інфармацыі. Бо калі ёсьць пазытыў, пра які дзяржаўныя мэдыі толькі і пішуць, то павінны гучаць і галасы крытыкі, пратэсту, асуджэньня. Гэтым і выпрабоўваецца пазытыў. На мой погляд, у гэтым і ёсьць вялікая гармонія Сусьвету. Працягвайце вашу працу. Пішу вам вельмі і вельмі рэдка, але слухаю па-ранейшаму амаль штодня.

Павал Чунько, Салігорск

19.09.2005

Свабода мне ў асноўным падабаецца. Адчуваецца, што вы імкняцеся падаваць розныя пункты гледжаньня. Было б вельмі добра, каб вы давалі слова розным высокапастаўленым чыноўнікам — міністрам, супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўнікам прадпрыемстваў. Бо ім нават на дзяржаўных тэлеканалах ня надта часта слова даюць. А паслухаць іх хацелася б. І да вас тады было б больш даверу.

Леанід Асьцярожны, Магілёў

07.11.2005

Беларуская Свабода для мяне стала промнем, вялікім пражэктарам у нашай інфармацыйнай цемры. Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё я рэдка ўключаю: паглядзеўшы ды паслухаўшы іх, хочацца памыцца, нібы цябе аблілі брудам. Такое ўражаньне, нібы іх не выхоўвалі, нібы яны не атрымлівалі адукацыю, а вырасьлі недзе ў жывёлагадоўчым памяшканьні. Многія нашы людзі ўсё разумеюць, але кажуць так: «Абы не было вайны!» Але ж, паважаныя суайчыньнікі, мы перажываем трагедыю яшчэ больш небясьпечную, чым вайна. Зьніжэньне маральнасьці і духоўнасьці, а зь імі — панаваньне п’янства, наркаманіі ды іншага... Падняць эканоміку можна за 5–10 гадоў. А каб падняць мараль і духоўнасьць, спатрэбіцца не адно пакаленьне. Гэтая навала разбурыла многія дзяржавы, у тым ліку і Савецкі Саюз.

Антось Тола, вёска Мікулічы, Баранавіцкі раён

05.12.2005

Вельмі ўдзячны вам за дасланыя кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды». Я ня толькі прачытаў іх сам, але і даў пачытаць сваім сябрам. А за гэта атрымаў у часовае карыстаньне прыймач «Акіян-245», які вельмі добра прымае Свабоду. У мяне ёсьць уласны прыймач маркі «Фёрст Аўстрыя», але зь ім нямала клопату, ня дужа высокай ён якасьці. Некаторыя перадачы Свабоды я раней запісваў з прыймача на дыктафон, які мне прывёз з Масквы і падараваў адзін сябра. Потым слухаў сам і даваў паслухаць іншым — асабліва падчас доўгага чаканьня аўталаўкі, калі зьбіраецца шмат знаёмых людзей.

Вакол майго хутару тры вёскі — Мікулічы, Парэчча і Саленікі. Пакупнікі з задавальненьнем слухалі расповед пра падарожжы Ягора Маёрчыка: усім цікава, як там жывуць у іншых беларускіх вёсках. Але калі я ўключыў «Званкі на Свабоду», да мяне наблізіўся мясцовы пэнсіянэр — мажнага стану дзядзька. Пачаў лаяцца, абзываць дысыдэнтам, махаць рукамі. Дыктафон упаў на асфальт і перастаў працаваць. Жанчыны, якіх была большасьць, заступіліся за мяне, пачалі ўшчуваць апантанага прыхільніка рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG