Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык што ж есьці нанач?


Нядаўна адна вядомая асоба выказалася: маўляў, чаго ты (беларус) жарэш мяса з бульбай нанач? Лепш зьеш ты яе зь селядцом ці рыбай. У гэтым жа выказваньні была спасылка на "разьдзельнае харчаваньне" і прагучала меркаваньне, што "ні ў якім выпадку замежнага нічога есьці нельга". Сёньня давайце спынімся на позьняй ядзе.

Вядомая забарона «ня есьці нічога пасьля 6-й вечара» практычна састарэла. Забарона была актуальнай у часы, калі працоўная зьмена заканчвалася ў 5 гадзін, а спаць клаліся ў 9:30. Рытм сярэднестатыстычнага сучаснага чалавека зусім іншы. Працуем дапазна (ці ўвогуле ніколі не спыняемся), спаць кладземся бліжэй да поўначы. Так што, калі вы павячэраеце а 18-й, а спаць кладзяцеся а 23-ай, то зусім ня дзіўна, што вас напаткае пачуцьцё голаду.

Найлепшы выбар замарыць голад перад сном - выпіць шклянку кефіру. Кефір утрымлівае бактэрыі выключна карысныя для кішэчнай флёры. Калі кефір выпіваць на пусты страўнік (нанач ці наадварот з раніцы), то верагоднасьць таго, што карысныя бактэрыі застануцца ў кішэчніку, узрастае.

Для тых, хто кладзецца спаць бліжэй да поўначы, вячэра а сёмай, а восьмай і нават а дзевятай вечара не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы. Натуральна пры гэтым важна сачыць за колькасьцю спажыванай энэргіі на працягу дня і яе разумным разьмеркаваньні. Дапусьцім, звычайна вы вячэраеце ў 19:00, але ў нейкі дзень вам прыйдзецца вячэраць, скажам, у 21:00. Будзе ня вельмі правільна "замарыць чарвячка" калярыйнымі прадуктамі, каб дажыць да дзевяці, а потым яшчэ і зьесьці сваю звычайную порцыю. Вячэра ў гэтым выпадку павінна быць больш лёгкай, чым звычайна. Але што значыць "лёгкая"?

"Лёгкім" прыём ежы можа быць у сэнсе калёрый і ў сэнсе пераварваньня. Што да пераварваньня вышэй згаданыя бульба і мяса - ня самая лёгкая, але і ня самая цяжкая ежа. Камбінацыя бульба-мяса ня моцна адрозьніваецца ад камбінацыі бульба-рыба. Усё залежыць ад спосабу прыгатаваньня. Прыгатаваная на пару катлетка з бульбяным пюрэ пераварыцца хутчэй, чым смажаная бульба з крывяным стэйкам. У сэнсе калёрый паміж мясам і рыбай таксама складана правесьці выразную лінію - усё залежыць ад гатунку і прыгатаваньня. А ці варта ўсё есьці паасобку? На маё перакананьне, згаданае разьдзельнае харчаваньне ня мае пад сабой абсалютна ніякай навуковай або фізіялягічнай асновы.

У мясе для чалавечага арганізма няма ніякіх незаменных элемэнтаў, якія нельга было б атрымаць зь іншых прадуктаў. Празьмернае спажываньне мяса і мясных вырабаў можа павышаць рызыку некаторых захворваньняў, уключаючы рак кішэчніка. Аднак, калі есьці мяса зь мерай, то цалкам ня мае значэньня, у які час сутак гэта рабіць.

У многіх разьвітых краінах асноўны прыём ежы прыпадае на вечар, а не на абед, як мы прывыклі зь дзяцінства. Адна з асноўных прычын таму - працоўны рытм, у які складана ўпісаць час для доўгіх сяджэньняў за сталом. Іншая прычына - сацыяльная. Вячэра - гэта важны момант зносін у коле сям'і. З дыеталягічнага пункту гледжаньня ў гэтым няма нічога страшнага.

Вернемся да пытаньня, так што ж есьці, калі вячэра прыпадае на вельмі позьні час (непасрэдна перад сном) і чалавек думае, што ад голаду не засьне. Прапаную 7 варыянтаў хуткай, лёгкай, здаровай вячэры. Гэтыя стравы утрымліваюць разумную колькасьць бялку, насычаюць, не наносяць шкоды здароўю, зьяўляюцца малакалярыйнымі і не патрабуюць вялікіх выдаткаў часу:

1. (Вялікая) порцыя сьвежай салаты з гародніны на ваш густ зь невялікай порцыяй (загадзя прыгатаванага) курынага філе (тыя, хто мае магчымасьць дазволіць сабе больш дарагія нетрадыцыйныя прадукты ды не баіцца «замежнага», можа замяніць курыцу на авакада, крэветкі).

2. Порцыя супу з гародніны (суп заўсёды можна прыгатаваць загадзя).

3. Амлет з 2-3 яек з гароднінай і грыбамі.

4. Абястлушчаны тварог з садавіной і невялікай жменькай арэхаў;

5. Абястлушчаны тварог з алівамі і сьвежай гароднінай, намазаны на 1-2 кавалачкі жытняга або суцэльнага хлеба.

6. Катлеткі з гародніны. Вазьміце любую гародніну на ваш густ (моркву, кабачок, гарбуз), патрыце на тарцы, зьмяшайце з сырым яйкам і лыжкай мукі, пасаліце і пасмажце на працягу некалькіх хвілін з абодвух бакоў.

7. Невялікая порцыя аўсянкі або пярлоўкі (для эканоміі часу можна выкарыстоўваць шматкі хуткага прыгатаваньня) са сьвежай гароднінай і гарбузовымі семкамі;

Важна: як бы вы ні наеліся нанач, сьняданак прапускаць ні ў якім разе нельга! Навукова даказана, што людзі, якія рэгулярна прапускаюць сьняданак, больш схільныя да рызыкі хранічных захворваньняў і залішняй вагі.

Яшчэ адзін рэцэпт для натхненьня: Суп-пюрэ з чырвонай сачавіцы

На 4 порцыі:

• 150 г. чырвонай сачавіцы

• 1,2 л. вады

• 1 ст.л. алею

• 1 цыбуля

• 2-3 зубчыкі часнаку

• 1 морква

• 1 сьцябліна салеры

• 1 ч.л. молатай чырвонай папрыкі

• 2 ст.л. канцэнтраванай таматнай пасты

• 1 ч.л. солі

• Па жаданьні некалькі шампіньёнаў

Сачавіцу прамыйце і варыце. Парэзаныя цыбулю, часнок, моркву і салеру абсмажце, дадайце тамат-пасту, пералажыце ўсё ў каструлю з сачавіцай, пасаліце і варыце на малым агні мінут 25. Суп ператварыце ў пюрэ з дапамогай блэндэра. Па жаданьні ў талеркі можна дадаць некалькі лёгка падсмажаных шампіньёнаў. Такі суп-пюрэ таксама можна замарожваць у запас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG