Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная геаграфія коласаўскага ліцэю: ад Нарвэгіі да Сынгапуру


Палітычная геаграфія коласаўскага ліцэю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Палітычная геаграфія коласаўскага ліцэю

20 гадоў таму ў Беларусі быў заснаваны нацыянальны камітэт Каледжаў аб’яднанага сьвету (United World Colleges).

Арганізацыйны сход адбыўся з ініцыятывы дырэктара Скарынаўскага цэнтру Адама Мальдзіса, а старшынём абралі дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа, які каардынуе працэс да сёньня. Навучаньне ў каледжах — ня толькі спосаб атрымаць веды, але і магчымасьць пакантактаваць з прадстаўнікамі дзясяткаў этнасаў: пад адным дахам зьбіраюцца людзі з сотні краінаў. Сёлета беларускія навучэнцы выправяцца ў Армэнію, Галяндыю, Італію і Сынгапур.

Каледжы аб’яднанага сьвету — міжнародны адукацыйны рух, першая вучэльня якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Стыпэндыі для беларусаў зьявіліся ў 1994 годзе і, як згадвае намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Лявон Баршчэўскі, спачатку прызначаліся праз пасярэдніцтва Польшчы, дзе ініцыятыву ачольваў навуковец, прафэсар Павал Чартарыйскі:
Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
«Узьнікненьне беларускага камітэту міжнародных каледжаў зьвязана з ініцыятывай сьветлай памяці Паўла Чартарыйскага. Ён узначальваў такі камітэт у Польшчы і, будучы ў Менску на Зьезьдзе беларусаў сьвету, выступіў з падобнай ініцыятывай у адносінах да Беларусі. Тады, памятаю, да мяне зьвярнуўся Адам Мальдзіс: маўляў, ёсьць магчымасьць утварыць адпаведны камітэт у Беларусі, але каго можна было б паставіць на чале? Я прапанаваў спадара Коласа, яны сустрэліся, наладзілі кантакты, і наш камітэт запрацаваў ужо ад 1994 году. Так што цяпер якраз юбілейны год, 20 гадоў існаваньня. Вядома, можна падвесьці пэўныя вынікі. Найперш, нашы выпускнікі, якія вучыліся ў такіх каледжах, сталі прыкметнымі асобамі ў самых розных сфэрах. Па-другое, дзякуючы менавіта тым, хто паводзіў сябе актыўна, хто паказваў, расказваў, дэманстраваў, рабіў прэзэнтацыі, знаёміў зь беларускай кухняй, ды ўсё што заўгодна, у сьвеце сталі ўсё ж лепш ведаць пра Беларусь. Магутныя імпульсы пасылалі ў гэтым кірунку».

За прамінулы час стыпэндыі атрымалі больш за паўсотні маладых беларусаў. Паколькі абсалютную перавагу пры паступленьні маюць падлеткі, якія, апроч выдатных агульных ведаў, добра валодаюць беларускай мовай, ведаюць гісторыю і культуру Беларусі, як кажа клясны кіраўнік ліцэйскай групы, выкладчык польскай мовы Ягор Сурскі, ня дзіва, што значную частку стыпэндыятаў складаюць выпускнікі менавіта беларускамоўнай вучэльні:
Ягор Сурскі
Ягор Сурскі
«Польшча мела магчымасьць атрымліваць міжнародны досьвед нашмат раней, далучаючыся да міжнародных кантактаў нават у камуністычныя часы. Польскаму грамадзянскаму руху шмат дапамагалі, у сувязі з чым прафэсар Чартарыйскі палічыў, што такую ж магчымасьць павінны мець беларусы. І першыя стыпэндыі здабываліся такім чынам: месца, выдзеленае польскім навучэнцам, пераадрасоўвалася Беларусі. Фактычна, ахвяруючы магчымасьцю паслаць як мага больш палякаў, перанакіроўвалася суседзям. Так Беларусь атрымала першых студэнтаў. На сёньняшні дзень іх ужо больш за 50 чалавек: гэта і Ганконг, і Сынгапур, і Індыя, калі казаць пра экзатычныя пункты. Але больш традыцыйныя для нас — Італія, куды найбольш трапіла нашых выпускнікоў, а таксама Нарвэгія, Босьнія, дзе мы мелі прыкметнае прадстаўніцтва, Вялікая Брытанія. Зараз дадаецца Армэнія, куды сёлета паедуць два нашы навучэнцы. Дарэчы, значная колькасьць падлеткаў, якія прайшлі агульнанацыянальны конкурс, гэты выпускнікі і навучэнцы ліцэю».

Між тым сёлета выдатныя веды падчас агульнанацыянальнага конкурсу прадэманстравалі і вучні сярэдніх школаў. Так, у Італію паедзе навучэнка з Баранавічаў, у Нідэрлянды — выпускніца ліцэю Белдзяржунівэрсытэту. Коласаўцам дасталіся два месцы ў Армэніі, а таксама экзатычны Сынгапур, куды выправіцца Міхась Лысюк. Пытаюся ў яго пра чаканьні ад няблізкай вандроўкі:
Міхась Лысюк
Міхась Лысюк
«Па-першае, для мяне галоўнае, што там будуць людзі літаральна з усяго сьвету. Зь імі можна будзе пазнаёміцца, наладзіць пэўныя стасункі, якія, магчыма, дапамогуць у далейшым жыцьці. Да таго ж заўсёды, калі чалавек жыве ў іншай краіне, ён мае адрозны ад цябе жыцьцёвы досьвед. І дзяліцца такім вось жыцьцёвым вопытам, мне здаецца, вельмі цікава і карысна».

Карэспандэнт: «Ці няма страху перад такой аддаленасьцю ад радзімы?»

«Ну, пакуль жа яшчэ не ад’ехаў (сьмяецца), але так, калі нават уяўляю, што трэба будзе 20 гадзін ляцець толькі самалётам, то неяк не па сабе робіцца. І калі Мікіта з Ганнай у Армэнію паляцяць удвох, дык я выпраўляюся адзін. Але цешыць, што я — першы беларус, які будзе там вучыцца. Думаю, што будзе цікава, а гэта самае галоўнае».

Яшчэ адзін выпускнік коласаўскага ліцэю, Мікіта Жылінскі, два бліжэйшыя гады будзе вучыцца ў каледжы ў армянскім Дыліжане і таксама разьлічвае атрымаць карысны жыцьцёвы досьвед:
Мікіта Жылінскі
Мікіта Жылінскі
«Наколькі я ведаю, гэта абсалютна новы каледж, які толькі сёлета пачынае працаваць. Таму трэба будзе ўжо на месцы вызначацца з напрамкамі дзейнасьці, распачынаць новыя праекты, магчыма, нават нейкія традыцыі закласьці, якія там потым будуць працягвацца. Гэта ўсё моцна прыцягвае. А яшчэ, як ужо казаў Міхась, прыцягвае магчымасьць завесьці знаёмствы зь іншымі людзьмі, зь іншымі культурамі. Бо я асабіста зацікаўлены ў гісторыі разьвіцьця розных культур нашага сьвету. І гэта выдатны шанец убачыць стракаты сьвет увачавідкі. А што будзе цікава, то на гэта паказвае сам каледж, яго гісторыя, яго імідж. Таму разьлічваю на прынцыпова новы этап у маім жыцьці».

___________________________________________________

United World Colleges — гэта сетка з паўтара дзясятка ўстаноў па ўсім сьвеце. Двухгадовае навучаньне вядзецца па-ангельску на перадунівэрсытэцкім узроўні, у кожным каледжы займаецца ў сярэднім 200 студэнтаў зь дзясяткаў дзяржаваў. Адукацыйная ідэалёгія спрыяла таму, што рух сабраў вакол сябе ўсясьветна вядомых асобаў — такіх, як Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, прынц Чарльз, Тур Хеердал, каралева Ярданіі Нур ды іншыя. Большасьць стыпэндыяў фундуецца, што дае магчымасьць не зважаць на фінансавае становішча ці паходжаньне яе атрымальніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG