Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выкрылі дзесяць мітаў расейскай прапаганды


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў дзесяць новых цьверджаньняў Расеі пра Ўкраіну, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці.

«Расея працягвае распаўсюджваць фальшывае і небясьпечнае апісаньне падзей для апраўданьня сваіх незаконных дзеяньняў ва Ўкраіне», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Эпіграфам да дакумэнта стала заява прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ад 26 сакавіка: «Ніякая колькасьць прапаганды ня зробіць правільным тое, што ўвесь сьвет лічыць няправільным».

5 сакавіка Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ужо публікаваў на сваім сайце тэкст: «Выдумкі прэзыдэнта Пуціна: 10 ілжывых заяваў пра Украіну». Сёньня ЗША выкрываюць дзесяць новых мітаў расейскай прапаганды.

1. Расея заяўляе: Расейскія агенты ня дзейнічаюць ва Ўкраіне


Факт: Цягам апошніх тыдняў украінскі ўрад арыштаваў больш за дзясятак падазраваных расейскіх агентаў спэцслужбаў, многія зь якіх былі ўзброеныя пад час арышту. У першы тыдзень красавіка 2014 году ўрад Украіны меў інфармацыю, што афіцэры ГРУ Расеі давалі рэкамэндацыі і інструкцыі асобам у Харкаве і Данецку аб тым, як праводзіць пратэсты, захопліваць і ўтрымліваць ўрадавыя будынкі, захопліваць зброю з арсэналаў урадавых будынкаў і рэарганізоўвацца для наступных актаў гвалту.

12 красавіка узброеныя прарасейскія актывісты падчас каардынаванай і прафэсійна праведзенай апэрацыі захапілі ўрадавыя будынкі ў шасьці гарадах на ўсходзе Украіны. На многіх актывістах былі куленепрабівальныя камізэлькі, камуфляваная форма без апазнавальных знакаў. Яны былі ўзброеныя зброяй расейскай вытворчасьці.

Гэтыя ўзброеныя падразьдзяленьні, дзе ў некаторых байцоў былі георгіеўскія стужачкі, што асацыююцца з расейскім Днём перамогі, уздымалі расейскія і сэпаратысцкія сьцягі над захопленымі будынкамі, а таксама заклікалі да рэфэрэндуму па далучэньні да Расеі. Гэтыя апэрацыі практычна ідэнтычныя тым, якія выкарыстоўваліся на ўкраінскіх аб’ектах падчас незаконнага расейскага ваеннага ўварваньня ў Крым у канцы лютага і яго наступнай акупацыі.

2. Расея заяўляе: Прарасейскія дэманстранты складаюцца выключна з грамадзян Украіны, якія дзейнічаюць па ўласнай волі, як рух Майдану ў Кіеве


Факт: Гэта не шырокія масы ўкраінскага грамадзянскага актывізму Эўрамайдану, якія вырасьлі са жменькі пратэстуючых студэнтаў у сотні тысяч украінцаў з усіх куткоў краіны і рознага ўзроўню жыцьця. Расейскія інтэрнэт-сайты адкрыта набіраюць добраахвотнікаў для адпраўкі з Расеі ва Ўкраіну для гвалтоўных акцый. Ёсьць доказы таго, што многія з так званых «пратэстоўцаў» атрымліваюць плату за ўдзел у акцыях гвалту і парушэньня грамадзкага спакою.

Відавочна, што гэтыя інцыдэнты не спантанныя падзеі, а частка добра кіраванай расейскай кампаніі падбухторваньня, сэпаратызму і сабатажу ўкраінскай дзяржавы. Украінскія ўлады працягваюць арыштоўваць добра трэніраваных і выдатна экіпіяваных расейскіх правакатараў, якія дзейнічаюць па ўсім рэгіёне.


3. Расея заяўляе: Лідэры сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне карыстаюцца вялікай падтрымкай


Факт: У іх няма шырокай падтрымкі ў рэгіёне. Большасьць жыхароў Данецка (65,7 %) хочуць жыць у аб’яднанай Украіне і адмаўляюцца ад аб’яднаньня з Расеяй, у адпаведнасьці з апытаньнямі грамадзкай думкі, праведзенымі ў канцы сакавіка Данецкім інстытутам сацыяльных дасьледаваньняў і палітычнага аналізу.

Прарасейскія дэманстрацыі ва ўсходняй частцы Ўкраіны стрыманыя па памеры. Асабліва, калі параўноўваць з пратэстамі прыхільнікаў Майдану ў тых жа гарадах у сьнежні. І яны зьбіраюць усё менш людзей.


4. Расея заяўляе: Сытуацыя ва ўсходняй Украіне рызыкуе перарасьці ў грамадзянскую вайну


Факт: Тое, што адбываецца ва ўсходняй Украіне, не адбывалася б без расейскай дэзінфармацыі і правакатараў, якія насаджаюць беспарадкі. Гэтага не было б, калі вялікая расейская ваенная групоўка не нарошчвалася ля мяжы, дэстабілізуючы сытуацыю сваёй відавочна пагрозьлівай прысутнасьцю. Проста не было буйнамаштабных пратэстаў у рэгіёне.

Невялікая група сэпаратыстаў захапіла некалькі ўрадавых будынкаў ва ўсходніх гарадах — Данецку, Луганску і Славянску. Але яны так і не атрымалі шырокай падтрымкі насельніцтва.

Украінскія ўлады паказалі стрыманасьць у вырашэньні сытуацыі. І рэагавалі толькі на правакацыі ўзброеных актывістаў і ў тых выпадках, калі пад пагрозай была грамадзкая бясьпека. Назіральнікі АБСЭ адзначаюць, што гэтыя інцыдэнты вельмі абмежаваныя.


5. Расея заяўляе: Украінцы ў Данецку адцураліся ад незаконных уладаў Кіева і абвясьцілі незалежную «Данецкую народную рэспубліку»


Факт: Шырокі і рэпрэзэнтатыўны шэраг прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і няўрадавых арганізацый Данецка катэгарычна адмовіўся ад аб’яўленьня «Данецкай народнай рэспублікі» невялікай колькасьцю сэпаратыстаў, якія занялі будынак рэгіянальнай адміністрацыі.

Гэтыя ж арганізацыі пацьвердзілі сваю падтрымку часоваму ўраду, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.


6. Расея заяўляе: Расея загадала «частковы адвод» войскаў ад украінскіх межаў


Факт: Няма пацьверджаньняў нейкага сур’ёзнага руху расейскіх войскаў ад украінскай мяжы. Аднаго батальёна недастаткова. Каля 35-40 тысяч расейскіх вайскоўцаў застаюцца ля мяжы і 25 тысяч знаходзяцца ў Крыме.

7. Расея заяўляе: Этнічныя расейцы ва Ўкраіне знаходзяцца пад пагрозай


Факт: Няма дакладных паведамленьняў пра тое, што этнічным расейцам ва Ўкраіне нешта пагражае. Апытаньне грамадзкай думкі International Republic Institute ад 5 красавіка паказала, што 74% расейскамоўнага насельніцтва ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны заявілі, што «не знаходзяцца пад ціскам або пагрозай з-за мовы, на якой гавораць».

Тым часам, у Крыме АБСЭ тэрмінова ўздымае пытаньне ў сувязі з бясьпекай меншасьці — асабліва этнічных украінцаў, крымскіх татараў і іншых. На жаль, этнічныя расейцы, каму пагражае найбольшая небясьпека — гэта тыя, хто жыве ў Расеі і хто выступае супраць аўтарытарнага пуцінскага рэжыму. Гэтыя расейцы ўвесь час знаходзяцца пад ударам і сутыкаюцца з турэмным зьняволеньнем за тое, што выказваюцца супраць пастаяннага злоўжываньня Пуціным уладай.


8. Расея заяўляе: Новым урадам Украіны кіруюць радыкальныя нацыяналісты і фашысты


Факт: Украінскі парлямэнт не зьмяніўся ў лютым. Гэта тая ж самая Рада, што была абраная ўсімі ўкраінцамі. Яна ўключае ўсе партыі, якія існавалі да лютаўскіх падзей, у тым ліку і партыю былога прэзыдэнта Януковіча — Парыю рэгіёнаў. Новы ўрад, ухвалены пераважнай большасьцю ў парлямэнце, у тым ліку і многімі сябрамі былой партыі Януковіча, мае намер абараняць правы ўсіх украінцаў, у тым ліку і ў Крыме.


9. Расея заяўляе: Этнічныя меншасьці сутыкаюцца з ганеньнямі ва Ўкраіне ад «фашысцкага» ураду Кіева


Факт: Лідэры ўкраінскіх габрэйскіх, гэтак жа як і нямецкіх, чэскіх, баўгарскіх супольнасьцяў, публічна заявілі, што адчуваюць сябе ў бясьпецы пры новым кіеўскім ўрадзе. Больш за тое, многія групы нацыянальных меншасьцяў заявілі, што баяцца перасьледу ў акупаваным Расеяй Крыме. Гэтыя засьцярогі пацьвярджаюць назіральнікі АБСЭ.


10. Расея заяўляе: Расея не выкарыстоўвае энэргетыку і эканоміку ў якасьці зброі супраць Украіны


Факт: Пасьля незаконнай расейскай анэксіі і акупацыі Крыму Расея падняла цану на газ для Ўкраіны на 80 адсоткаў. У дадатак да гэтага, Расея патрабуе 11 млрд. даляраў у якасьці запазычанасьцяў пасьля ануляваньня Харкаўскіх дамоўленасьцей ад 2010 году.

Дзеяньні Расеі пагражаюць сур’ёзна прымножыць пакуты грамадзян Украіны і прадпрымальнікаў у эканамічным пляне. Акрамя гэтага, Расея працягвае абмяжоўваць украінскі экспарт у Расею, што складае значную частку экспартнай эканомікі Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG