Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1955


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1955 год у гісторыі Радыё Вызваленьня адзначыўся некалькімі важнымі падзеямі. Радыё ўпэўнена заявіла пра сябе як пра эфэктыўны сродак інфармацыі й пра дзейсную зброю ў руках эмігрантаў з Савецкага Саюзу і пра кантраляваную імі тэрыторыю. У гэтым годзе Савецкі Саюз зьвярнуў на радыё самую пільную ўвагу і зрабіў энэргічныя захады контрапрапаганды.

Увесну 1955-га ў Бэрліне савецкія спэцорганы заснавалі адмысловы «Камітэт за вяртаньне на Радзіму», які вёў сярод эмігрантаў агітацыйна-вэрбовачную дзейнасьць і выдаваў газэты для эмігрантаў з розных падсавецкіх народаў, у тым ліку і па-беларуску. Дарэчы, ад назвы газэты «За вяртаньне на Радзіму» (пазьней «Голас Радзімы») паходзіць ужываны ў эміграцыі тэрмін «завяртанцы», якім адзначаліся згаданыя агітатары і тыя, хто купляўся на іхную агітацыю.

Савецкія агенты ладзілі правакацыі супраць супрацоўнікаў радыё, не спыняючыся перад забойствамі. Зьявіліся першыя выкрывальніцкія артыкулы ў савецкім друку, што як найменей сьведчыла пра адно: праграмы Радыё Вызваленьня дасягаюць сваёй аўдыторыі, і савецкія ўлады не на жарт гэтым занепакоеныя.

Сёньня мы пачынаем знаёміць вас з успамінамі былых супрацоўнікаў Радыё Вызваленьне/Радыё Свабода. Адзін з вэтэранаў беларускага вольнага эфіру — Галіна Руднік, жыве ў Мюнхене. Яна адпрацавала на Радыё 41 год — ад самага першага году да пераезду радыё ў Прагу. Галіна Руднік прыгадвае:

Галіна Руднік у студыі Радыё Свабода, сакавік 2010
Галіна Руднік у студыі Радыё Свабода, сакавік 2010
«Гэта было дзесьці ў 1953 годзе. Ініцыятарам гэтага ўсяго быў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Амэрыканцы тады вырашылі, што трэба нешта рабіць, і паўстала ідэя зарганізаваць радыё. Ну, у расейцаў вялікіх праблемаў не было, таму што была вялікая эміграцыя, ва ўкраінцаў таксама, а беларусам было цяжэй.

Ясна, ідэя была кадры набраць больш у Эўропе, каб таньней было. А беларусам было вельмі цяжка, бо вельмі мала засталося — тых, што пішуць, камэнтатараў яшчэ знайшлі. А такія вось дапамаговыя сілы — друкаваць на машынцы ці чытаць — абсалютна не было, нікога не было. Ну й тады спадар Абрамчык кажа: «Слухай, ты б не паехала ў Эўропу?» О, я загарэлася, бо будучы студэнткай, па абмену езьдзіла ў Парыж, Сарбону, паглядзела на Эўропу пасьля вайны, вельмі мне гэта спадабалася, бо мы ж тады нічога ня бачылі. Калі мы раней жылі ў Эўропе, абсалютна нічога ня бачылі, нідзе не былі.

Я так захапілася, кажу: «Цёця!» А цёця паслухала, кажа: «А, добра, добра...» І тады спадар Абрамчык кажа: «Ну калі ж ты зможаш?» Адказваю: «Вось у мяне град’юэйшн, я канчаю ўнівэрсытэт у чэрвені...» — «О, ужо трэба адчыняць, ня ведаю, ня ведаю». Адным словам, ён гэтак націскаў, казаў мне: «Слухай, ты паедзеш, мы адчынім рэдакцыю, а пасьля ты вернесься скончыш!» Але цёця ў мяне была вельмі строгая, сказала: «Дыплём на стол, тады можна ехаць».

***
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк
Год 1955

Палітыка
• Зьмена прэм’ераў: Мікалай Булганін зьмяняе Малянкова на пасадзе кіраўніка савецкага ўраду.
• Прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі пасьля адстаўкі Ўінстана Чэрчыла становіцца Энтані Ідэн.
• Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына становіцца сувэрэннай дзяржавай.
• Савецкі Саюз і сем усходнеэўрапейскіх краінаў падпісваюць Варшаўскае пагадненьне і ствараюць ваенны блёк.
• У Аргентыне адхілены ад улады дыктар Хуан Пэрон.

Літаратура
• Нобэлеўская прэмія прысуджаная ісьляндзкаму пісьменьніку Гальдэру Лякснэсу.
• Выходзіць у сьвет раман Уладзімера Набокава «Лаліта».

Навука
• Вынаходзтва валакнянай оптыкі і адкрыцьцё антыпратону.

Папулярная музыка
• Ва ўсім сьвеце найбольш слухаюць песьні «Only You» гурту «The Platters» і «Rock Around The Clock» Біла Гэйлі і «Камэтаў».

***
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:30 0:00
Наўпроставы лінк
1955 год у Беларусі

• У Маскве праходзіць дэкада беларускага мастацтва і літаратуры.
• Закончанае будаўніцтва Заслаўскага вадасховішча.
• У Менску адчыненая дзіцячая чыгунка імя Канстанціна Заслонава.
• Зацьверджаны тэкст і музыка гімну БССР «Мы беларусы з братняю Русьсю».
• Пачалі выпускаць прадукцыю Менскі камвольны камбінат і Менскі гадзіньнікавы завод.
• У Акадэміі навук заснаваны Інстытут фізыкі.

***

На дэкаду беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскву беларускія творцы павезьлі ўзоры сваіх мастацкіх дасягненьняў. Напрыклад, гэткі:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00
Наўпроставы лінк


Важнай культурнай падзеяй году ў Беларусі сталася адзначэньне сотай гадавіны з дня сьмерці Адама Міцкевіча. На ўрачыстасьцях у Наваградку галоўным прамоўцам быў Якуб Колас:
Наўпроставы лінк


На жаль, сьпіс гітоў беларускай папулярнай музыкі сярэдзіны 50-х скласьці надзвычай цяжка. Таму прапануем паслухаць узор вельмі характэрнай для таго часу беларускай музычнай прадукцыі — «Любы зоры залацістыя».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00
Наўпроставы лінк


* * *

Вяртаемся зноў да ўспамінаў Галіны Руднік. Ці прыдалася ёй падчас прыёму на працу ейная адукацыі і ўмельствы?
Галіна Руднік і яе цётка Барбара Вежбаловіч прылятаюць у Мюнхэн, 1954
Галіна Руднік і яе цётка Барбара Вежбаловіч прылятаюць у Мюнхэн, 1954
«Я вывучала раманскую філялёгію. Я вельмі люблю мовы — францускую, гішпанскую мовы вывучала. Цяпер гэта называецца Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт, а тады гэта быў каледж. Гэта была вельмі добрая ўстанова, вельмі добра там выкладалі. Тады былі некаторыя нават сьмешныя рэчы. Я там, у Мюнхене, кіравала хорам, іграла на акардэоне. Калі Абрамчык сказаў амэрыканцам, што ён мае кандыдатку на працу ў Радыё, у яго спыталі, што яна ўмее рабіць. Ен адказаў. «Усё».

Ну, і яны захацелі паглядзець, што гэта за цуд такі, што ўсё ўмее. Запрасілі мяне і кажуць — пачытайце па-расейску. Я па-расейску ўмела, бо тры гады вучылася ў расейскай школе. Потым па-беларуску — добра, а можа яшчэ па-ўкраінску? У мяне было шмат сяброў-украінцаў у лягерох перамешчаных асобаў, і я таксама ведала ўкраінскую. Потым запыталі: а машынку ведаеце ангельскую? О, ангельскую — калі ласка, Я на ўсякі выпадак дадала, што яшчэ стэнаграфію вывучала.

Запыталі ў канцы, ці магу друкаваць па-беларуску. Тут ужо я сказала: „Ой, мушу бегчы!“, бо беларускую машынку я нават у вочы ня бачыла, дзе нам было бачыць беларускую машынку ці расейскую. Кажуць — ну, нічога, наступны раз прыйдзеце.

Думаю, Божа ж мой, а ім-та якраз гэта і патрэбна! І вось тая Галіна, якая ўсё умее, самага галоўнага ня ўмее. Я ж не магла сказаць, што спадар Абрамчык памыліўся. Што рабіць? Я ўзяла машынку напракат, але я толькі што навучылася друкаваць па-ангельску, і пераходзіць на славянскую мову было проста немагчыма, блыталася жахліва. А тыя ўсё націскаюць, бо яны мусяць паперы паслаць на мяне ў Мюнхен, пытаюцца, ці не магу я прыйсьці на тэст. А я адказваю, што маю іспыты. Урэшце, я мусіла ісьці, але друкаваць яшчэ ня ўмела, не выходзіла.

І што я зрабіла — узяла заматала бінтом руку, прыйшла ў Камітэт. Там зьдзівіліся — што гэта з Вамі? Я кажу, што адчыняла кансэрвную банку, парэзалася. Яны кажуць — нічога, мы напішам, што ўмееце. Прыехала сюды, узялі машынку, і праз два тыдні я ўжо хутчэй за ўсіх друкавала», — гаварыла Галіна Руднік, вэтэран нашага радыё, якая цяпер жыве ў Мюнхене.

Працяг успамінаў — пра тое, якая была праца на Радыё ў сярэдзіне 1950-х гадоў, вы пачуеце ў нашай наступнай праграме.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:15 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG