Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму ў Беларусі жывецца добра


Кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарсавету ў абавязковым парадку падаюць у выбарчыя камісіі фінансавыя дэклярацыі. Выявілася, што даходы рознага кшталту намэнклятурных кіраўнікоў у дзесяткі разоў перавышаюць заробкі урачоў, настаўнікаў, працаўнікоў культуры.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у Беларусі ў студзені гэтага года складаў каля 540 даляраў. Пераважная большасьць настаўнікаў, медыкаў, калгасьнікаў наракае на тое, што іхныя заробкі нават не набліжаюцца да гэтай лічбы. Але зьвесткі пра даходы некаторых намэнклятурных кіраўнікоў, якія сталі вядомы дзякуючы зьяўленьню ў адкрытым доступе іхных фінансавых дэклярацый, паказваюць, якім чынам дасягаецца агульная параўнальна высокая сярэдняя лічба.

Вось некалькі канкрэтных прыкладаў. Аляксандар Рубінаў — дырэктар гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Менскi холадакамбiнат № 2». Агульная сума даходу за 2013 год — 549 212 371 рубель. На месяц гэта 45,7 мільёна. Сярэдні за 2013 год афіцыйны кошт аднаго даляра складаў 8891 рубель. Такім чынам, дырэктар холадакамбінату зарабляў за месяц 5 тысяч даляраў з гакам.

Альбо Валеры Даніловіч — генэральны дырэктар адкрытага акцыянэрнага таварыства «Белсантэхмантаж-2». 417 028 533 рублі, або каля 4 тысяч даляраў на месяц.

Шэраговыя беларускія будаўнікі, як вядома, масава едуць у іншыя краіны, дзе можна зарабіць болей. А вось будаўнічыя начальнікі нікуды ня едуць. Чаму? Аказваецца, і ў сваёй краіне можна атрымаць зусім неблагія грошы. Пра гэта сьведчыць прыклад Міхаіла Макаранкі, начальніка філіялу «Спэцыялізаванае ўпраўленьне № 68» з будаўнічага трэсту № 4. Агульная сума ягонага прыбытку за 2013 год — 1 203 338 924 рублёў, больш за 10 тысяч даляраў на месяц.

Высьвятляецца, што зусім няблага быць і спартовым чыноўнікам. Сяргей Казлоў — генэральны дырэктар спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі» — падаў дэклярацыю на 634 739 544 рублі, альбо каля 6 тысяч даляраў на месяц.

Безумоўна, начальнік павінен атрымліваць болей за падначаленага. Але не настолькі, — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Лукашэнка сам казаў, што заробак начальніка не павінен быць у 3–4 разы большым за заробак падначаленага. Таму калі мы бачым, што начальнік зарабляе ў 6–7 і болей разоў больш, то гэта відавочнае парушэньне. Гэта мне нагадвае сытуацыю з аўтамабілямі, калі начальнікі набываюць для сябе машыны па 100 тысяч даляраў і эўра. Тут зьнешне Лукашэнка раскручвае нейкую роўнасьць. А начальнікі гэта проста ігнаруюць».

Дэклярацыі сьведчаць, што добрыя грошы маюць і намесьнікі дырэктараў па ідэалёгіі. Зьвернемся, напрыклад, да Ігара Бабка. Ён — намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях у акцыянэрным таварыстве «Мілавіца». Агульная сума даходу за 2013 год — 488 204 467 рублёў, альбо 4,5 тысячы даляраў на месяц. Аналягічную пасаду на менскім заводзе колавых цягачоў займае Павал Агер. Ён задэкляраваў 373 835 642 рублёў — больш за 3 тысячы даляраў на месяц.

«Ідэолягі адыходзяць ад касы з тугімі гаманцамі», — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«І вось тут вялікае пытаньне: чаму ідэалягічную галіну не закранулі ўсе надзвычайныя захады дзеля эканоміі? Бо гэта для Лукашэнкі і ўладнай вярхоўкі — такая сьвятая карова.

Я думаю, увогуле можна было б адсякаць гэтую галіну. Абсалютна без усялякіх страт для дзяржавы. Таму што стаўка на ідэалёгію абсалютна бясплённая, што паказаў каляпс Савецкага Саюзу, калі вялікае войска ідэолягаў аказалася абсалютна паралізаваным. Я думаю, што калі пачнуцца такія ж крызісныя зьявы ў сыстэме, якую стварыў Лукашэнка, то гэтыя ідэолягі, гэты слуп вэртыкалі пакажа сябе абсалютна гнілым».

«Аляксандар Лукашэнка цудоўна ведае, колькі зарабляюць начальнікі, але спагнаньняў на іх не накладае», — кажа Яраслаў Раманчук і тлумачыць, чаму:

«Яны ж выбары яму арганізуюць, яны ягоную ідэалёгію праводзяць. Тут працуе пэўная сыстэма. Лукашэнка дае ім зразумець, што на пасяджэньнях і перад тэлекамэрамі я буду гаварыць адно, буду пагражаць звальненьнем. А насамрэч вы як працавалі, так і будзеце працаваць».

Прыбыткі апазыцыянэраў на фоне начальніцкіх выглядаюць сьціпла. Так, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч мае агульную суму прыбытку — 17 000 000 рублёў, ці крыху болей за 150 даляраў на месяц. А пра аднаго з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Вазьняка напісана так: «Даходу ў 2013 годзе ня меў. Жыве за кошт раней назапашаных сродкаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG