Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Назарбаеву і Лукашэнку таксама ня хочацца выглядаць марыянэткамі Крамля»


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Як паведамляецца, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з просьбай аб падтрымцы ў захаваньні цэласнасьці Ўкраіны і недапушчэньні праліцьця крыві. Што азначае гэты зварот, ці можна казаць, што Аляксандар Лукашэнка мае шанцы згуляць ролю міратворца ў расейска-ўкраінскім канфлікце? Пра што пойдзе сёньня размова на сустрэчы ў Маскве Пуціна, Лукашэнкі і Назарбаева, як бакі акрэсьляць свае пазыцыі? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

— Пра што кажа зварот Кучмы да Лукашэнкі? Ці можна сказаць, што новае ўкраінскае кіраўніцтва шукае сябе саюзьнікаў сярод самых розных палітыкаў, ці Лукашэнка ў цяперашняй сытуацыі сапраўды мае шанцы згуляць пэўную ролю міратворца ў расейска-ўкраінскім канфлікце?

— З аднаго боку, лёгка зразумець, што Кіеў у адчайнай сытуацыі шукае падтрымкі па ўсіх азымутах. Аднак у гэтым сюжэце для мяне паказальна тое, што пра тэлефанаваньне Кучмы апэратыўна распаўсюдзіла паведамленьне прэсавая служба Лукашэнкі. І тут лёгка чытаецца такі мэсыдж — вось паглядзіце, Кучма не разглядае беларускага кіраўніка як нейкую марыянэтку Крамля, а ўважае за самастойную фігуру. Дарэчы, украінскія рэсурсы паведамляюць пра гэтую гутарку болей і пішуць, нібыта Лукашэнка паабяцаў і ў Маскве выказацца за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і за мірны шлях вырашэньня праблемаў у расейска-ўкраінскіх дачыненьнях.
Пуцін і так фактычна супраць усяго сьвету адзін апынуўся. І калі яшчэ пасварыцца з Лукашэнкам і Назарбаевым, дык увогуле «тушы сьвятло»

Што тычыцца ролі «міратворцы» для Лукашэнкі, то гэта для яго, можа, і завялікая «шапка Манамаха». Але відавочна тое, што і Назарбаеў, і Лукашэнка, мякка кажучы, не ў захапленьні ад дзеяньняў Расеі ў Крыме. Відавочна, што Казахстан і Беларусь могуць у сёньняшняй сытуацыі ўзьдзейнічаць на Пуціна — як мінімум, зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, Пуцін і так фактычна супраць усяго сьвету адзін апынуўся. І калі яшчэ пасварыцца з Лукашэнкам і Назарбаевым, дык увогуле «тушы сьвятло».

Аднак галоўнае — падпіраюць тэрміны, трэба падпісваць паперы пра Эўразійскі Саюз. Украіна ўжо саскочыла з гэтага маскоўскага кручка. Калі яшчэ Казахстан і Беларусь пачнуць носам круціць, то гэты праект увогуле разваліцца. Таму Лукашэнка і Назарбаеў могуць на Пуціна ўзьдзейнічаць.

— Акурат на гэтым фоне сёньня, 5 сакавіка, адбываецца сустрэча ў Маскве трох прэзыдэнтаў. Як можна прагназаваць танальнасьць гэтай сустрэчы? Ці давядзецца Пуціну даволі настойліва схіляць Лукашэнку і Назарбаева да падтрымкі расейскай пазыцыі, ці ён разумее, што гэта цяпер не рэальна, і будзе дзейнічаць больш асьцярожна?

— Мяркую, што Пуцін ужо атрымаў халодны душ. Паказальна, што напярэдадні ягонай прэсавай канфэрэнцыі (калі многія назіральнікі зрабілі выснову, што Расея трохі адкручвае назад) былі размовы Пуціна з Назарбаевым і Лукашэнкам. Можа, і ня мелі яны вызначальнай ролі, але гэта быў таксама той чыньнік, які Пуціна ацьвярозіў — разам з падзеньнем фондавых рынкаў, пагрозамі Захаду і гэтак далей.

Думаю, наўрад ці мы даведаемся, пра што сёньня ў Маскве ішла гаворка. Найхутчэй, будуць нейкія дастаткова адшліфаваныя дэклярацыі (і нашым, і вашым), аднак насамрэч я думаю, што сёньня пераціскаць, перагібаць кій Пуціну нявыгадна. Зь іншага боку, Назарбаеву і Лукашэнку таксама ня хочацца выглядаць зусім ужо марыянэткамі Крамля. Тым болей, яны разумеюць, што ў пэўнай сытуацыі такія паводзіны Крамля могуць ударыць і па іхніх інтарэсах.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG