Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бжэзінскі: Захаду трэба прызнаць улады Ўкраіны і разгарнуць сілы НАТО


Зьбігнеў Бжэзінскі, вядомы амэрыканскі палітоляг і былы дараднік па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта Джымі Картэра, лічыць, што Захад павінен «ускладніць плянаваньне Ўладзіміру Пуціну» і прадставіць яму на выбар некалькі шляхоў выхаду з украінскага крызысу.

Пра гэта Зьбігнеў Бжэзінскі гаворыць у інтэрвію інтэрнэтнаму выданьню The Huffington Post.

Мяркуючы па апошніх перамяшчэньнях войска, Расея, мабыць, рыхтуецца да захопу Крыму. Што на гэта ўкраінцы?

Бжэзінскі: Калі Расея так зробіць, то, цалкам магчыма, яна атрымае Крым, але назаўжды страціць Украіну. Украінцы ніколі гэтага Расеі не даруюць.

Што можа зрабіць Захад у бліжэйшым часе?

Бжэзінскі: Стратэгія Захаду ў дадзены момант павінна заключацца ў тым, каб ўскладніць плянаваньне Ўладзіміру Пуціну. Яму варта прадставіць варыянты, як пазьбегнуць канфлікту. Але ён таксама павінен усьведамляць сабе нэгатыўныя наступствы для Расеі пасьля таго, калі б ён пачаў збройны канфлікт.

Кажучы пра варыянты, я маю на ўвазе тое, што мы павінны сказаць Расеі, што аддаем перавагу мірнаму вырашэньню канфлікту ва Ўкраіне і што НАТО павінна запрасіць расейцаў да ўдзелу ў сваіх бягучых абмеркаваньнях гэтага крызысу.
Захад павінен выкласьці грошы, каб дапамагчы стабілізаваць хісткую эканоміку Ўкраіны. Паколькі Нямеччына зьяўляецца найбольш заможнай і моцнай эканомікай у ЭЗ, яна павінна ўзяць ініцыятыву на сябе.

Але адначасова мы павінны даць расейцам зразумець, што не зьбіраемся быць пасіўнымі. Па-першае, мы павінны фармальна прызнаць новы ўрад ва Ўкраіне, які, на маю думку, выказвае народную волю. Гэта легітымны ўрад. І ўмяшаньне ва ўкраінскія справы варта разглядаць як варожы акт замежнай дзяржавы.

Акрамя гэтага, мы павінны ўвесьці плян дзеяньняў НАТО ў надзвычайнай сытуацыі і разгарнуць свае сілы ў Сярэдняй Эўропе, каб адрэагаваць у выпадку вайны і яе пашырэньня.

Што зьяўляецца найлепшым рашэньнем для Ўкраіны, якая знаходзіцца паміж Захадам і Расеяй?

Бжэзінскі: У канчатковым выніку найлепшым рашэньнем для Ўкраіны было б, калі б яна стала тым, чым Фінляндыя была для СССР. Гэта азначала б адкрытыя эканамічныя адносіны з Расеяй і пашырэньне сувязяў з Эўразьвязам, але адмаўленьне ад удзелу ў любых вайсковых саюзах.

Калі нам удасца пераадолець гэты крызыс і пазьбегнуць вайны, то ўсё ж застанецца змаганьне з эканамічным хаосам ва Ўкраіне. Джордж Сорас заклікаў Нямеччыну ўзяць на сябе ініцыятыву ў аказаньні дапамогі Ўкраіне . І якраз перад пачаткам крызысу ва Ўкраіне прэзыдэнт Нямеччыны Яахім Гаўк заклікаў сваю краіну, каб яна мацней праяўляла сябе на сусьветнай арэне. Якая ў гэтым можа быць роля ЭЗ у цэлым і Нямеччыны ў прыватнасьці?

Бжэзінскі: Калі ЭЗ сур’ёзна ставіцца да сваёй ролі ў сьвеце, ён павінен пачаць якраз тут. А гэта значыць, ён павінен выкласьці грошы, каб дапамагчы стабілізаваць хісткую эканоміку Ўкраіны. Кампраміснае рашэньне, якое будзе прымальным для Расіі і для Захаду, дазволіць пазьбегнуць вайны і дасьць украінцам нейкую надзею на будучыню, уключае ў сябе сур’ёзную эканамічную дапамогу і інвэстыцыі. Паколькі Нямеччына зьяўляецца найбольш заможнай і моцнай эканомікай у ЭЗ, яна павінна ўзяць ініцыятыву на сябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG