Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме збройнае ўварваньне Расеі — МУС Украіны


Прарасейскія актывісты ў Крыме
Прарасейскія актывісты ў Крыме
Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў назваў тое, што адбываецца ў Крыме, збройным уварваньнем і акупацыяй з боку Расеі. Гэта — прамая правакацыя кровапраліцьця на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы, лічыць міністар.

На сваёй старонцы ў Facebook Авакаў напісаў, што падразьдзяленьні Чарнаморскага флёту Расеі заблякавалі аэрапорт Бельбек пад Севастопалем. У будынку аэрапорта знаходзяцца ваенныя і памежнікі Ўкраіны. Звонку — вайскоўцы ў камуфляжы і са зброяй, яны без апазнавальных знакаў, але не хаваюць сваёй прыналежнасьці, піша Авакаў. Аэрапорт не працуе. На зьнешнім пэрымэтры — пасты МУС Украіны. Збройнага сутыкненьня пакуль няма, адзначае міністар.

Што да міжнароднага аэрапорту ў Сімфэропалі, то там, па словах кіраўніка ўкраінскага МУС, таксама знаходзяцца каля 120 вайскоўцаў з аўтаматычнай зброяй у камуфляжы без апазнавальных знакаў. «Яны ўвайшлі ў будынак аэрапорту мінулай ноччу, разьмясьціліся ў памяшканьні рэстарана. Сваёй прыналежнасьці да ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі не хаваюць. На пытаньні ўкраінскіх супрацоўнікаў МУС „вы — вайскоўцы і ня маеце права тут знаходзіцца“ — адказваюць коратка — ня маем інструкцый весьці з вамі перамовы», паведаміў Авакаў.

Унутраныя войскі і МУС Украіны ўзмацнілі нарады ў раёне аэрапорту. Напружаньне нарастае. Пакуль яшчэ няма непасрэднага збройнага сутыкненьня, павінны гаварыць дыпляматы, заявіў Авакаў.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Крым. Дакладваю становішча па выніках ночы, каб не сілкаваліся чуткамі:

1. Аэрапорт Бельбек. Заблякаваны ваеннымі падразьдзяленьнямі флёту РФ. Унутры аэрапорту знаходзяцца вайскоўцы і памежнікі Ўкраіны. Звонку — вайскоўцы ў камуфляжы і са зброяй без апазнавальных знакаў, але не хаваюць сваёй прыналежнасьці. Аэрапорт не працуе. На зьнешнім пэрымэтры пасты МУС Украіны. Ўзброенага сутыкненьня пакуль няма.

2. Аэрапорт Сімфэропаль. Каля 12-й ночы група ў цывільным, каля 100 чалавек, якая назвалася казачай сотняй, пераадолеўшы агароджу на тэрыторыю аэрапорту, выйшла на поле аэрадрома.

Сіламі ўнутраных войскаў і міліцыі гэтыя людзі былі адціснуты спачатку ў будынак аэрапорту, а потым і зусім за тэрыторыю. Зброя не ўжывалася. Раён аэрапорту быў пакінуты » казакамі" каля гадзіны ночы — пагрузіліся на тэнтаваныя КамАЗы і зьехалі.

Каля 1.30 ночы ў будынак аэрапорту прыбылі на некалькіх грузавіках 119 вайскоўцаў з аўтаматычнай зброяй у камуфляжы без апазнавальных знакаў. Ўвайшлі ў будынак аэрапорту, разьмясціліся ў памяшканьні рэстарана. Не хаваюць сваёй прыналежнасьці да ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. На пытаньні ўкраінскіх супрацоўнікаў МУС «вы вайскоўцы і ня маеце права тут знаходзіцца» — адказваюць коратка — ня маем інструкцыяў весьці з вамі перамовы. Сытуацыя статычная, зброя з абодвух бакоў не ўжывалася. Расейскія вайскоўцы статычна назіраюць за працай аэрапорту, наўпрост ня ўмешваючыся.

Унутраныя войскі і МУС Украіны ўзмацнілі нарады ў раёне аэрапорту. Напружаньне нарастае.

Супрацьстаяць рэгулярным вайсковым сілам органы правапарадку ня змогуць.

Тое, што адбываецца, ацэньваю як збройнае ўварваньне і акупацыю. У парушэньне ўсіх міжнародных дамоваў і нормаў. Гэта прамая правакацыя збройнага кровапраліцьця на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы.

Гэта ўжо не кампэтэнцыя МУС. Гэта кампэтэнцыя СНБА.

Пакуль яшчэ няма прамога збройнага сутыкненьня, павінны гаварыць дыпляматы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG