Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі ня выпусьцілі Януковіча з Украіны


Віктар Януковіч на адкрыцьці Данецкага аэрапорту ў 2012 годзе
Віктар Януковіч на адкрыцьці Данецкага аэрапорту ў 2012 годзе
Дзяржаўная памежная служба паведаміла ў суботу ўвечары, што не дазволіла вылецець з Данецка за мяжу былому прэзыдэнту Віктару Януковічу і былому міністру ўнутраных справаў Віталю Захарчанку.

Як паведаміў памочнік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Сяргей Астахаў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна», у гэты дзень на аэрадроме Данецка спрабаваў вылецець за мяжу чартэрны авіярэйс без належнага памежнага афармленьня. Паводле зьвестак памежнікаў, у ім быў Януковіч.

Паводле яго слоў, калі кантралёры прыбылі да самалёта, іх сустрэлі узброеныя людзі, якія прапанавалі грошы за вылет без афармленьня. Калі памежнікі адмовіліся, да самалёта прыехалі браняваныя машыны, і на адной зь іх Януковіч паехаў з аэрапорта.

Гэтыя ж дадзеныя Астахаў пацьвердзіў праз тэлефон і «5 каналу».

Куды плянаваўся вылет, памежнікам невядома, таму рэйс не афармляўся.

Па дадзеных памежнай службы, на іншых пунктах пропуску празь мяжу Украіны Януковіч не зьяўляўся.



Гэтаксама Астахаў раней паведамляў, што памежнікі ня выпусьцілі з Данецка і Захарчанку, які таксама спрабаваў вылецець за мяжу чартэрным рэйсам, але ня меў належных дакумэнтаў для гэтага.

Паводле інфармацыі памежнікаў, Захарчанка таксама не зьяўляўся на іншых пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу.

Вярхоўная Рада ў суботу прыняла пастанову, якой прызнала, што Віктар Януковіч самаўхіліўся ад выкананьня канстытуцыйных паўнамоцтваў прэзыдэнта, і прызначыла датэрміновыя выбары кіраўніка дзяржавы на 25 траўня. За пастанову прагаласавалі 328 дэпутатаў. На такі крок парлямэнт пайшоў пасьля таго, як Януковіч выступіў у эфіры аднаго зь мясцовых харкаўскіх тэлеканалаў і заявіў, што ў Кіеве адбываецца пераварот і што ён ня мае намеру падпісваць законы, прынятыя Вярхоўнай Радай ў мэтах выкананьня пагадненьня паміж уладай і апазыцыяй.

У пятніцу Вярхоўная Рада прыняла пастанову, якой вызваліла ад выкананьня абавязкаў міністра ўнутраных справаў Віталя Захарчанку. Пастанова ўступіла ў сілу ў суботу, адначасова з тым, як уступіла ў сілу і Канстытуцыя ў рэдакцыі 2004 года, дзеяньне якой аднавіў парлямэнт сваёй пастановай. Прэзыдэнт не падпісаў прыняты ў чацьвер закон аб аднаўленьні Канстытуцыі 2004 года, як прадугледжвала пагадненьне з апазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG