Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Георгі Каржанеўскі: Бацькаў подзьвіг прысвоілі партызаны


Сталкеры Свабоды: Бацькаў подзьвіг прысвоілі партызаны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:37 0:00
Наўпроставы лінк

Ён быў зьняволены 42 гады. У 1951-м селяніна з Маладэчаншчыны Міколу Каржанеўскага савецкія карныя органы засудзілі ў ГУЛАГ на чвэрць стагодзьдзя. Але вярнуцца дамоў ён змог ажно ў 1993-м. Праўда, тройчы дагэтуль таемна адведваў радзіму. Пра самае доўгае ў гісторыі савецкай Беларусі зьняволеньне распавядае сын былога вязьня, краязнавец і грамадзкі актывіст з Валожына Георгі Каржанеўскі.

«У трэцюю клясу я хадзіў, калі бацька прыехаў першы раз. Сядзеў у нас у школе на ўсіх уроках, і мяне ўвесь час выклікалі да дошкі. Са школы мы пайшлі зь ім дахаты. І ён сказаў мне пачакаць яго дома, пакуль ён маці сваю адведае, бабулю маю. Ён пайшоў, а мы яго чакалі-чакалі, але ён не вярнуўся.

Праз шмат гадоў я пытаўся ў яго, што тады было. І ён распавёў, што яго затрымалі, прывезьлі ў Наваградак у КДБ, а тады далі буханку хлеба, пасадзілі ў цягнік і наказалі болей сюды не прыяжджаць. Ён ня меў права сюды прыяжджаць.

А за што яго пасадзілі? Прыпомнілі яго дзейнасьць у Арміі Краёвай. Яны немцаў узялі ў палон, і сярод іх быў барон. Іхні аддзел АК пасьля разьбілі наступаючыя вайскоўцы і перадалі палонных немцаў савецкім партызанам. І вось я лічу, што савецкія партызаны прысвоілі сабе заслугі за апэрацыю акаўцаў.

У 1951 годзе бацьку арыштавалі. Ён хаваўся, але падкупілі мясцовых, і яго выдалі.

Што ён зрабіў такога, што яго адразу хацелі прысудзіць да расстрэлу? На допыце яму паламалі косткі, і такі боль быў, што ён ня бачыў, што падпісваў у пратаколе. Яго рукамі вадзілі энкавэдысты. Яго змушалі прызнаць, што ён савецкі партызан. Але ён казаў, што ён — польскі партызан.

На судзе ён адмаўляўся казаць апошняе слова, але яму патлумачылі, што так трэба паводле пратаколу. І ён тады сказаў: «То пацалуйце мяне ў задніцу». Чым абразіў суд, палічылі тыя, хто судзіў. І, маўляў, яго трэба перавыхаваць, а расстраляць пасьпеем. І прысудзілі 25 гадоў.

Так мне сам бацька пра ўсё гэта распавядаў потым.

Выхоўвала мяне бабуля. Яна мне была за бацьку. А мама цэлымі днямі працавала ў калгасе.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Бацькам я ганарыўся зь дзяцінства, што ён, сапраўды, заслужаны быў чалавек.

У 56-м яго з-за дроту вызвалілі, але з падпіскай, што ён пастаянна будзе жыць там жа, на поўначы Расеі, дзе і быў у лягеры, у горадзе Інта.

Сюды ён прыяжджаў таемна. Мы сустракаліся, але я нікому не казаў, што гэта мой бацька. Калі пыталіся, то я казаў, што гэта мой дзядзька.

Я хацеў забраць яго, я мусіў вызваліць бацьку ад гэтага прымусовага пасяленьня, бо адчуваў, што перад дзецьмі сваімі быў бы вінаваты. Як прыяжджаў, то калі сядзем абедаць, ён распавядаў, як у іх там хаваюць нябожчыкаў, і не хацеў, каб там яго хавалі. Казаў, што хоча вярнуцца дахаты.

Як вярнуўся, я яму даваў сшытак, аловак, і ён пісаў пра тое, што давялося перажыць. Атрымалася болей за дзесяць сшыткаў яго ўспамінаў.

Дзякуючы намаганьням польскай і расейскай грамадзкасьці ўдалося бацьку рэабілітаваць празь перасуд. Больш за ўсё я ўдзячны за дапамогу ў вяртаньні і рэабілітацыі бацькі палякам Тадэвушу Мазавецкаму і Яну Лапушанскаму. З Расеі ім пісалі, што ня могуць рэабілітаваць, але яны зноў і зноў накіроўвалі запыты.

Бацька як вярнуўся, то ня мог выкінуць перажытае з галавы. Езьдзіў туды ў Інту выконваць заданьні сваіх лягерных сяброў. Пісаў лісты жонкам памерлых сяброў па няшчасьці.

Я — не такі беларус, што пад сёньняшнім штандарам, пад савецкім. Я — пад Пагоняю і пад бел-чырвона-белым штандарам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG