Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна. Рэгіёны ў агні


Барыкады з Львове
Барыкады з Львове

Пратэсты супраць улады і супрацьстаяньне ахапілі ўсю Ўкраіну. Ёсьць забітыя і параненыя ня толькі ў Кіеве, але і ў рэгіёнах.

Львоў

Сотні жыхароў Львова запісваюцца ў атрады самаабароны, каб падтрымліваць правапарадак у горадзе. Цягам мінулых сутак да каардынатараў гарадзкой самаабароны зьвярнуліся больш за тысячу мужчын і жанчын, гатовых патруляваць горад удзень і ўначы. Сярод іх ёсьць кінолягі, а таксама людзі, якія прафэсійна разводзяць сабак і хочуць патруляваць горад з сабакамі. У ноч на 21 лютага ў патруляваньні ўзялі ўдзел больш за 2000 чалавек. Пра гэта паведамляе сайт zaxid.net.

У Львове вуліцы гораду ўжо некалькі начэй патрулююць прадстаўнікі Аўтамайдану, гэтай ноччу выяжджалі велапатрулі. Прадстаўнікі гарадзкой самаабароны абараняюць усе аб’екты ў горадзе, якім можа пагражаць напад правакатараў-«цітушак», у тым ліку і расейскае генконсульства.

Тым часам 21 лютага з Львова ў Кіеў прыехалі восем аўтобусаў з актывістамі Эўрамайдану. Як паведамляе сайт www.unian.net, цяпер актывісты на Міхайлаўскай плошчы.

Яны настроеныя рашуча, таму што ўчора ў сутыкненьнях зь міліцыяй загінула вельмі шмат львавянаў.


Адэса

З Адэсы прыблізна а 19 гадзіне 20 лютага на Кіеў выехалі мікрааўтобус MercBenz і Тайота LandCruser. Піша сайт unian.net.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, у гэтых машынах знаходзілася 15 узброеных наёмнікаў. Атрымаўшы інфармацыю, мы змаглі папярэдзіць людзей з Народнай варты, якія выставілі блёк-пасты на Кіеўскай трасе. За 20 кілямэтраў ад Умані гэтыя аўтамабілі былі спыненыя. Зь іх пачалі страляць. Параненыя двое людзей, але іх жыцьці ў бясьпецы», — паведамілі актывісты.

Яны дадалі, што «машыны прарваліся» ўсё ж на Кіеў.


Чарнігаў

У Чарнігаве позна ноччу пачаліся пагромы партыйных офісаў ПР і КПУ. Пра гэта напісаў сайт censor.net.ua.

Радыкальна настроеная моладзь пасьля заканчэньня Народнага веча пайшла па вуліцах гораду. Празь некаторы час маладыя людзі ў масках прыйшлі ў памяшканьне, дзе раней быў офіс Партыі рэгіёнаў, разьбілі дзьверы, выбілі шкло, увайшлі ўсярэдзіну.


Харкаў

Супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны ў двары сваёй установы спалілі вялікую колькасьць дакумэнтаў. Пра гэта паведамляе афіцыйны твітэр Эўрамайдану.


Крым

100 чалавек, якія пазыцыянуюць сябе прыхільнікамі руху «СТОП Майдан» і зьбіраліся ехаць у Кіеў для ўдзелу ў мітынгу ў падтрымку ўладаў, не змаглі даехаць да пункту прызначэньня. У Барыспалі іх не прапусьцілі далей актывісты Майдану, пабіўшы шкло ў аўтобусах. Актывісты «СТОП Майдан» вярнуліся ў Сімфэропаль, дзе цяпер абмяркоўваюць плян дзеяньняў і распавядаюць, што адбываецца пад Кіевам.


Мікалаеў

«Цітушкі» разграмілі офіс партыі «Ўдар». Пра гэта паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной арганізацыі «Ўдару» Давід Макар’ян на афіцыйным сайце партыі.

Ён заўважыў, што 20 лютага адбылося шэсьце актывістаў «Удару» і жыхароў гораду ў памяць загінулых на Майдане. Актывісты сустрэлі 50–60 «цітушак», якія паводзілі сябе вельмі агрэсіўна і пагражалі актывістам расправаю і пагромамі.

Пасьля 22 гадзіны да офісу «Ўдару» прыйшлі 10–15 «цітушак», якія пачалі граміць будынак. «Усё гэта зафіксавана на камэры. Яны ўсё разграмілі, хацелі спаліць офіс», — сказаў Давід Макар’ян.

Актывісты «Ўдару» выклікалі міліцыю, але тая прыехала на месца падзеяў толькі пасьля таго, як «цітушкі» яго пакінулі.


Хмяльніцкі

19 лютага падчас штурму будынку Службы бясьпекі Ўкраіны расстралялі жанчыну. Паведамляе Сегодня. Як кажуць відавочцы, пад будынак СБУ «пад’ехала машына, адтуль невядомыя адкрылі агонь і забілі жанчыну».

Людзі штурмавалі цэнтральны ўваход СБУ, жанчына была наперадзе. Ёй у грудзі выпусьцілі, паводле розных дадзеных, ад шасьці да васьмі куляў. Яна памерла ў машыне хуткай дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG