Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай Кармэн — 110 гадоў


Ларыса Александроўская
Ларыса Александроўская
15 лютага паказ опэры «Кармэн» Бізэ ў Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі быў прымеркаваны да 110-й гадавіны з дня народзінаў выдатнай беларускай сьпявачкі Ларысы Александроўскай. Менавіта яна 25 траўня 1933 году выконвала гэтую партыю ў дзень, калі распачаў сваю працу новы ў Беларусі тэатар.

Напачатку ягоная трупа давала спэктаклі на розных сцэнах сталіцы Беларусі. Аднак мала хто ведае, што менавіта Ларыса Пампееўна абрала месца для будаўніцтва галоўнага тэатру краіны. Выканаўца вядучых партыяў у многіх творах клясычнага опэрнага рэпэртуару, яна выступіла і як рэжысэр-пастаноўшчык шэрагу твораў беларускіх кампазытараў, такіх, як «Дзяўчына з Палесься» і «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «Яснае сьвітаньне» Туранкова, «Надзея Дурава» Багатырова, а таксама актыўна ўключала ў канцэртныя праграмы беларускія народныя песьні. На пачатку 40-х яна была першай сярод дзеячоў беларускага мастацтва, хто атрымаў званьне народнай артысткі СССР.

Да гэтага юбілею каля ўваходу ў камэрную залю ВТОБ Беларусі імя Александроўскай была разгорнутая невялікая выстава аднаго дня, падрыхтаваная тэатрам разам зь Дзяржаўным музэем тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

Тут можна было ўбачыць архіўныя здымкі сьпявачкі, яе сцэнічныя касьцюмы і біжутэрыю, а таксама даўнія тэатральныя афішы. Сярод іх — арыгінальныя афішы спэктаклю «Кармэн» 1932 і 1945 гадоў, надрукаваныя на беларускай мове. Да слова, афіша да 110-гадовага юбілею сьпявачкі была расейскамоўная...

Аксана Волкава
Аксана Волкава
Юбілей Ларысы Александроўскай быў адзначаны паказам «Кармэн» у пастаноўцы Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай, дырыжаваў Андрэй Галанаў. Галоўную партыю выканала Аксана Волкава, якую сёньня можна сьмела называць сапраўднай зоркай сусьветнай опэрнай сцэны. Выпускніца Дзяржаўнай акадэміі музыкі Беларусі па класе Лідзіі Галушкінай, яна ўжо студэнткай 3 курсу была запрошана ў трупу ВТОБ, у 2010 годзе атрымала статус запрошанай салісткі Вялікага тэатру Расеі, а ў пачатку 2013 году дэбютавала на сцэне Мэтраполітан-опэра ў партыі Мадалены ў опэры «Рыгалета». Да ўсяго іншага, Аксана Волкава выступіла як ініцыятар і суаўтар праэкту «Опэра-мадэрн», сэнс якога палягаў на ідэі супрацьпастаўленьня опэрнай клясыкі яе сучасным аранжаваньням у стылістыцы сымфа-рок, джаз-рок і красовэр.

Удзел Аксаны Волкавай у спэктаклі, прысьвечаным Ларысе Александроўскай, быў дакладна пралічаным ходам кіраўніцтва тэатру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG