Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні ў прамым эфіры


Ірына Лагуніна
Ірына Лагуніна
Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, выклікае агіду. Не таму, што ў цэнтры Кіева гараць шыны і людзі ў масках кідаюць камяні ў шэрагі міліцыі. А таму, што Ўкраіна ў асобе яе ўлады парушае асноўныя нормы міжнароднага гуманітарнага права – піша ў сваім блогу на сайце расейскай службы радыё Свабода яе дырэктар Ірына Лагуніна. Прапануем вам пераклад яе блогу.

Залітыя вадой навакольлі Майдану. Закутыя ў лёд спаленыя машыны, фасады дамоў, бальконы, брук. Там яшчэ былі людзі ў прамоклай вопратцы. Магчыма, ім удалося выратавацца без наступстваў для здароўя.

Давайце я нагадаю. Падручнік гісторыі савецкіх часоў. Генэрал Дзьмітры Карбышаў у нацысцкім канцлягеры ў Аўстрыі. Яго і яшчэ 500 зьняволеных распранулі, вывелі ў двор канцлягеру і сталі паліваць вадой. Я назаўжды запомніла гэта з савецкага падручніка гісторыі. Для мяне гэта было першае дэталёвае апісаньне чалавечага жаху і катаваньняў. Для Ўкраіны, прынамсі, Усходняй, гэта павінна быць яшчэ больш пранізьліва – генэрал Карбышаў да вайны быў начальнікам інжынэрных войскаў Украіны і Крыму. Да чаго я? Да таго, што ніхто ня крыкнуў пажарным, міліцыі, «Бэркуту», Януковічу, каму там яшчэ можна крыкнуць, – спыніцеся! Вы ўжываеце мэтады, якія ўвайшлі ў памяць гэтых людзей пад словам «фашызм», вы ўжываеце катаваньні, выпрабаваныя ў канцлягерах. Вы хто? Нюрнбэрскі трыбунал у 1946 годзе даў ацэнку падобным дзеяньням.

Вы хто? Насамрэч – легітымнае пытаньне. Калі бачыш гэта

ці гэта

ці гэта.

Або гэтую фатаграфію Юрыя Вярбіцкага з «Укантакце».

Нагадаю, яго выкралі са шпіталя разам з актывістам апазыцыі Ігарам Луцэнкам, вывезьлі з Кіева, катавалі, потым кінулі на марозе. Хто б ні былі гэтыя выкрадальнікі, якія дзейнічаюць ад імя і пры папушчальніцтве «кіеўскага Крамля», які дзіўна сябе пазыцыянуе, яны павінны ведаць – выкраданьне са шпіталя, ня кажучы ўжо пра катаваньні і скіданьне цела ў сьнег, супярэчыць нормам міжнароднага гуманітарнага права. Я ведаю, нехта цяпер скажа мне, што канвэнцыі 1949 тычацца толькі заяўленых афіцыйна ўзброеных канфліктаў. А ў дадатковым пратаколе да іх спэцыяльна падкрэсьліваецца, што ён «не ўжываецца ў выпадках парушэньня ўнутранага парадку і ўзьнікненьня абстаноўкі ўнутранай напружанасьці, такіх як беспарадкі, асобныя і спарадычныя акты гвалту і іншыя акты аналягічнага характару, паколькі такія не зьяўляюцца ўзброенымі канфліктамі».

Гэта так. Але канвэнцыі заклалі і маральныя нормы паводзінаў чалавека ў форме. Гэтыя нормы маралі загадваюць, што людзі ў форме, вайсковай ці міліцэйскай, ня выкрадаюць хворых са шпіталёў. Яны наогул не ўрываюцца ў мэдычныя ўстановы.

10 сьнежня 1984 году. Амаль 30 гадоў таму. Запісана: «Улічваючы артыкул 5 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і артыкул 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, абодва зь якіх прадугледжваюць, што ні да каго не павінныя ўжывацца катаваньні або жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя яго годнасьць абыходжаньне i пакараньне,

улічваючы таксама Дэклярацыю аб абароне ўсіх асобаў ад катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, прынятую Генэральнай Асамблеяй 9 сьнежня 1975 году,

жадаючы падвысіць эфэктыўнасьць барацьбы супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня ва ўсім сьвеце, пагадзіліся аб наступным...».

Ніжэй ішоў тэкст канвэнцыі аб забароне катаваньняў: «Вызначэньне «катаваньне» азначае любое дзеяньне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакуты, фізычныя або маральныя, каб атрымаць ад яго або ад трэцяй асобы зьвесткі або прызнаньні, пакараць яго за дзеяньне, якое ўчыніла яна або трэцяя асоба або ў якім асоба падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яго ці трэцюю асобу, або зь любой прычыны, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль або пакуты робяцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці, або па іх падбухторваньні, ці зь іх ведама або маўклівай згоды».

«Кіеўскі Крэмль» з гэтым згодны? А калі не, то чаму не чуваць асуджэньня вэрхалу, які адбываецца ў кіеўскай сталіцы з вывазам целаў памерлых ад катаваньняў у раён Барыспаль? Ці ён маўкліва згодны з тым, што адбываецца? Тады глядзі тэкст канвэнцыі вышэй. Украіна ратыфікавала гэты міжнародны дакумэнт у 1987 годзе.

З пункту гледжаньня міжнароднага права ўрад Януковіча сваім маўчаньнем ўжо асацыяваў сябе з катаваньнямі, якія адбываюцца ва ўкраінскай сталіцы. Больш за тое, ён парушыў нятолькі гэты міжнародны дакумэнт, але і ўласную Канстытуцыю. Артыкул 28 Канстытуцыі Ўкраіны забараняе катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае або прыніжаючае годнасьць абыходжаньне ці пакараньне. А ў траўні 1997 году Ўкраіна ратыфікавала Эўрапейскую Канвэнцыю па папярэджаньні катаваньняў і бесчалавечнага або зьневажаючага годнасьць абыходжаньня і пакараньня.

Я ня ведаю, як «Бэркут», міліцыя, спэцслужбы называюцца адным словам па-ўкраінску. Але на трох даступных мне мовах – ангельскай, расейскай і праўнай – яны называюцца праваахоўнымі органамі. Тут ключавое слова ПРАВА. Дапускаючы катаваньні, выкраданьні са шпіталёў, пазбаўленьне доступу да мэдычнай дапамогі, прыцэльныя атакі на журналістаў, асацыюючы сябе з катаваньнямі, цяперашняя ўкраінская ўлада паставіла сябе па-за гэтым словам: ПРАВА. І ў дадзеным выпадку я ўжываю яго не толькі ў сэнсе «права», але і ў сэнсе «закон».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG