Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бюджэтны» пакет на Алімпіяду ў Сочы — 2000 даляраў


У Сочы, дзе праз два тыдні стартуюць зімовыя Алімпійскія гульні, неўзабаве пачнуць зьяжджацца ня толькі спартоўцы, але і заўзятары. Ці шмат беларусаў дазволяць сабе нятаннае задавальненьне і дзе будзе жыць прэзыдэнт НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка?

Менскі прадпрымальнік Іван Цярэшчанка выпраўляецца ў алімпійскі Сочы на апошні тыдзень спаборніцтваў — ад 17 да 24 лютага. Расказвае, што «бюджэтны» пакет абышоўся больш чым у 2 тысячы даляраў, але з улікам «плянэтарнасьці» падзеі суму лічыць адэкватнай. Да таго ж не давядзецца траціць шмат часу на дарогу: звычайна авіярэйсы зь Менску ў Сочы на зімовы пэрыяд скасоўваюцца, але сёлета ў алімпійскую сталіцу можна даляцець і ўзімку:

«Выдаткі на Алімпіяду за сем дзён, як я падлічыў, выліваюцца дзесьці ў 2000 даляраў. Гэта з квіткамі, з транспартам, з пражываньнем, з усім іншым. Прычым вылет не з Масквы, а зь Менску, прынамсі на Алімпіяду самалёты пакідаюць. Авіябілеты туды-назад — дзесьці па 250 даляраў. Увогуле прапаноўваліся розныя пакеты, куды, залежна ад кошту, былі ўключаныя розныя спаборніцтвы. Калі ўлічыць, што гэта міжнародная падзея, якая для беларусаў не вымагае нават візаў — і ці паўторыцца калі яшчэ такое ў суседняй Расеі? — то, лічу, кошт дастаткова адэкватны. Не 5–7 тысяч даляраў, як многія будуць плаціць, выправіўшыся на ўласны страх і рызыку, а ўтрая менш».

Суразмоўца расказвае, што пад пражываньне забраніраваны гатэль санаторыя кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Беларусь» у самім Сочы. Звычайна не ў сэзон там можна пасяліцца вельмі танна, як на курортныя меркі, але на час спаборніцтваў цэньнік для турыстаў падвышаны ўдвая. А без папярэдняга браніраваньня выдаткі прыйдзецца памнажаць як мінімум яшчэ на два:

«Санаторый кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, добры аднамесцавы нумар, нармальныя ўмовы. Калі летам суткі пражываньня там каштуюць прыкладна 50 даляраў, то пад Алімпіяду нумар пацягне ўжо сотку. Але ў прынцыпе адэкватны кошт, калі ўлічыць, што ў маім пакеце пяць спаборніцтваў, квіткі на якія каштуюць ня менш як 50 даляраў на кожнае. То бок арытмэтыка такая: 500 даляраў пералёт, пад 700 даляраў пражываньне. Плюс даляраў 200 выйдзе за харчаваньне. Даезд да пляцовак — іхнім транспартам. Лічу, што нармальная цана. Асабліва з улікам таго, што выступаў кіраўнік сочынскага аргкамітэту і казаў, што самы танны пляцкарт у цягніку Масква — Сочы каштуе 100 даляраў у адзін бок, і 150 даляраў на суткі — пражываньне ў 3-зоркавым гатэлі».

Шанцуе на адрасы спартовых падзеяў і Аляксандру Лукашэнку, невыязному ў Эўразьвяз і ЗША. Аднак у палітыкаў, падобных да сябе, ён жаданы госьць. У 2008-м наведаў летнія Алімпійскія гульні ў Пэкіне, якія праігнаравалі кіраўнікі дэмакратычных краінаў, пазалетась завітаў на чэмпіянат Эўропы ў Кіеў, дзе ніхто не хацеў сядаць зь ім побач, апроч украінскага калегі Віктара Януковіча, гэтым разам зьбіраецца ў Сочы, дзе гаспадарыць будзе крытыкаваны грамадзянскай супольнасьцю Ўладзімер Пуцін.

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў у Краснай Паляне, 2012 год
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў у Краснай Паляне, 2012 год
Мяркуецца, што спыніцца вярхушка беларускай дэлегацыі ў Краснай паляне, дзе Лукашэнка са сваімі шматлікімі сямейнікамі пачувае сябе як дома. У 2010 годзе Дзяржаўная дума Расеі ратыфікавала пагадненьне, згодна зь якім у арэнду кіраўніцтву спраў прэзыдэнта тэрмінам на 49 гадоў перададзеныя санаторыі «Беларусь» у Сочы і «Белая Русь» у Туапсэ, а таксама больш за 16 гектараў зямлі на базе адпачынку ў Краснай паляне. І калі ў сочынскім санаторыі, які суседнічае з рэзыдэнцыяй расейскага прэзыдэнта «Бачароў ручай», для Лукашэнкі збудаваная рэзыдэнцыя, дзе ён можа прымаць гасьцей, то ў туапсінскім — лекуецца ў мінэральных крыніцах і катаецца на лыжах.

За год да Алімпіяды санаторый «Беларусь» апынуўся ў эпіцэнтры скандалу. Любоў Голубева, родам з Чавусаў, ужо чвэрць стагодзьдзя жыве ў Сочы, зь сястрой Валянцінай яны працавалі і жылі на тэрыторыі здраўніцы. З пачаткам алімпійскай кампаніі і пераабсталяваньня часткі санаторыя пад прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю жылыя пабудовы былі прызначаныя пад знос. Змаганьне за квадратныя мэтры плёну не дало, і жанчын выселілі ў суседні Дагамыс.

Па словах спадарыні Любові, лёс аб’ектаў вырашаўся на вышэйшым узроўні. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў тэрмінова завяршыць працы, заплянаваныя некалі ў санаторыі «Беларусь» і ў комплексе адпачынку ў Краснай паляне. Паводле ягоных словаў, да пачатку Алімпіяды-2014 яны павінны прыносіць максымальны прыбытак беларускай казьне. Цікаўлюся ў спадарыні Голубевай: дык ці пасьпелі ў прызначаны тэрмін?

«Не магу сказаць, што санаторый так ужо квітнее, але тое, што ён на добрым рахунку — гэта так. Ведаеце, з аднаго боку — блізкасьць мора, блізкасьць дачы № 1. Па-другое, зноў жа, лічыцца, што гэта досыць экалягічна чысты куток. Прынамсі, так было да будоўлі, таму што ніякіх не існавала ачышчальных збудаваньняў і г.д. Якая цяпер сытуацыя ў тым раёне — дакладна ня ведаю, але чытаю ў артыкулах самае рознае. Бо сапраўды там вялася вельмі вялікая будоўля, і якая ўрэшце стала экалягічная сытуацыя з усімі гэтымі новымі ачышчальнымі прыстасаваньнямі і г.д., сказаць цяжка. А што да Краснай паляны, то там адпачатку ўсё было на вышэйшым узроўні».

Карэспандэнт: «Дзе, на ваш погляд, спыніцца Лукашэнка — на базе ў Краснай паляне ці ў абноўленай рэзыдэнцыі ў санаторыі?»

«Вядома ж, у Краснай паляне. Там будуць базавацца практычна ўсе, хто ўдзельнічае ў гульнях, таму, думаю, ён захоча быць бліжэй да эпіцэнтру. Красная паляна, безумоўна. У нас у горадзе ёсьць санаторый, які будзе прымаць турыстаў, заўзятараў. Гэта такая гасьцявая база, як кажуць, зона алімпійскай гасьціннасьці, яна цягнецца да месца пад назвай Мамайкі. Санаторый „Беларусь“ у гэтую зону таксама трапляе, таму тут будзе досыць людна. Да таго ж няма сэнсу езьдзіць на аб’екты праз горад, нашмат зручней гэта рабіць непасрэдна з Краснай паляны. Нават калі разважаць лягічна, то, зразумела, гэта будзе Красная паляна».

Тым часам яшчэ пры канцы 2012 году з адной з камандзіровак у Менск не вярнуўся на працоўнае месца дырэктар санаторыя «Беларусь» Георгі Саракашыш. Толькі праз некалькі месяцаў ён «знайшоўся» у СІЗА КДБ. У працэсе «перабудовы» Камітэт дзяржкантролю Беларусі выявіў факты злоўжываньня службовым становішчам, аднак мінуў ужо больш як год, а абвінавачаньняў гаспадарніку так і не прад’явілі. На фінішную прамую санаторныя аб’екты выводзілі ўжо ягоныя наступнікі.
XS
SM
MD
LG