Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: 19 сьнежня — дата ня знакавая


Кастрычніцкая плошча 19 сьнежня 2013
Кастрычніцкая плошча 19 сьнежня 2013

19 сьнежня Аб’яднаная грамадзянская партыя заклікала далучыцца да акцыі, прысьвечанай Плошчы-2010.

«Тры гады таму ўлады наладзілі правакацыю супраць уласнага народа і брутальна разагналі Плошчу. Многія ўдзельнікі мірнага сходу былі тады арыштаваныя, некаторыя знаходзяцца пад вартай да сёньняшняга дня», — нагадвае прэс-служба АГП.

У гэты дзень сябры АГП паставяць у царкве і касьцёле сьвечкі памяці, а таксама — сьвечкі салідарнасьці з удзельнікамі Эўрамайдану ў Кіеве.

АГП плянуе падпісаць навагоднія паштоўкі на адрас ураду з патрабаваньнем добраахвотна сысьці ў адстаўку. Апроч таго, у гэты дзень у партыйных офісах правядуць збор подпісаў «за адстаўку непрафэсійнага ўраду, які абірае ўласны народ увядзеньнем разнастайных падаткаў і пошлін».

Ці будуць адзначаць 19 сьнежня іншыя апазыцыйныя партыі?

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя лічыць прапанову АГП слушнай, паведаміў карэспандэнту Свабоды актывіст БХД Дзяніс Садоўскі.

«Мы падтрымліваем, калі 19 сьнежня ўдзельнікі мірнай акцыі пратэсту, якая адбылася ў 2010 годзе, і проста неабыякавыя людзі прыйдуць у царкву і запаляць сьвечку памяці ў знак таго, што мы не здаемся і працягваем барацьбу. Але хочам дадаць, што партыя БХД таксама ў гэты дзень заклікае максымальную колькасьць людзей напісаць лісты палітвязьням, якія цяпер знаходзяцца ў турмах за свае перакананьні і якім неабходная наша падтрымка і салідарнасьць. Таму хацелі б назваць 19 сьнежня днём салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што ніякіх акцыяў у гэты дзень не плянуецца:

«Безумоўна, 19 сьнежня — гэта сумная дата ў беларускай гісторыі. Але яна не зьяўляецца нейкай знакавай і пераломнай. Таму неяк асабліва мы яе не адзначаем».

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што наведваньне культавых устаноў — гэта прыватная справа і ня трэба рабіць з гэтага нейкае шоў.

«Калі казаць пра гэтую ініцыятыву, то — так, гэта спроба нагадаць пра тыя падзеі, магчыма, не зусім удалая. Бо наўрад ці такімі дзеяньнямі, як падпісваньне паштовак ці збор подпісаў супрацоўнікаў офісу, можна сур’ёзна ўзьняць грамадзкую думку. Я думаю, што калі пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ўзгадаюць незалежныя СМІ, то значна большая аўдыторыя будзе ахоплена і інфармацыя будзе эфэктыўна данесена. Мы ня бачым вялікай патрэбы, каб нешта адмысловае ладзіць. На сёньня гэта ня ёсьць нейкай прыярытэтнай мэтай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG