Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ад далучэньні Сэрбіі да Эўразьвязу пачнуцца ў студзені


Штэфан Фюле
Штэфан Фюле

Камісар Эўразьвязу па пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле паведаміў, што перамовы з Сэрбіяй наконт ўступленьня гэтай краіны ў Эўразьвяз пачнуцца ў студзені наступнага года.

Фюле напісаў у «Твітэры», што такое рашэньне было ўзгодненае міністрамі па эўрапейскіх справах ў аўторак. Яны, паводле Штэфана Фюле, адзначылі намаганьні Бялграда на шляху рэформаў і нармалізацыі сувязяў.

Эўразьвяз раней заяўляў, што рашэньне Брусэля аб пачатку перамоваў зь Бялградам будзе залежаць ад нармалізацыі адносін Сэрбіі з часткова прызнанай рэспублікай Косава.

Бялград па-ранейшаму адмаўляецца прызнаваць незалежнасьць Косава, але пагадзіўся ў рамках падпісанай пры пасярэдніцтве Эўразьвязу дамовы з Прышцінай на захады па паляпшэньні сувязяў.

Спачатку гэтыя перамовы плянавалі пачаць ужо ў гэтым месяцы, але тады супраць выступіла Нямеччына, баючыся магчымага зрыву перамоваў аб дамоўленасьці адносна судаводзтва на поўначы Косава, дзе большасьць насельніцтва складаюць сэрбы, якія не прызнаюць косаўскай незалежнасьці; такой дамоўленасьці ўсё ж дасягнулі на мінулым тыдні.

У чэрвені Эўрапейская рада рэкамэндавала пачаць з Сэрбіяй перамовы аб яе ўваходзе ў ЭЗ і пастанавіла, што гэтыя перамовы павінны пачацца не пазьней як у студзені наступнага года.

Сэрбія стала афіцыйным кандыдатам на ўступленьне ў сакавіку мінулага года, а афіцыйную заяўку на ўступленьне падала ў канцы 2009-га , за некалькі дзён да падачы заяўкі краіна атрымала бязьвізавы рэжым з краінамі «шэнгена» для кароткатэрміновых наведваньняў яе грамадзянамі.

Вясной 2008 года Сэрбія падпісала з ЭЗ пагадненьне аб стабілізацыі і асацыяцыі — разнавіднасьць пагадненьняў аб асацыяцыі, якія Эўразьвяз прапаноўваў краінам Балкан; гэтае пагадненьне ўступіла ў сілу пасьля ратыфікацыі ўсімі бакамі, уключаючы ўсімі краінамі ЭЗ, толькі 1 верасьня гэтага года. Перамовы аб гэтай дамове пачаліся ў 2005-м.

Эўрапейскі зьвяз зацьвердзіў Сэрбію як патэнцыйнага кандыдата на сяброўства ў 2003 годзе пасьля таго, як краіна пачала рэформы пасьля падзеньня рэжыму Слабадана Мілошавіча ў 2000 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG