Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: інваліда караюць спагнаньнямі і адзіночкай


Пётар і Людміла Кучуры
Пётар і Людміла Кучуры
Як сьцьвярджае жанчына, мужа беспадстаўна караюць спагнаньнямі. Людміла Кучура заяўляе, што 58-гадоваму асуджанаму кіраўніцтва калёніі помсьціць за распаўсюджаныя зьвесткі пра збор сродкаў у калёніі. Паводле жанчыны, ні муж, ні яна тых зьвестак не распаўсюджвалі. Пасьля скаргаў у дзяржаўныя структуры Людміла Кучура зьвярнулася ў грамадзкую камісію пры ўпраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму, каб тая паспрабавала разабрацца ў сытуацыі. 10 сьнежня прадстаўнікі камісіі наведалі калёнію.

Пётар Кучура – інвалід трэцяй групы па сардэчным захворваньні. Інваліднасьць, як кажа ягоная жонка, атрымаў у калёніі. Са слоў Людмілы Кучуры, сур’ёзных спагнаньняў ён ня меў, але неспадзявана за паўтара месяца яму вынесьлі адразу сем спагнаньняў.

«І вось у нас сем гэтых спагнаньняў. Потым адразу ШЫЗА; па выхадзе адтуль мужа адразу зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Цяпер ён знаходзіцца ў адзіночцы. І ў адзіночцы яму зноў вынесьлі спагнаньне за сон. Яны не спыняюцца. Я і прэзыдэнту пішу, і была на прыёме ў міністра ўнутраных спраў, і ў Генэральную пракуратуру пісала – і ніхто праверак не праводзіць. Прыходзяць адпіскі. Я нічога не магу дабіцца, а зьдзекі з мужа працягваюцца», – даводзіць Людміла Кучура.

Паводле Людмілы, сёлета 5 ліпеня на сайце грамадзкай арганізацыі «Плятформа» быў апублікаваны артыкул, які й даў нагоду для перасьледу зьняволенага мужа.

«Гэты артыкул тычыўся пабораў у асуджаных і іхных сваякоў менавіта ў папраўчай калёніі №15 Магілёва. Яны чамусьці зьвязалі маю просьбу з гэтым артыкулам. Сьпіс на збор сродкаў быў вывешаны на дошцы аб’яваў, і яго нехта сфатаграфаваў. Яны палічылі, што гэта маглі зрабіць толькі я і мой муж», – кажа Людміла Кучура.

За дзень да публікацыі Людміла Кучура зьвярталася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў з просьбай дазволіць асуджаным улетку замест кірзавых ботаў насіць туфлі, бо бальшыня зэкаў маюць грыбковыя захворваньні ног. Прасіла яна і дадатковы душ для іх.

Людміла кажа, што пра першыя спагнаньні муж пасьпеў паведаміць сам праз тэлефон. Пра далейшую хаду падзеяў яна даведалася ад вызваленага сядзельца вязьніцы. Муж, сьцьвярджае Людміла, намагаўся давесьці адміністрацыі калёніі, што ён не распаўсюджваў зьвестак пра паборы, але марна. Тое, што адбываецца з мужам, Людміла называе катаваньнем.

«Калі мужа завялі ў камэру, дык ва ўнітаз і ўмывальнік, як ён мне сказаў, было засыпана зь вядро хлёркі. Ён хацеў гэта змыць, але каналізацыя была забітая. Ён ледзьве не памёр ад рэакцыі вады з хлёркай. А нам адказваюць, што ў калёніі хлёркі няма. Мужу ў камэру заточку падкінулі са шкла 18 сантымэтраў, і мне даецца адказ, што так, было шкло, але яно засталося пасьля другога асуджанага. Майго мужа паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да суіцыду. Пасьля таго, як яму падкінулі заточку, да яго адразу прыйшоў псыхоляг», – кажа Людміла Кучура.

Двое прадстаўнікоў грамадзкай назіральнай камісіі ня ўгледзелі парушэньняў правоў асуджанага. Яе старшыня, сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтру Віктар Сідарэнка кажа, што ён гутарыў і зь Пятром Кучурам, і з кіраўніцтвам калёніі.

«Супраць яго ўсё афіцыйна аформлена – не падкапаесься. Ён на асьвятленьне скардзіўся. Мы папрасілі, каб лямпачку замянілі. Казаў, што сядзець яму кепска. У памяшканьні камэрнага тыпу холадна, што вада дужа халодная. У яго трэцяя група інваліднасьці. Лекар да яго прыходзіць, лекі дае. Яго нават ад працы вызвалілі, улічваючы ўзрост і стан. Ён, бывае, прысядзе ля батарэі, а гэта ўжо парушэньне рэжыму. Бывае, што ляжа – кажа, што сьпіна баліць», – паведаміў Віктар Сідарэнка.

Паводле суразмоўцы, Пётар Кучура цяпер піша скаргу ў Савет бясьпекі на імя Віктара Лукашэнкі. У ёй намагаецца давесьці, што асудзілі яго несправядліва.

Пётра Кучуру асудзілі на 18 гадоў за забойства дзяржаўнага інспэктара па наглядзе за расьлінным і жывёльным сьветам пры прэзыдэнце Беларусі. Па амністыі пакараньне на год зьменшылі. Ён адседзеў дзевяць. Людміла Кучура лічыць, што асудзілі мужа незаконна. Справу сфальсыфікавалі, і гэтаму ёсьць доказы, цьвердзіць жанчына. Справа ў свой час была гучнай, бо ў ёй былі замяшаныя высокапастаўленыя чыноўнікі, якім, як настойвае Людміла Кучура, недаспадобы, намаганьні па выкрыцьці сапраўдных акалічнасьцяў справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG