Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамайдан: Кіеў наш!


«Аўтамайдан» у Кіеве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00

«Аўтамайдан» у Кіеве

Дзясяткі кіеўскіх аўтамабілістаў утвараюць калёны на вуліцах горада. Сьцягамі, клаксонамі і гучнай музыкай падтрымліваюць пратэстоўцаў, блякуюць вуліцы, не дазваляючы спэцпадразьдзяленьню міліцыі «Беркут» наблізіцца да людзей.

Сярод удзельнікаў пратэстаў у Кіеве — маладзейшыя і старэйшыя, багатыя і бедныя. Але ўдзельнікі «Аўтамайдану» пераважна маладыя людзі — уладальнікі свайго бізнэсу, ІТ-адмыслоўцы, журналісты і мастакі, артысты і мэнэджэры — новая сярэдняя кляса Ўкраіны. Яны арганізуюць свае аўтапрабегі праз сацыяльныя сеткі. Ім не шкада сваіх нятанных аўтамабіляў.



«Мы хочам паказаць, што ў Кіеве кіеўляне гаспадары, — кажа бізнэсовец Іван — Не прэзыдэнты, прэм’еры, а жыхары Кіева. Усё жыцьцё яны нам паказваюць, што яны гаспадары. Калі яны едуць — увесь горад стаіць. А цяпер мы хочам ім паказаць, што "стоп": тут гаспадары — кіеўляне».

Разам з Іванам у машыне сябры з Прыкарпацьця. Яны прыехалі, каб падтрымаць Майдан.

«У нас мабільная група, сабраная з аўтамабілістаў, — Ірына тлумачыць, як арганізаваныя аўтапрабегі, — У нядзелю мы езьдзілі на Міжгор’е (рэзыдэнцыя Віктара Януковіча — рэд.) 300 чалавек паехала. Гэта была абсалютна мірная акцыя. Па-першае, для таго, каб адцягнуць там сілы «Беркуту», па-другое, каб паказаць, што ўлада баіцца.
«Аўтамайдан» езьдзіць па спальных раёнах, каб данесьці рэвалюцыю да кожнага кіеўляніна.



На аўтамабілях налепкі «Всі на Йолку!». Слоган прыдумаў «народ», — кажуць аўтамайданаўцы.

Мэм «йолка» паходзіць ад выказваньня Януковіча. У сваёй прамове пасьля разгону пратэсту на Майдане незалежнасьці ён ня змог згадаць украінскага слова «ялинка». А яшчэ па інтэрнэце ходзіць відэа, дзе на ўкраінскага прэзыдэнта валіцца вянок зь яловых галінак.

Калі пачынаўся Майдан, улады спрабавалі забараніць людзям там зьбірацца з прычыны «усталяваньня ўрачыстай «йолкі» — дакладна такой самай, як стаіць на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Цяпер часткі гэтай кіеўскай «йолкі» укладзеныя ў барыкады вакол Майдана. А сама канструкцыя ўпрыгожаная рэвалюцыйнымі расьцяжкамі і сьцягамі.

Аўтамабілі ў аўтапрабегу розныя, але большасьсь даёлка ня танныя.



«ДАІ выдатна ставіцца да нас, — сьмяецца дзяўчына, — Калі ў нядзелю ішла наша калёна, мы разьбіваліся на часткі, каб людзі маглі пешкі прайсьці. І Даішнікі да нас падыходзілі, казалі нам: так-так, вось тут шчыльней блякуйце...!»

Аўтамайданаўцы арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі. Дзяжураць удзень і ўначы. 3-га сьнежня, калі людзі стаялі пад Радай, чакаючы рашэньня пра адстаўку Ўраду, аўтмайданаўцы выставілі блёк са сваіх аўтамабіляў. Зь іх жа па радыё людзі слухалі трансьляцыю паседжаньня рады.

Яшчэ частка аўтамабіляў стаяла ўздоўж тратуара і была гатовая пры патрэбе выставіць падвойны кардон — каб не пад’ехалі вадамёты.

«Галаву прабіць таньней, чым машыну, — кажа Анатоль на пытаньне, ці не шкада дарагіх аўтамабіляў. — Гэта ж уласнасьць!»

Але дубінкамі па машынах аўтамайдану білі і камяні кідалі. Праўда, аўтамаатараў гэта не спыніла.

«Я працую ў IТ. Зарабляю тры тысячы эўра. — кажа Ірына. — Я буду іх зарабляць і пры Януковічу і безь яго. Але мне трэба без».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG