У Кіеве працягваецца грамадзкі пратэст супраць рашэньня ўрада Ўкраіны прыпыніць на нявызначаны час працэс эўрапейскую інтэграцыю.
Цягам сутак тут дзейнічаюць два пункты пратэсту — на Майдане Незалежнасьці, дзе людзі знаходзяцца ад чацьвярга, і на Эўрапейскай плошчы, дзе ўчора правялі стотысячнае народнае веча і ўсталявалі намётавы гарадок.
Радыё Свабода вядзе жывую трансьляцыю са сталіцы Ўкраіны.
На Майдане Незалежнасьці спэцатрад міліцыі «Бэркут» нібыта з-за падрыхтоўкі да навагодніх сьвятаў увесь час націскае дэманстрантаў, гарадзкія ўлады хочуць тут усталяваць навагоднюю ёлку і каток, хоць у Кіеве цёплае надвор’е — да 10 градусаў цяпла.
Каля пятай раніцы ў выніку яшчэ адной атакі міліцыя выйграла яшчэ некалькі мэтраў плошчы, на якіх камунальнікі плянуюць заліваць лядовы каток.
На Эўрапейскай плошчы устаноўленыя два дзясяткі намётаў, і гэтай ноччу там грэліся тыя, хто не абараняў у гэты час агароджаны мэталічнымі платамі пэрымэтр намётавага мястэчка. За ноч час дэманстранты адбілі дзьве атакі «Бэркута».
На Храшчаціку і Эўрапейскай плошчы «Бэркут» сілай адціснуў мітынгоўцаў з праезнай часткі, аднавіўшы такім чынам рух на гэтых вуліцах.
Ёсьць траўмаваныя актывісты. На Майдане Незалежнасьці знаходзіцца каля 500 чалавек.
Лідэр фракцыі "Бацькаўшчына" Арсеній Яцанюк заявіў, што забараніць правядзеньне Эўрамайдану можа толькі Вярхоўная Рада, а не рашэньне суда .
Яцанюк выказаў перакананьне, што праваахоўнікі і ў далейшым будуць спрабаваць перашкодзіць мітынгоўцам, аднак заявіў, што «мы і далей будзем адбівацца». Паводле яго слоў, мітынгоўцаў спрабуюць згуртаваць на Майдане, таму што «трэба абараняць адну кропку» .
Раней Каардынацыйная рада Эўрамайдану прыняла рашэньне застацца на Майдане Незалежнасьці у Кіеве да 29 лістапада ўключна, калі ў Вільні пройдзе саміт Усходняга партнэрства Эўразьвяўзу.