Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт даў Украіне яшчэ адзін шанец


Назіральная місія Эўрапейскага парлямэнта ў складзе экс-прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і экс-прэзыдэнта Эўрапарлямэнта Пэта Кокса падоўжаная да Віленскага.

Такое рашэньне было прынятае на канфэрэнцыі прэзыдэнтаў Эўрапарлямэнта ў сераду ўвечары ў Брусэлі, паведамляе ВВС.

Як паведаміў прэзыдэнт Эўрапарлямэнта Марцін Шульц на прэсавай канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня, кіраўнікі місіі прадставілі справаздачу аб сваёй дзейнасьці ва Ўкраіне.

«Канфэрэнцыя аднагалосна ўхваліла рашэньне падоўжыць мандат, перш за ўсё да апошніх хвілін перад пачаткам Віленскага саміту, каб паспрабаваць знайсьці рашэньне»,— сказаў спадар Шульц.

Ён таксама адзначыў, што хоць місіі пакуль і не ўдалося вырашыць пытаньне Юліі Цімашэнка, аднак у многіх іншых справах яны дасягнулі прагрэсу.

Марцін Шульц адзначыў, што ўпершыню Эўрапарлямэнт як эўрапейскі інстытут дзейнічаў з мэтай вырашэньня складаных праблем у трэцяй краіне, і гэтая дзейнасьць у цэлым аказалася пасьпяховай.

У сваю чаргу Пэт Кокс адзначыў, што місія ўсё яшчэ мае пэўныя надзеі на тое, што на наступным тыдні ўкраінскі парлямэнт зможа прыняць закон аб лячэньні зьняволеных за мяжой, а таксама ў другім чытаньні законы аб пракуратуры і аб выбарах.

Ён дадаў, што на наступным тыдні місія будзе знаходзіцца ва Ўкраіне.

«Мы вернемся ня для ўмяшаньня, а для апошніх парадаў, якія мы толькі можам зрабіць»,— сказаў Пэт Кокс.

Аляксандр Квасьнеўскі адзначыў, што самым складаным застаецца пытаньне Юліі Цімашэнка. Пры гэтым, ён выказаў асьцярожны прагноз аб магчымасьці падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ на Віленскім саміце «Ўсходняга партнэрства»:

«Якія шанцы на пошук рашэньня? Я бы ўсё яшчэ сказаў 50 на 50»,— сказаў ён.

Раней у сераду, знаходзячыся ва Ўкраіне, прадстаўнікі місіі назвалі 19 лістапада апошнім днём прыняцьця эўраінтэграцыйных законаў. Пра гэта яны паведамілі ў Вярхоўнай Радзе пасьля закрыцьця пазачарговага пасяджэньня парлямэнта, якое аказалася безвыніковым.

Саміт Усходняга партнэрства, на якім можа быць падпісана Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, адбудзецца 28–29 лістапада ў Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG