Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд Маладога фронту ў Менску заклікаў да эканамічных санкцый

абноўлена

У сядзібе Партыі БНФ у Менску прайшоў VIII зьезд Маладога фронту.Абраныя тры сустаршыні – Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Андрусь Цянюта.

20:37 26.10.2013
Зьміцер Дашкевіч пра далейшыя пляны Маладога фронту:

«Мы будзем займацца мясцовымі выбарамі, сплянуем шэраг кампаній. Я не займаўся гэтым плянаваньнем, мяркуючы, што ўжо ня буду кіраўніком МФ. Зважаючы, што зьезд прыняў такое рашэньне, я буду займацца такім плянаваньнем.

Вынікі зьезду добрыя. Некаторыя людзі думалі, што прыйшлі, будуць капрызы свае дэманстраваць, „за“, „супраць“, не прайшло мае рашэньне — буду здымацца. Ну добра, не жадаеце кіраваць — будуць іншыя. Былі значна больш крытычныя сытуацыі ў МФ, калі і шашкі даставалі. Цяпер людзі будуць больш адказна ставіцца».
20:37 26.10.2013
Іван Шыла пра вынікі першай сэсіі зьезду:

«Я хутчэй задаволены, бо сёньня ні ў адной моладзевай арганізацыі такая сытуацыя проста не магчымая. Наогул, за апошнія гадоў сем у Беларусі ў палітычных арганізацыях альбо партыях падобных зьездаў — калі нейкая інтрыга — у прынцыпе не было. То бок, як прайшоў зьезд моладзі БХД, там няма ніякіх імёнаў, няма інтрыгаў і спрэчак. Тое, што адбылося ў нас, — добра, бо ёсьць розныя людзі і погляды».
20:11 26.10.2013
Зьміцер Дашкевіч пра вынікі дыскусіі па сацыяльных сетках:

«Людзі, якія пішуць у гэтых сацыяльных сетках, павінны ўсьведамляць адказнасьць. Проста я назіраю такую сытуацыю. Калі чалавек размаўляе сам-насам, у яго ўсё ж ёсьць нейкія маральныя бар’еры. Ён ня можа там іх пераходзіць. А калі ён сядзіць недзе за клявіятурай, то ён ужо чэша ўсё, што хоча. А ў гэтай суполцы ніхто мацюкі не выдаляў. Вось да якой брутальнасьці даходзіць. Мы пачалі высьвятляць і ня можам зразумець, хто туды піша. Хто гэтыя 20 чалавек, якія абнаўляюць гэтыя суполкі? І калі яны пішуць гэтую брутальшчыну, то няхай паставяць яе ў сябе «Ўкантаце» ці іншай сетцы. Падпішыце сваё імя — і гэта будзе вашая пазыцыя. А яны выстаўляюць мацяршчыну і падпісваюцца імём Малады фронт, не запытаўшыся, ці хочуць іншыя сябры арганізацыі бачыць такую брутальшчыну ад імя Маладога фронту. Цяпер будуць больш адказна падыходзіць да словаў, якія выстаўляюць на ўсеагульны агляд. На зьезьдзе вырашана, што ўсё, зьвязанае з мацяршчынай, брутальшчынай, сэксуальнымі вычварэньнямі будзе выдаляцца. Гэта цэнзура, але яна тычыцца мацяршчыны і сэксуальных вычварэньняў.

Я не жадаю, каб „Укантакце“ ад імя МФ пісалі, „хто за байкот, той пайшоў на х...“ Такія паводзіны — гэта блявоціна. І я буду іх цэнзураваць».
19:51 26.10.2013
Іван Шыла падводзіць вынікі дыскусіі адносна суполкі МФ у сацыяльных сетках:

«Вельмі не хацелася б, каб Малады фронт на зьезьдзе палову часу прысьвячаў вырашэньню пытаньня, хто і што напісаў „Укантакце“. Я адразу казаў, што гэта не пазыцыя МФ, а гэта проста адпавядае таму, што сёньня адбываецца ў інтэрнэце з палітычнай тэматыкай у любым разе. Апроч жартаўлівых пастоў там ёсьць сур’ёзныя рэчы. І гэта праблема тых людзей, якія не разумеюць жарты. Мне шкада, што ня ўсе ў гэтым арыентуюцца.

Тут на зьезьдзе была канкрэтная сытуацыя, што многія проста не чыталі, але асуджаюць. Гэта я недзе ўжо чуў. Сумна, што так адбылося. Калі зьбіраюцца выдаліць усе пасты, я перасьцерагаю дэлегатаў зьезду, што гэта ня той шлях, які трэба выбіраць.

Я ня думаю, што існуюць нейкія праблемы, якія трэба наогул выстаўляць на галасаваньне — па гэтым ўсім можна дамаўляцца. У нас былі пэўныя моманты, і ўсё гэта вырашалася.

Але зьявіўся Зьміцер Дашкевіч, які па-іншаму на гэта глядзіць, зьявіўся Павал Севярынец з БХД, які, напэўна, вырашыў зноў моцна ўплываць на МФ. Яны й зрабілі, каб гэтае рашэньне было прынятае.

Я лічу, займацца цэнзураваньнем суполкі, невядома паводле якіх крытэраў нешта там выдаляць, тым больш людзям, якія ў гэтым не арыентуюцца, ня варта. У моладзевых арганізацый сёньня ёсьць суполкі, якія праглядае ў месяц 400 чалавек. У нас мінімальныя аўдыторыя ў гэтым месяцы ўжо 20 тысяч чалавек. Я думаю, што ў іх так добра не атрымаецца».
18:44 26.10.2013
Абраны аргкамітэт другой сэсіі зьезду. Ён вызначыць дату зьезду.

Закрываецца зьезд гімнам «Пагоня».
18:35 26.10.2013
Дашкевіч кажа, што давядзецца правесьці другую сэсію зьезду. Прапануецца абраць аргкамітэт.
18:33 26.10.2013
Абралі двух сустаршыняў — Зьміцер Дашкевіч і Андрусь Цянюта. Трэці сустаршыня не абраны.
18:29 26.10.2013
Праходзіць таемнае галасаваньне па трох кандыдатурах сустаршыняў: Зьміцер Дашкевіч, Вадзім Белы і Андрусь Цянюта. Ім трэба набраць 50 плюс 1 голас. Калі гэтага не адбудзецца, давядзецца правесьці другую сэсію зьезду.
Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта
18:03 26.10.2013
Лобава абралі на пасаду сустаршыні галасаваньнем. Абмяркоўваюцца кандыдатуры на пасады яшчэх трох сустаршыняў. Прапануецца Андрусь Цянюта і Зьміцер Дашкевіч. Наста Дашкевіч, Уладзімер Яроменак, Іван Шыла, Рома Васільеў, Алесь Кіркевіч і Мікола Дземідзенка ўзялі самаадвод.
17:37 26.10.2013
Галасаваньнем вырашана, што МФ уводзіць новую форму кіраваньня — сустаршынства. Зьміцер Дашкевіч прапануе на пасаду сустаршыні Эдуарда Лобава — палітвязьня, сябра МФ. Лобаў цяпер адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі № 22 («Ваўчыныя норы»).
Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
17:36 26.10.2013
Дыскусыя пра працу суполкі МФ у сацыяльных сетках аднавілася пасьля перапынку. Урэшце прагаласавалі за тое, каб дазволіць Зьмітру Дашкевічу выдаляць пасты, зьмест якіх супярэчыць хрысьціянскім каштоўнасьцям.
17:04 26.10.2013
Прапанова зрабіць мадэратарам суполкі МФ «Укантакце» Зьмітра Дашкевіча не прайшла — не хапіла галасоў. Абвясьцілі перапынак.
16:59 26.10.2013
Ідзе дыскусыя наконт дзейнасьці суполкі МФ «Укантакце». Прапаноўваецца, каб пад шыльдай МФ не гучалі такія рэчы, якія супярэчыць рэзалюцыі, прапаганда гомасэксуалізму і лаянка матам. Павал Севярнец прапануе суполку не зьнішчаць, а зьмяніць: даручыць Дашкевічу мадэраваць яе. Іван Шыла прапануе ў дзейнасьць суполкі ня ўмешвацца і не дапускаць ніякай цэнзуры.
Павал Севярынец
Павал Севярынец
16:33 26.10.2013
Рэзалюцыя «Каштоўнасны падмурак» прынятая.
16:27 26.10.2013
Іван Шыла прапанаваў не прымаць гэту рэзалюцыю. Ён не задаволены абмеркаваньнем у суполцы МФ «Ўкантакце». Кажа, што ня ў стане некага называць «вырадкамі». Ніякай дыскрымінацыі быць ня можа.
Іван Шыла
Іван Шыла

Мікалай Дземідзенка: «Ня ўпэўнены, што гэтая рэзалюцыя будзе працаваць, хаця я таксама супраць прапаганды гомасэксуалізму».
16:24 26.10.2013

Дашкевіч: «Не падтрымліваю ЛГБТ-прапаганду, як і БТ — прапаганду»


Дашкевіч кажа пра дыскусіі ў сацыяльных сетках пад шыльдай МФ пра каштоўнасны падмурак: «Не падтрымліваю ЛГБТ-прапаганду, як і БТ — прапаганду». Ён кажа, што гэтая дыскусія падрывае асновы арганізацыі. Яна навязваецца штучна.
16:23 26.10.2013

МФ назваў гомасэксуалізм маральнай разбэшчанасьцю


Дэлегаты абмяркоўваюць рэзалюцыю «Каштоўнасны падмурак». У ёй арганізацыя пацьвярджае прыхільнасьць нацыянальнай ідэі ды хрысьціянскім прынцыпам. У рэзалюцыі гаворыцца, што дзейнасьць у МФ несумяшчальная з прапагандай любых ідэй, якія супярэчаць хрысьціянскім каштоўнасьцям — ці таталітарных ідэалёгіяў (камунізму, нацызму), ці маральнай разбэшчанасьці (п’янства, наркаманіі, пэдафэліі, гомасэксуалізму). Любы сябра, які прапагандуе гэтыя ідэі аўтаматычна губляе сяброўства ў МФ.
16:04 26.10.2013
МФ заклікаў не запрашаць прадстаўнікоў улады на саміт «Усходняга партнэрства»

Ухвалена рэзалюцыя «Ўсходняе партнэрства — без дыктатара». Малады фронт заклікаў «не запрашаць дыктатара Лукашэнку ці ягоных прыхвасьняў на саміт „Усходняга партнэрства“ у Вільні, пакуль зь беларускіх турмаў ня будуць вызваленыя палітычныя апанэнты рэжыму Лукашэнкі і пакуль ня спыніцца перасьлед іншадумства ў Беларусі».
16:02 26.10.2013
Аляксей Шэін: «Назва „фронт“ кажа, што мы на вайне. Лінія фронту ідзе паміж дабром і злом. Наша задача быць на баку дабра. Мы моцныя, калі МФ на баку дабра. Лукашэнка — гэта толькі часовая пэрсаніфікацыя. Зло — гэта ня толькі дыктатура. Гэта і аборты, сэксуальныя вычварэньні, страх».
16:01 26.10.2013
Малады фронт патрабуе вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў і заклікае дэмакратычныя краіны да эканамічных санкцый.

У сядзібе Партыі БНФ у Менску пачаўся VIII зьезд Маладога фронту. Дэлегаты абяруць кіраўніцтва арганізацыі, распрацуюць новае бачаньне палітычнай дзейнасьці й зацьвердзяць плян правядзеньня грамадзкіх кампаніяў. Напярэдадні было заяўлена, што маладафронтаўцы не зьбіраюцца падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ў Мін’юст, бо неаднаразовыя спробы зарэгістравацца раней былі безвыніковымі.

Зьміцер Дашкевіч пачаў зьезд. Зарэгістраваліся 55 дэлегатаў. У пачатку яны прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Андрусь Кім: «Малады фронт нікуды ня зьнік. Гэта арганізацыя адзіная, якая ваюе, якая абвяшчае хрысьціянскія прынцыпы вышэй за астатнія. Жадаю МФ быць камянём, які мае патэнцыял зламаць машыну рэжыму».

Дэлегаты прынялі рэзалюцыю «Свабоду палітвязьням». У ёй патрабуецца вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў:

«Без патрабаваньня рэабілітацыі палітвязьняў само па сабе патрабаваньне вызваліць палітвязьняў — гандаль людзьмі. Сёньня Лукашэнка прадасьць адных закладнікаў, заўтра набярэ іншых. Мы канстатуем, што за апошнія тры гады сытуацыя ў гэтай сфэры толькі пагоршылася, нягледзячы на вызваленьне некаторых апанэнтаў улады».

Маладафронтаўцы заклікалі дэмакратычныя краіны да эканамічных санкцый на час, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні.

Да ліку палітвязьняў дадалі ксяндза Ўладзіслава Лазара і Васіля Парфянкова.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG