Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто сьмяецца з апошніх


Гэтай далёкай ночы беларусам не абмінуць — нават калі панаставіць паўсюль лямпадак вечнага адраджэньня, запаліць у кожным з пакояў памяці па лямпачцы «Белсьвятло» і ўключыць над галавой самыя моцныя пражэктары, здольныя ўвадначасьсе стварыць ілюзію раніцы і росквіту. У пэўным сэнсе яна, тая ноч, працягваецца дагэтуль, і цяперашнія цёмныя часы — яе рэха, яе даляцелы да нас згустак змроку. Гэтая ноч прыгадваецца кожнага разу, калі цябе точыць чарвяк паразы, калі навакольнае паскудзтва падступае да самых дзьвярэй.

Ня здарылася б гэтай кастрычніцкай ночы — цяпер усё магло б быць інакш. З мовай, зь літаратурай, са сьвядомасьцю і падсьвядомасьцю, з памяцьцю — нават з клятым кніжным рынкам, у адсутнасьць якога даўно ўпіраюцца ўсе размовы пра беларускае кнігавыданьне. Магчыма, нават твары ў беларусаў былі б іншыя. І пагляды. І выразы вуснаў. І ўзровень пакоры ў патыліцах.

Мы ўсе былі б цяпер іншыя, пісалі б інакш, інакш чыталі б і гаварылі — і крыху іншай была б краіна.

Са ста трох чалавек, прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты, асуджаных да сьмерці, у тую ноч была расстраляная большасьць. На другі дзень расстралялі яшчэ больш за трыццаць чалавек. Усяго тая восень зрабілася апошняй для шасьцісот дзеячоў. Паводле Леаніда Маракова, было рэпрэсавана 90 адсоткаў літаратараў, кожны трэці настаўнік, амаль кожны сьвятар і кіраўнік буйнога прадпрыемства.

Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Ізі Харык, Юрка Лявонны, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Янка Нёманскі, Валеры Маракоў, Масей Кульбак — і дзясяткі іншых. Людзям, якія сьмяюцца з убоства беларускай літаратуры, варта было б пазнаёміцца з гэтымі імёнамі і з гэтымі біяграфіямі — а там, можа, і ржаць расхочацца. Глебка ды Броўка — гэта вынік, а не прычына.

Сёньня ў Беларусі зноў адзначаць Дзень камсамолу. Мо і бяз помпы, але зноў будзе «празьнік». Акурат у той дзень адзначаць, калі мы, колішнія камсамольцы, прыгадаем самую страшную ноч у гісторыі беларускай культуры. Наўрад ці гэта простае супадзеньне. А яны і ня ўспомняць, яны нічога ня ведаюць і ведаць ня хочуць ні пра якія ночы. І ня бачаць ніякай сувязі. Пры чым тут камсамол, скажуць самыя дасьведчаныя — даносы рабілі самі дзеячы. Стучалі адзін на аднаго як апантаныя.

Рытарычныя пытаньні тут сапраўды недарэчы. Некаторыя любяць патэтычна ўсклікнуць: за што іх, нашую эліту, безь ніякае правіны? Таксама любяць згадаць пра сфабрыкаванасьць справаў. А яны, расстраляныя ў тую ноч, і праўда былі вінаватыя. У тым, што думалі. У тым, што былі беларусамі. Сумяшчаць гэта з даўніх часоў ня модна і рызыкоўна для жыцьця.

Эліты былі зьнішчаныя. Ім на зьмену прыйшлі прыстасаванцы і канфармісты. Тыя, у каго страх быў ужо ў клетках. Хто душыў здольнасьць думаць адным элегантным рухам задніцы. Ім і давялося ствараць новую культуру. Наступствы адчуваюцца ва ўсім. Слугі і лёкаі не ствараюць мастацтва.

Калі ў дзевяностых наракалі на тое, што беларуская культура нецікавая, калгасная, што адстаем, што не ўрубаемся, што неактуальныя; калі акадэмікамі дагэтуль завуцца людзі, якія два словы зьвязаць ня могуць; калі начальнікі розных узроўняў сінеюць і лопаюцца ад любога, нават найменшага інтэлектуальнага намаганьня; калі крытыкі ў незалежных выданьнях брэшуць і пырскаюць сьлінай, падпісваючы прысуды аўтарам і патрабуючы цэнзураваць, забараняць, затыкаць, а лепш вешаць на асіне тых, хто ім не даспадобы — гэта ўсё тая ноч рагоча нам у сьпіну.

І гэта выклік. Хто маладзейшы, той яго прымае. Здаецца, лепш за ўсіх пра тую ноч напісаў паэт Антон Рудак.

«...колькі было нас? сотні, ці, можа, тысячы,
зьнішчылі голас, з памяці сьцерлі абліччы,
творы імёны — а засталіся лічаныя:
купала, колас і паўтара ананімшчыка.

згадвайце часам нас на дзяды і на радаўніцу —
усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам,
празаікаў і паэтаў, крытыкаў, перакладчыкаў —
прывет вам у вашае гета з нашае вязьніцы.

працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі,
пішыце замест, усім дакажыце — вы лепшыя,
усё, што на допытах з нас ня вырвалі сьледчыя —
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні.

аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG