Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мінімізаваць ціск Расеі на «Ўсходняе партнэрства»?


Беларусь на канфэрэнцыі ў рамках «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу прадстаўляла апазыцыя.

У Вялікабрытаніі сёньня скончылася канфэрэнцыя, прысьвечаная «Ўсходняму партнэрству» Эўразьвязу. Арганізавала яе брытанскае Міністэрства замежных спраў.

Форум быў прымеркаваны да саміту, які пройдзе 28–29 лістапада ў Вільні. На саміце чакаецца падпісаньне дамоваў аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю паміж Эўразьвязам і некаторымі краінамі «Ўсходняга партнэрства». Беларусь такую дамову падпісваць ня будзе.

У канфэрэнцыі, якая адбывалася ў графстве Сасэкс, узялі ўдзел міністар Вялікабрытаніі па справах Эўропы Дэвід Лідынгтан, міністар замежных спраў Польшчы Ўладзіслаў Сікорскі, міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў краін Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства».

Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўлялі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік і дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі.

Аляксей Янукевіч распавёў у інтэрвію Радыё Свабода:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Асноўная тэма канфэрэнцыі — наколькі краіны „Ўсходняга партнэрства“, якія рыхтуюцца да падпісаньня дамовы пра асацыяцыю, гатовыя да гэтага, што яшчэ можа і павінна быць зроблена ў той кароткі час, які застаецца да віленскага саміту, які адбудзецца 28–29 лістапада».

Паводле Аляксея Янукевіча, агучаныя ацэнкі ролі Расеі ў гэтым працэсе цалкам адэкватныя:

«Вялікая частка дыскусіяў была прысьвечаная Расеі, ацэнцы той ролі, якую Расея імкнецца адыгрываць і адыгрывае сёньня ў нашым рэгіёне. Гаварылі таксама пра тое, як можна мінімізаваць наступствы магчымай нэгатыўнай рэакцыі зь яе боку на падпісаньне дамоваў некаторымі краінамі.

Адзін з удзельнікаў дыскусіі заявіў, што Расея не імкнецца быць уключанай у гэты працэс, а хоча будаваць альтэрнатыўны цэнтар прыцягненьня з альтэрнатыўнымі каштоўнасьцямі. Сярод іншага абмяркоўвалася, як абараніць тыя краіны, якія падпішуць дамову пра асацыяцыю і сутыкнуцца з энэргетычным шантажом ці іншым ціскам з боку Расеі, якія могуць быць хуткія альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі энэргетычных рэсурсаў».

«Усходняе партнэрства» — праект Эўрапейскага Зьвязу, скіраваны на паглыбленьне адносінаў з шасьцю краінамі былога СССР. Праект быў абвешчаны міністрам замежных спраў Польшчы пры ўдзеле Швэцыі 26 траўня 2008 году. Першы саміт краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» адбыўся 7 траўня 2009 году ў Празе з удзелам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG