Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольная карыда для зборнай Беларусі


Зборная Беларусі па футболе на матчы з Францыяй
Зборная Беларусі па футболе на матчы з Францыяй
Футбольная зборная Беларусі бясслаўны завяршыла чарговы адборачны цыкль да чэмпіянату сьвету, фінішаваўшы на апошнім месцы ў сваёй групе.

Канчатковая расстаноўка сілаў стала вядомая сёньня ўначы пасьля паразы ад зборнай Гішпаніі (2:1) — дзейных чэмпіёнаў сьвету і Эўропы. Такім чынам, выхаванцы Георгія Кандрацьева ў 8 гульнях набралі ўсяго 4 ачкі, прапусьціўшы наперад ня толькі прызнаных фаварытаў у асобах гішпанцаў і французаў, але і супастаўных па сілах фінаў і грузінаў.

Георгій Кандрацьеў
Георгій Кандрацьеў
Георгій Кандрацьеў — бадай, адзіны спэцыяліст на чале нацыянальнай зборнай, хто не баіцца «нарвацца» на непрыемнасьці за свае заявы. Адрозна ад папярэднікаў, ён публічна ўздымае вострыя праблемы, крытыкуе спартовых функцыянэраў за інэртнасьць і імітацыю дзейнасьці. Паводле яго словаў, чыноўнікі займаюцца толькі тым, што даводзяць заданьні і здымаюць трэнэраў, якія іх ня выканалі. Пры гэтым у рэальнасьці нічога не зьмяняецца.
«Хто ўмее веславаць, той павінен веславаць, а не гуляць у футбол»

У прыватнасьці, Кандрацьеў не задаволены, як ідзе падрыхтоўка маладой зьмены. На яго перакананьне, не вытрымлівае крытыкі сэлекцыя пры наборы ў дзіцячыя сэкцыі:

«Хто ўмее веславаць, той павінен веславаць, а не гуляць у футбол», — кажа ён, удакладніўшы, што вынікам непрафэсійнага падыходу да дзіцячага спорту стаў фактычны застой у футболе. Калі ад беларускіх гульцоў адмаўляюцца нават ва Ўкраіне, ня кажучы пра эўрапейскія чэмпіянаты, то гэта сьведчыць пра адно: неэфэктыўную сыстэму трэба ламаць. У іншым выпадку разьлічваць на перамогі не выпадае:

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма і трагедыі ня трэба рабіць. Трэба проста працаваць лепей, на ўсіх узроўнях. І разьвіваць футбол не на словах, а справамі футбол разьвіваць. Найперш, адчыняць футбольныя акадэміі. Шмат у нас акадэмій? Няма ў нас акадэмій, ніводнай. Пры клюбах павінны быць школы добрыя, палі добрыя, стадыёны добрыя. Тады футбол будзе. А так, калі толькі ставіць задачы і здымаць трэнэраў пад невыкананьне гэтых задачаў, дык да чаго мы прыйдзем? Ні да чаго абсалютна.

На жаль, у нас адным усё абмяжоўваецца: на словах нешта дэкляравалі, задачы акрэсьлілі, а больш нічога. На маё перакананьне, задачы трэба рэальныя ставіць, тады можа і будзе штосьці. А проста знайсьці вінаватага — зьняць, паставіць наступнага — зьняць, перамалоць. Да чаго прыйдзем? Зноў жа, ні да чаго».
А вы паглядзіце, як у нас зараз: акадэміі фактычна няма ніводнай, толькі некалькі сэкцый пры БАТЭ, яшчэ дзесьці.

Былы спартовы камэнтатар Алесь Камароўскі, які ў свой час выступаў на рэспубліканскім узроўні за розныя менскія каманды, цалкам падтрымлівае заклапочанасьць Георгія Кандрацьева. Ён перакананы, што калі не пачаць футбаліста «ляпіць» з 5-6 гадоў, чакаць ад яго аддачы ў дарослым узросьце дастаткова складана:

«Абсалютна правільна Кандрацьеў кажа — трэба пачынаць зь дзіцячага футболу. Трэба акадэміі арганізоўваць, трэба палі ствараць. А вы паглядзіце, як у нас зараз: акадэміі фактычна няма ніводнай, толькі некалькі сэкцый пры БАТЭ, яшчэ дзесьці. Гэтага вельмі мала, бо неабходна сур’ёзна пачынаць ад самага дзяцінства. Калі я вазьму сваю радзіму, адкуль Якуб Колас паходзіў — Мікалаеўшчыну — я вам скажу, нават у нас там былі чатыры футбольныя палі. Самыя малыя гулялі на першым.

Пасьля, калі ўжо дарослыя бачылі, што мы нечага вартыя, пераводзілі на другое поле. Пасьля на трэцяе. А на чацьвёртым гулялі, як кажуць, асы. І такім чынам мы вучыліся, прагрэсавалі. Я сам некалі ставіў брата на вароты паміж двух ліпаў і вучыўся біць. Недарэмна ж пасьля гуляў і за дубаль менскага „Дынама“, і восем гадоў за „Арбіту-Менск“ на першынстве рэспублікі. Так што трэба ад самага пачатку, ад маленства вучыць азы».

На перакананьне Георгія Кандрацьева, каб эфэктыўна разьвіваць футбол, Беларусі патрэбна паўсотні трэніровачных манэжаў, а не адзін, як зараз. Зрэшты, і гэтая менская арэна ў распараджэньні футбалістаў толькі два месяцы на год, а цягам дзесяці іншых адміністрацыя зарабляе грошы на правядзеньні выставаў. Умовы надвор’я дазваляюць паўнавартасна рыхтавацца пад адкрытым небам толькі паўгода, астатні час фактычна марнуецца. Але даху над галавой у футбалістаў няма. На гэтым тле хакейныя палацы, сабекошт якіх нашмат большы, ўзводзяцца ўдарнымі тэмпамі і асаблівага дэфіцыту зь фінансаваньнем ня маюць.
Абсалютны нонсэнс, калі нават галоўная каманда краіны, самі ведаеце, дзе гуляе

У сваю чаргу, Алесь Камароўскі канстатуе: Беларусь ня мае ня толькі крытых манэжаў, але засталася без сучасных стадыёнаў увогуле. Абвешчаная рэканструкцыя «Дынама» замарожаная, бо па ходу было вырашана не мяняць яго функцыянальнае прызначэньне зь лёгкаатлетычнага на чыста футбольны. «Трактар» хоць і аказаўся ў ліку патэнцыйных прэтэндэнтаў на прыём гульняў юбілейнага першынства Эўропы 2020 году, аднак вось ужо некалькі гадоў стаіць у чарзе чаканьня на пачатак перабудовы.

За гэты час Менгарвыканкам адмовіўся ад паслугаў кампаніі літоўскага бізнэсоўца Ўладзімера Раманава, а новых інвэстараў так і не знайшоў. У адсутнасьць поля, адпаведнага патрабаваньням UEFA, нават нацыянальная зборная вымушаная гуляць на стадыёнах абласных цэнтраў:

«Абсалютны нонсэнс, калі нават галоўная каманда краіны, самі ведаеце, дзе гуляе. Сталічнае „Дынама“ без нармальнага стадыёну, для БАТЭ пакуль яшчэ не гатовы стадыён. А што да менскай арэны, калі напалову зруйнавалі, а цяпер ня ведаюць, у які бок кінуцца, то гэта выклікае толькі шкадаваньні. Бо трэба рабіць стадыён чыста футбольны. Я пастаянна гляджу па спадарожніку чэмпіянаты Гішпаніі, Англіі. Заўважце: у іх няма ніякіх бегавых дарожак, чыста футбольныя арэны. І іх ня тое што шмат, а вельмі шмат. Я перакананы, што лёгкаатлетычны стадыён мусіць быць асобна, ня трэба яго нікуды інтэграваць. Вось і нам такім шляхам трэба ісьці. Канечне, у нас сыходзяць зь меркаваньняў эканоміі, што і для атлетаў будзе, і сэктары па відах можна раскідаць па пэрымэтры, але гэта не зусім правільна. На жаль, мы яшчэ, мабыць, не дарасьлі да нармальнага ўспрыняцьця футболу. Таму застаецца спадзявацца, што некалі да нас гэта ўсё ж таксама дойдзе».

У наступным годзе нацыянальная зборная Беларусі пачне чарговы адборачны цыкаль за трапляньне на чэмпіянат Эўропы 2016 году. Каб зноў не апынуцца ў ліку аўтсайдэраў, трэба пачынаць нешта рабіць ужо сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG