Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскевіч: робяцца захады па падтрымцы беларускай мовы


Сяргей Маскевіч
Сяргей Маскевіч

«Cамым бліжэйшым часам дзяржава ўвядзе шэраг матэрыяльных і маральных стымулаў для тых пэдагогаў, якія выкладаюць у гуртках народнай творчасьці культуру і гісторыю Беларусі».

30 верасьня міністар адукацыі Сяргей Масквіч зрабіў заяву пра тое, што хутка для пэдагогаў, якія выкладаюць у гуртках народнай творчасьці культуру і гісторыю Беларусі, будуць зроблены значныя матэрыяльныя і маральныя заахвочваньні.

Пра гэта міністар казаў 30 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай сьвяткаваньню Дня настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка. Міністар прыйшоў на 45 хвілін, што дало падставу пажартаваць — як на ўрок. Палову адведзенага часу спадар Маскевіч расказваў пра сытуацыю ў галіне. Другая палова прыпала на адказы кіраўніка галіны. Карэспандэнт Свабоды спытаўся пра пэрспэктывы беларускамоўнага навучаньня.

Міністар адказаў, што адміністрацыйных захадаў па пашырэньні ўжываньня беларускай мовы сёлета не прымалася. Але ён заявіў пра захады наконт беларушчыны па-за вучэбнай сеткай:

«У нас ўсё больш і больш у цэнтрах творчасьці зьяўляецца аб’яднаньняў па інтарэсах. Там займаюцца нашай нацыянальнай культурай. І мы будзем дадаткова стымуляваць гэтыя накірункі. Зараз мы праводзім там пэўныя рэформы альбо аптымізыцыйныя мерапрыемствы. Я думаю, што мы ўбачым, што агульная вага выдаткаў менавіта на падтрымку такіх студыяў і гурткоў значна павялічыцца. Мне здаецца, самае галоўнае, каб мы стваралі ўмовы ў аб’яднаньнях па інтарэсах займацца на ніве нашай нацыянальнай беларускай культуры».

Алена Анісім
Алена Анісім
Першая намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім мяркуе:

«Як кажуць, дай Бог чутае бачыць. Калі гэта адбудзецца, гэта падштурхне многіх людзей укладаць свае сілы і свае намаганьні ў сфэру беларускай культуры. Рашэньне вельмі добрае, вельмі правільнае. Мабыць, нарэшце пачалі разумець, што беларуская культура ёсьць першааснова для грамадзян для выхаваньня сапраўднага патрыёта. А без патрыятызму ў сёньняшніх умовах выжыць складана. Калі ў людзей шмат спакусы, асабліва матэрыяльнага пляну, і няма патрыятычных настрояў, то зразумела, што вельмі хутка людзі цягнуцца за сьвятлейшым, за прыгажэйшым, за багацейшым. І яны вельмі часта пакідаюць свае краіны. Шкада, што гэта робіцца толькі зараз. Але дзякуй Богу, што гэта робіцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG