Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча вярнуць статус-кво ў калійнай спрэчцы


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Мы поўныя рашучасьці нармалізаваць гэтую сытуацыю» , — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка пры прызначэньні амбасадараў у шэраг дзяржаў, камэнтуючы беларуска-расейскі калійны канфлікт.

«Я ўжо пра гэта публічна выказаўся — хачу канкрэтызаваць. Сёньня ў сувязі зь непрыстойнымі дзеяньнямі гэтых расейскіх нягоднікаў у нас склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаеньняў» , — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

«Пытаньне ня толькі ў тым, што гэта наша асноўная кампанія (хоць гэта не асноўны падаткаплатнік, але вельмі буйны). Пытаньне палягае ў тым, што гэта ўсё ж такі калектыў, горадаўтваральнае прадпрыемства, твар нашай краіны. Мы нямала ўклалі працы і сродкаў, каб пасьля ліхіх 80-х і 90-х прывесьці да прытомнасьці гэтае прадпрыемства, горад-прыгажун пабудаваны.

Зь любога боку, зь якога ні падыдзі, гэта — каштоўнасьць для нашай дзяржавы, і мы павінны ня тое што ня страціць (мы яго, вядома ж, ніколі ў жыцьці ня страцім і нікому не аддадзім на разарваньне), мы павінны як мага хутчэй увайсьці ў тое рэчышча дзейнасьці прадпрыемства, якім яно было ў лепшыя пэрыяды. А ў лепшыя пэрыяды краіна атрымлівала больш за 3 мільярды даляраў прыбытку ад рэалізацыі калійных угнаеньняў. Зразумела, што рынак цяпер няпросты. Ён да абвалу быў складаны, таму што эканоміка ўсясьветная ў крызісе. А дзеяньні акцыянэраў з боку „Ўралкалія“ яшчэ больш ускладнілі сытуацыю на міжнародным рынку калійных угнаеньняў».

Тым ня менш, па словах Лукашэнкі, беларускі бок настроены нармалізаваць сытуацыю:

«Я чамусьці перакананы , што і расіяне прымуць адпаведнае рашэньне, і кіраўніцтва Расеі такую магутную расейскую кампанію без увагі ня кіне. Рана ці позна, для таго каб аднавіць статус-кво і тое, што было раней, расейцы прыйдуць да нас. Прынамсі, мы ня супраць працаваць так, каб былі вялікія даходы. Што для гэтага трэба зрабіць, цалкам зразумела».

30 ліпеня расейская кампанія «Ўралкалій» абвясьціла пра свой выхад са складу беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), празь якое разам зь «Беларуськаліем» пастаўляла сваю прадукцыю на зьнешнія рынкі.

26 жніўня Генпракуратура Беларусі паведаміла пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да шэрагу кіраўнікоў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), сярод якіх старшыня назіральнай рады БКК, гендырэктар «Ўралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр. Яны абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 424 КК (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску і цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

2 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі абвясьціў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да галоўнага акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава. Ён таксама абвінавачваецца ў арганізацыі злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG