Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і хімічная зброя


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Ужываньне ў Сырыі хімічнай зброі, якая прывяла да пакутлівай сьмерці амаль паўтары тысячы чалавек, уключна з чатырма сотнямі дзяцей, з новай сілай узьняла праблему кантролю над запасамі гэтых небясьпечных атрутных рэчываў. Ці ёсьць хімічная зброя ў Беларусі і як вядзецца нагляд за гэтай сфэрай.

20 гадоў таму, у студзені 1993-га, была падпісаная Міжнародная канвэнцыя аб забароне распрацоўкі, вытворчасьці, назапашваньня і ўжываньня хімічнай зброі, а таксама аб ліквідацыі наяўных запасаў. Дэкляраваная мэта — забарона хімічнай зброі як асобнай катэгорыі зброі масавага зьнішчэньня. Паводле дадзеных на пачатак 2013 году, у пагадненьні ўдзельнічаюць 188 дзяржаваў. Ізраіль і М’янма дакумэнт падпісалі, але не ратыфікавалі. Ангола, Эгіпет, КНДР, Сырыя, Самалі і Паўднёвы Судан да канвэнцыі не далучыліся. Беларусь падпісала канвэнцыю яшчэ ў далукашэнкаўскую эпоху — 14 студзеня 1993 году, што абумовіла пасьлядоўныя крокі ў далейшым.

Але нават у краінах, дзе пастанавілі зьнішчыць запасы хімічнай зброі цалкам, працэс ідзе досыць марудна. Перадусім гэта тычыцца краінаў былога СССР, дзе больш як на 700 складах захоўвалася 4,5 мільёна хімічных боепрыпасаў. І хоць праграма ўтылізацыі была разьлічана да канца 2009 году, недахоп адмысловых палігонаў і адпаведных тэхналёгіяў не дае ўкласьціся ў тэрміны. Паводле дадзеных на жнівень, у Расеі зьнішчана 75% запасаў хімічнай зброі, зьвестак па іншых экс-савецкіх рэспубліках няма. Дарэчы, бліжэйшае ад Беларусі прадпрыемства па зьнішчэньні хімічнай зброі — у горадзе Почап Бранскай вобласьці. Але хоць і ёсьць зьвесткі, што хімічныя склады былі таксама ў Беларусі, аднак, як кажа палкоўнік запасу Ўладзімер Нісьцюк, з прычыны глыбокай засакрэчанасьці наўрад ці ёсьць магчымасьць пра нешта дазнацца:

Уладзімер Нісьцюк
Уладзімер Нісьцюк
«Калі ўтылізацыя і адбываецца, дык толькі на расейскай тэрыторыі. Там шмат хімічных прадпрыемстваў, якія здольныя такія запасы ўтылізаваць. Саму зброю мы не выраблялі, але зараз вам ніхто не пацьвердзіць, што такія склады ў нас увогуле былі, таму што гэта быў дзяржаўны сакрэт, які хаваўся ў вялікай таямніцы. Справа ў тым, што фармальна хімічная зброя забароненая даўно, ня толькі ад моманту далучэньня да канвэнцыі ў 1993-м. Савецкі Саюз падпісваў адпаведныя пагадненьні яшчэ раней, таму забарона на хімічную зброю тычылася ўсіх. Вядома, дзесьці на нейкіх базах яна была, але я дакладна нават не скажу, дзе на беларускай зямлі менавіта. Тое, што ў нас было вельмі шмат матэрыяльна-тэхнічных запасаў хімічнага адзеньня, адгазьнікаў і г.д. — гэта так. Калі ў Чарнобылі ўсё пачалося, гэта ўсё вельмі хутка знайшлі, са складоў прывезьлі і запусьцілі ў працу. Але наконт хімічнай, бактэрыялягічнай зброі наўрад ці хто возьме на сябе адказнасьць даць нейкі адказ. Усё гэта вельмі хавалася і вельмі далёка засоўвалася, каб ніхто ня бачыў і ня чуў».

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі Міністэрства абароны, на тэрыторыі Беларусі хімічнай зброі няма. Таму выкананьне хімічнай канвэнцыі зводзіцца да таго, каб яе ня мець і надалей, забясьпечыўшы рэжым праверак прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці інспэктарамі Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Цяпер у Беларусі чатыры прадпрыемствы, якія вырабляюць хімікаты і знаходзяцца на міжнародным кантролі. Гэта наваполацкі «Палімір», лідзкая «Лякафарба», «Гродна Азот» і «Магілёўхімвалакно». Цягам 2000–2009 гадоў іх ня раз інспэктавалі. Парушэньняў канвэнцыі не знайшлі.

Масавая хімічная атака ў Сырыі — першая ў ХХІ стагодзьдзі. А ўпершыню такая зброя была ўжытая амаль 100 гадоў таму — у 1915-м, падчас Першай усясьветнай вайны. Прычым пасьля Бэльгіі наступным пляцдармам была якраз тэрыторыя Беларусі — увосень таго ж году немцы ўпершыню пусьцілі атрутны газ на ўсходнім фронце, пад Смаргоньню. Неўзабаве тым жа адказалі расейцы. Чырвоная армія, завалодаўшы ваенным арсэналам царскага войска, выкарыстоўвала газ пры здушэньні яраслаўскага і тамбоўскага паўстаньняў.

Дасьледчык Першай усясьветнай вайны, смаргонскі краязнаўца Ўладзімер Лігута расказвае, што ахвярамі першых газавых атакаў у 1915-м сталі тысячы мірных беларусаў і неэкіпаваных салдатаў:

Уладзімер Лігута
Уладзімер Лігута
«12 кастрычніка немцы першы раз пусьцілі газ. Праўда, расейцам тады пашчасьціла: панікі яшчэ няма, але ж газавае воблака набліжаецца — як быць, няўжо ўсё? Вадой, анучамі — ня выстаіш. Але вецер павярнуў убок, і газ не дайшоў. А ўжо 22 кастрычніка, калі немцы другі раз пусьцілі газ, у расейцаў ужо зьявілася першасная маска — марля і два фляконы вадкасьці, якой трэба было яе абліваць. Адзін салдат падрабязна піша, які стаяў мат, гвалт; як фельдфэбэлі (па-нашаму — старшыны, сяржанты) лаюцца, мацюкаюцца, хочуць, каб усе засталіся жывыя. Газавыя атакі як успрымаліся? Мясцовыя бедавалі, што ад газу на Белай уся жыўнасьць падохла, трагедыя. А для арміі — трагедыя іншага кшталту: калі напаўзаюць клубы газу вышынёй 3 мэтры, калі ў гэты час б’е нямецкая артылерыя, у тым ліку і хімічнымі снарадамі, калі, каб узмацніць эфэкт, спэцыяльна пускаюць паабапал магутную дымавую завесу, і скрозь гэты газ і дым, як толькі артылерыя спыняе біць, кідаюцца немцы ў адгазьніках са стрэльбамі наперавес і, як апісваецца атака 1916 году, у адной руцэ нясуць дубіну, утыканую цьвікамі — маўляў, будзем біць па башцэ, каб патроны нават ня траціць, — то гэта жах. Гэта факт, гэта напісана».

Хоць Жэнэўскай канвэнцыяй 1925 году ўжываньне зброі пэўных узораў было забаронена, аднак не было забароны яе мець, што дазваляла шмат якім краінам гэтай магчымасьцю карыстацца. Як вынік — хімічная зброя шырока выкарыстоўвалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі. У 1920-х — падчас каляніяльнай Рыфскай вайны, калі «цывілізаваныя» гішпанцы і французы ўжылі газ супраць «нецывілізаваных» бэрбэраў у Марока. У 1930-х — падчас італа-этыёпскага і япона-кітайскага канфліктаў, на пачатку 1950-х — у карэйскай вайне, пры канцы 1960-х — у Віетнаме, у 1980-х — падчас ірана-ірацкай вайны. Нарэшце, 2013 год адзначаны жнівеньскай атакай у Сырыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG