Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімцы зьбіраюць подпісы, каб лекару Івану Шэгу працягнулі кантракт


Іван Шэга
Іван Шэга

Cлонімскія актывісты Віктар Марчык і Іван Бедка падалі заяўку на правядзеньне пікету з патрабаваньнем працягнуць кантракт лекару высокай кваліфікацыі. Адначасова пад такім жа патрабаваньнем зьбіраюць подпісы сярод пацыентаў.

Паводле Івана Шэгі, афіцыйна яго папярэдзілі аб непрацягваньні кантракту з прычыны пэнсійнага веку – сёлета яму споўнілася 60 гадоў. Гэта стала для яго нечаканасьцю, бо раней ён атрымаў афіцыйную паперу, што кантракт зь ім будзе працягнуты.

Такая нечаканая зьмена рашэньня кіраўніцтва, на думку Шэгі, выглядае дзіўна, бо ў шпіталі нестае кваліфікаваных лекараў. Сам ён думае, што кантракт яму, хутчэй за ўсё, не працягваюць з-за ягонай актыўнай грамадзкай дзейнасьці.

Галоўны лекар Слонімскага раённага шпіталя Юры Пяцельскі адмовіўся патлумачыць Свабодзе прычыны непрацягненьня працоўнага кантракту з Іванам Шэгам. Ён сказаў, што згодна з законам нічога не павінен тлумачыць, і кінуў слухаўку.

Івана Шэгу ў горадзе ведаюць ня толькі як аўтарытэтнага лекара, але і як кіраўніка раённай структуры БНФ.

Доктар Іван Шэга 30 гадоў адпрацаваў у Слонімскім раённым шпіталі траўматолягам-артапэдам.

Паводле Віктара Марчыка, на сёньняшні дзень сярод слонімцаў сабрана ўжо каля 300 подпісаў з патрабаваньнем працягнуць працоўны кантракт доктару Шэгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG