Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўны дэмарш Макея


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Сухая дыпляматычная хроніка. 17–18 траўня ў Кракаве маюць сустрэцца кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-сяброў «Усходняга партнэрства» – Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны, а таксама краін Вышаградзкай чацьвёркі – Вугоршчыны, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Міністры замежных спраў краін-сяброў «Усходняга партнэрства» правядуць таксама сустрэчы зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кэтрын Эштан і камісарам ЭЗ па пашырэньні і палітыцы эўрапейскага суседзтва Штэфанам Фюле. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей атрымаў запрашэньне на гэтую сустрэчу. Аднак афіцыйны Менск прыняў рашэньне зьнізіць узровень прадстаўніцтва. Замест Макея ў Кракаў паехала намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.

Што б гэта значыла? Апошнім часам МЗС Беларусі прыклаў шмат намаганьняў, каб размарозіць адносіны з ЭЗ. Праведзена шмат кулюарных перамоваў, каб заахвоціць эўрапейскіх палітыкаў і дыпляматаў памяняць сваё стаўленьне да Беларусі. І вось на гэтым тле робіцца крок, які нельга разглядаць інакш як дыпляматычны дэмарш.

Падаецца, усё тлумачыцца якраз гэтай актывізацыяй стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Кіраўніцтва Беларусі адчула зьмену настрояў у брусэльскіх кабінэтах, заўважнае жаданьне Эўропы да замірэньня. Пэўным іх адлюстраваньнем сталі і заклікі часткі апазыцыі да дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем.

І Лукашэнка пачаў дзейнічаць у сваім звыклым стылі. Добрую волю ён прыняў за слабасьць. Як вядома, па ягонай вэрсіі, эўрапейскія палітыкі «безь яец», то бок – слабакі. А са слабымі трэба размаўляць з пазыцыі сілы. То бок – даціскаць. Лукашэнка так дзейнічае заўсёды. За шмат гадоў яго ўжо можна было вывучыць.

Галоўная задача, якая цяпер стаіць перад беларускай дыпляматыяй на эўрапейскім кірунку, – гэта дамагчыся запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнэрства» ў Вільні восеньню. Пра такое жаданьне афіцыйнага Менску нядаўна заявіў у Бэрліне амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро. Аднак пакуль у Беларусі існуюць палітзьняволеныя, такое пытаньне нават не стаіць на парадку дня ў ЭЗ.

І вось кіраўніцтва Беларусі вырашыла пайсьці на шантаж, аказаць ціск на партнэраў па перамовах. Рашэньне зьнізіць узровень прадстаўніцтва – гэта відавочны дыпляматычны дэмарш. Маўляў, гэтае «Ўсходняе партнэрства» вам патрэбнае больш, чым нам. Дык калі так, то ідзіце нам на саступкі, запрашайце Лукашэнку ў Вільню. Інакш мы можам увогуле абысьціся бяз гэтай праграмы.

Тут цікавы яшчэ адзін момант. Адразу пасьля таго, як Уладзімер Макей быў прызначаны міністрам замежных спраў Беларусі, у ЭЗ пачалі абмяркоўваць пытаньне пра тое, каб зьняць адносна яго візавыя абмежаваньні на паездкі ў краіны Эўразьвязу. І аргумэнты гучалі такія: у перамовах паміж Беларусьсю і ЭЗ павінен быць пасярэднік; лепш за іншых гэтую функцыю можа выканаць кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства; з дыпляматамі ніжэйшага рангу няма сэнсу размаўляць. Ужо колькі месяцаў вакол гэтага пытаньня ў ЭЗ кіпяць жарсьці, ідуць жорсткія кулюарныя спрэчкі паміж прыхільнікамі розных падыходаў да беларускага рэжыму.

І ўрэшце гэтыя аргумэнты падзейнічалі. Паводле кулюарнай інфармацыі, ЭЗ сасьпеў да таго, каб адмяніць візавыя абмежаваньні на паездкі ў краіны Эўразьвязу адносна Макея. Дзяржавы, якія блякавалі гэтае рашэньне, зьнялі свае пярэчаньні. Сам факт запрашэньня ў Кракаў Макея, якому фармальна ўсё яшчэ забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, кажа сам за сябе.

І вось у гэтай сытуацыі, калі засталося толькі юрыдычна фармалізаваць адмену візавых абмежаваньняў адносна Макея, ён сам адмаўляецца ехаць на сустрэчу ў Кракаў. Тым самым ушчэнт разбурыўшы ўсе тыя аргумэнты, якія прыводзілі прыхільнікі размарожваньня дачыненьняў зь Беларусьсю. Іх пакінулі ў дурнях. Высьветлілася, што гэта і ня надта патрэбна афіцыйнаму Менску.

І якія высновы павінен рабіць з усяго гэтага ЭЗ?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG