Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар Бярозкін: Яны іх дабівалі проста ў шпіталі


Госьць «Жывой Свабоды» – Руслан Бярозкін, лекар, які працаваў хірургам у Лібіі.

Размова пра лібійскі мэнталітэт, чаму лібійскія ваяўнікі прыяжджаюць на рэабілітацыю менавіта ў Беларусь, як працаваць хірургам ва ўмовах вайны, а таксама – у чым перавага дзяржаўнай мэдыцыны над прыватнай.

Карэспандэнт: Скажыце, калі ласка, наколькі цяжкай і наколькі небясьпечнай была вашая праца? Калі вы працавалі?

Бярозкін: Я працаваў з 17 чэрвеня 2010 году да 24 кастрычніка 2011 году. Праца была складаная, як любая праца хірурга. У меру цяжкая, але досыць цікавая. Калі прыйшла вайна, зьявілася шмат новай працы...

Карэспандэнт: Тады былі нейкія асаблівыя пашкоджаньні ў людзей, якіх прывозілі?

Руслан Бярозкін
Руслан Бярозкін
Бярозкін: Было ўсё іншае. Прыйшлося ўзгадаць усё, што выкладалася ў інстытуце на асновах ваенна-палявой мэдыцыны. У прынцыпе, афрыканскія пацыенты, яны вельмі ўдзячныя ў пляне лячэньня. Калі нам нечага не хапала, яны падвозілі мэдыкамэнты. Але рэжым таталітарны, ён так добра забясьпечыў шпіталь, што 8 месяцаў мы трымаліся без падвозу лекаў і перавязачнага матэрыялу ды інструмэнтаў. Праблемаў не было. Мы 8 месяцаў пратрымаліся на запасах. Хапала нам усяго і на ўсё. У траўматоляга закончыліся мэталаканструкцыі, і то ён умудраўся выкручвацца. Нам пашанцавала зь лекарам. Лекар – залатыя рукі.

Карэспандэнт: А можна ўдакладніць, вы апэравалі людзей з урадавых войскаў, ці няважна было?

Бярозкін: Усіх, пакуль шпіталь быў пад уладай праўладных войскаў, мы апэравалі байцоў урадавых войскаў, і паўстанцаў прывозілі таксама. Дарэчы, праблемаў зь іх далейшай рэабілітацыяй не было. Іх забіралі ў Туніс на далекаваньне, а некаторыя нават у Нямеччыну траплялі. А потым, калі горад захапілі паўстанцы, пасьля ўзяцьця Трыпалі, мы апэравалі ўсіх, і паўстанцаў, і праўладныя войскі. Але вось тады мы зразумелі, што такое паўстанцы. Таму што байцоў праўладных войскаў яны маглі дабіваць нават у шпіталі, калі ім нешта там не падабалася.

Карэспандэнт: Вы былі сьведкам такіх выпадкаў?

Бярозкін: Так мы былі сьведкамі такіх выпадкаў. Апэруеш чалавека 2-3 гадзіны, а зранку прыходзіш – яго няма ў палаце. Прыходзіш, а дзяўчынкі гавораць – а яго вось вывелі і расстралялі. Нават у шпіталі такое было. Можа, пра гэта лепш не гаварыць...

Карэспандэнт: А скажыце, вам не пагражалі?

Бярозкін: Не, прамых пагрозаў не было. Яны вельмі паважліва ставіліся да лекараў, і ўрадавыя войскі, і паўстанцы. Яны ўсе дзякавалі, што мы засталіся, што ня кінулі. Таму што сваіх кадраў у іх не хапала, асабліва лекараў. Таму ўсім лекарам, якія засталіся, дапамагалі, і словам падтрымлівалі. Напрыклад, падчас блякады ў нас былі перабоі з прадуктамі, дык яны і хлеб маглі прапанаваць. Прамой пагрозы не было. А ўскосна, дзесьці магло зачапіць, ну дык гэта паўсюль. І дома самалёты падаюць...

Карэспандэнт: А пра паводзіны лібійскіх паўстанцаў. Ці няма небясьпекі, што людзі такіх перакананьняў прыяжджаюць у Беларусь на лекаваньне?

Бярозкін: Цяжка сказаць. Таму што для радзімы гэта прамы прыбытак. А тое, што яны робяць у Менску, здаецца, паводзяць сябе спакойна. Народ яны нязлобны – дзеці пустыні. Мірныя, наіўныя. Нэгатыву сярод іх няма. Прыяжджаюць усе, ёсьць і байцы ўрадавых войскаў, усімі праўдамі ці няпраўдамі выкруціліся, ці ўзялі дакумэнты. Сапраўды пацярпелых, якім патрэбныя апэрацыі, іх тут ня так шмат. Многія зь іх едуць сюды, таму што ў іх вельмі добрыя камандзіровачныя – ад 100 даляраў на суткі. У аднаго параненага можа быць некалькі суправаджаючых зь ліку сваякоў.

Карэспандэнт: То бок, сярод прыежджых могуць быць і сымулянты?

Бярозкін: Вядома, ёсьць. Гэта ж лібійцы. Яны вельмі ня любяць працаваць. Яны знойдуць магчымасьць не рабіць і атрымаць грошы. Зарабіць на дзяржаве – гэта пра лібійцаў.

Карэспандэнт: Але для Беларусі гэта выгадна?

Бярозкін: Вядома, інакш бы гэтым не займаліся.

Карэспандэнт: Пытаньне трошкі на іншую тэму. Затрымалі мэдыкаў з «Экамэдсэрвісу», пацыентка памерла празь нядбайнасьць дактароў. І цяпер, магчыма, цэнтар нацыяналізуюць. На вашую думку, дапаможа тое, што прыватны цэнтар стане дзяржаўным?

Бярозкін: Хітра пастаўлена пытаньне. Прыватная мэдыцына павінна быць і ствараць канкурэнцыю дзяржаўнай мэдыцыне. Пры гэтым від жывых грошай не павінен хаваць здаровы сэнс. Прыватная мэдыцына павінна быць, але павінен быць кантроль дзяржавы.

Карэспандэнт: А з вашага досьведу, праблемы ёсьць толькі ў прыватных?

Бярозкін: Праблемы ёсьць ва ўсіх, хто працуе. Ніводзін лекар ня хоча мэтанакіравана нашкодзіць пацыенту, a priori задача лекара – дапамагчы чалавеку, які трапіў у бяду. Ніхто ня хоча нашкодзіць. Ускладненьні бываюць і ў прыватнай мэдыцыне, і ў дзяржаўнай.

Карэспандэнт: Размова ідзе пра нядбайнасьць дактароў. На вашую думку, наколькі кантроль у дзяржаўнай мэдыцыне большы, чым у прыватнай.

Бярозкін: У кожнай дзяржаўнай клініцы кантроль лепшы. У кожным шпіталі ёсьць мэдтэхнікі, якія робяць мэтралёгію, правяраюць стан абсталяваньня. Лекар-анэстэзіёляг пры ўмовах няспраўнага апарату можа адмовіцца даваць наркоз. У прыватнай клініцы такога можа ня быць, дзесьці могуць заашчадзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG