Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговага чыноўніка затрымалі па падазрэньні ў хабары

абноўлена

Намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкаму затрыманы па падазрэньні ў атрыманьні хабару ў памеры 13 тысяч даляраў.

Крымінальную справу за атрыманьне хабару службовай асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры прыняло да вытворчасьці ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці.

Чыноўнік падазраецца ў атрыманьні хабару ў 13 тысяч даляраў за спрыяльнае вырашэньне пытаньня па ўзгадненьні інвэстпраекту рэканструкцыі будынкаў для арганізацыі вытворчасьці, паведамляе Інтэрфакс.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог адмовілася назваць карэспандэнту Свабоды імя затрыманага чыноўніка, бо сьледчыя пакуль не разгалошваюць «установачныя дадзеныя».

«Ён быў затрыманы на сваім працоўным месцы ў момант атрыманьня хабару. Гэтая асоба курыравала пытаньні эканомікі», — сказала Тацяна Беланог.

У Барысаўскім райвыканкаме таксама не называюць імя затрыманага. Намесьнік старшыні Людміла Даргель сказала, што імя яна можа паведаміць пазьней. У прыёмнай выканкаму сказалі, што намесьнікі Віктар Пазьняк, Сяргей Лагно «на выезьдзе», Ігар Брыло — «на мерапрыемстве», а намесьнік старшыні Ўладзімер Караткевіч — «хварэе».

Сярод карупцыянэраў, выяўленых раней — былы першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў, які асуджаны да 14 гадоў пазбаўленьня волі за атрыманьне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры. Паводле сьледзтва, Васільева затрымалі супрацоўнікі КДБ 6 ліпеня 2012 году па падазрэньні ў вымагальніцтве хабару ў 500 тысяч даляраў ЗША ў прадстаўнікоў чэскага інвэстара. Разгляд справы ў судзе быў закрыты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG