Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва: чакаецца вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў

абноўлена

«Чакаецца, што ў бліжэйшы час атрымаецца нармалізаваць адносіны Беларусі з Эўразьвязам шляхам вызваленьня і рэабілітацыі палітычных зьняволеных».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні амбасады Літвы ў Беларусі па выніках двухбаковых кансультацыяў міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі. Дэлегацыямі краін кіравалі віцэ-міністар замежных спраў Літвы Андрус Крывас і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.

Вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, паводле Крываса, «дазволіла б Беларусі актыўна скарыстаць магчымасьці, якія дае інструмэнт „Усходняга партнэрства“ ЭЗ, не заставацца па-за ініцыятывамі ЭЗ у рэгіёне».

ЭЗ таксама чакае адказу Беларусі на зробленую ў 2011 годзе прапанову распачаць перамовы наконт дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Падпісаньне такой дамовы, акрамя іншага, дазволіла б зьменшыць для беларусаў кошт шэнгенскіх візаў, гаворыцца ў паведамленьні амбасады Літвы.

Падчас кансультацыяў у Менску былі абмеркаваныя пытаньні са станам правоў чалавека, наконт якіх Эўразьвяз мае сур’ёзныя рознагалосьсі з афіцыйным Менскам.

Ці дамовіліся бакі падчас кансультацыяў пра вызваленьне палітвязьняў? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адказаў так:

«Усё, што мы хацелі сказаць па гэтых кансультацыях, зьмешчана на сайце МЗС. Пытаньне вызваленьня зьняволеных знаходзіцца ў кампэтэнцыі камісіі па памілаваньнях. Туды і зьвяртайцеся».

Карэспандэнт: «А гэтае пытаньне не абмяркоўвалася падчас кансультацыяў?»

Савіных: «Усё, што мы палічылі неабходным паведаміць па гэтых кансультацыях, вы бачыце на сайце МЗС».

У літоўскай амбасадзе карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што пытаньне вызваленьня палітвязьняў абмяркоўвалася. Пра канкрэтны тэрмін іх вызваленьня размова не ішла.

Што да сытуацыі з вызваленьнем палітвязьняў, то дакладчык па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту Юстас Палецкіс сказаў, што пакуль ня меў сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС Літвы. Аднак згадаў пра свой нядаўні візыт у Менск:

«Я быў на мінулым тыдні ў Менску, і таксама былі такія пазытыўныя сыгналы,што гэта можа адбыцца неўзабаве. Але гэта больш было з боку апазыцыі. З боку ўладаў было: так, рыхтуецца рашэньне, але калі і як гэта будзе, мы нічога не можам сказаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG