Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя праекты ў Вэнэсуэле памруць, застануцца толькі прагматычныя


Лукашэнка з Чавэсам наведваюць будоўлю ў Вэнэсуэле, 2010 год
Лукашэнка з Чавэсам наведваюць будоўлю ў Вэнэсуэле, 2010 год
Які лёс чакае сумесныя беларуска-вэнэсуэльскія праекты, многія зь якіх грунтаваліся не на эканамічным разьліку, а на палітычных амбіцыях кіраўнікоў дзяржаў — Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса? Ці ўнясе карэктывы дачасны сыход з жыцьця аднаго з стваральнікаў хітрых схемаў, якія часта не паддаваліся лёгіцы — як тыя ж танкерныя пастаўкі нафты цераз паўсьвету.

Інжынэр Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту горадабудаўніцтва Юры Віньнікаў досыць часта камандзіраваўся за акіян падчас праектаваньня новых мікрараёнаў для вэнэсуэльцаў. Гэта была прынцыпова новая старонка для гэтай лацінаамэрыканскай краіны, паколькі сучасныя кватэры дагэтуль у Вэнэсуэле сабе маглі дазволіць толькі заможныя грамадзяне. Праўда, да якасьці новых дамоў нямала нараканьняў, але гэта ў любым выпадку лепш, чым жыцьцё ў фавэлах:

«Наш інстытут займаецца плянаваньнем. То бок, мы плянавалі раёны, якія потым пачалі забудоўвацца. Мы выканалі сваю частку працы і пасьля нас ужо пайшлі будаўнікі. Што рэальна пабудавана, а што не — пытаньне іншае. Але прэрэгатыўнымі вызначаліся два раёны: замахі, як кажуць, былі вялікімі, але вэнэсуэльскі рынак надзвычай складаны, там складана ўсім. Зрэшты, як складана адаптавацца ў любой іншай краіне. Магу толькі сказаць, што там кітайцы гадоў пяць мітусіліся, пакуль іх праекты пайшлі. То бок, нават зь іх досьведам. Таму досыць цяжка было спачатку, як і ўсім. Але цяпер, я так разумею, у шэрагу праектаў стаім там устойліва. Прынамсі там, дзе ёсьць нейкае рацыянальнае зерне. Таму паступова разгарнуліся. Прынамсі ў 2009 годзе пайшлі рэальныя дамы выганяць, будаваць іншыя аб’екты. Проста потым мы асабліва ўжо не адсочвалі, паколькі наш кантракт скончыўся».

Неўзабаве Вэнэсуэла мусіць абраць сабе новага лідэра, і пакуль не вядома, ці будзе ён сьвята трымацца генэральнай лініі Уга Чавэса. Ці могуць палітычныя зьмены быць настолькі кардынальнымі, што беларусаў адтуль папросту папросяць? Юры Віньнікаў не выключае, што «палітычныя» праекты сапраўды могуць згарнуцца, але наўрад ці нават самыя вялікія рэформы могуць закрануць сфэры, дзе аформіліся прагматычныя інтарэсы:
Чавэс на БелАЗе, 2010 год
Чавэс на БелАЗе, 2010 год

«Усё гэта будзе вызначацца тым, хто выйграе прэзыдэнцкія выбары. Але, як па маіх адчуваньнях і на падставе размоў з жыхарамі Вэнэсуэлы, Чавэс ня быў нейкай выпадковасьцю. Не зраблю адкрыцьцё, што там была страшная галеча. Шмат дзе яна застаецца і цяпер. Але, як казалі нам самі мясцовыя, пры Чавэсу мы ўпершыню паспрабавалі смак курыцы. Гэта рэальнасьць, разумееце? Там гэты баліварыянскі сацыялізм — не выпадковасьць, бо да гэтага быў, відавочна, страшненькі капіталізм. Што будзе зараз зь беларускімі кантрактамі — цяжка прадказаць. Так, напэўна, была нейкая частка кантрактаў палітычных, аднак, як мне здаецца, бальшыня кантрактаў была ўсё ж дастаткова прагматычнай. А прагматыка, як вядома, застаецца. То бок, палітычныя праекты, калі яны ёсьць, мабыць, памруць ці будуць перагледжаныя. І застануцца прагматычныя праекты, якія ўзаемавыгадныя. Вось і ўсё».
Аляксандар Лукашэнка з сынам падчас візыту ў Каракас, 2012 год
Аляксандар Лукашэнка з сынам падчас візыту ў Каракас, 2012 год

Апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса датаваная чэрвенем 2012 году. Тады беларускі кіраўнік прыбыў у Вэнэсуэлу ў суправаджэньні вялікай сьвіты і будаваў пляны ня толькі на бліжэйшую пэрспэктыву, але і на далёкую будучыню. Гэтак, Лукашэнка, ківаючы на свайго малодшага сына Мікалая, зьвярнуўся да вэнэсуэльскага калегі: маўляў, ёсьць каму перадаць пэрспэктывы міждзяржаўнага супрацоўніцтва гадоў праз 20-25. Аднак і году не мінула, як вясёлкавыя пэрспэктывы пачалі выглядаць ужо ня так пэўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG