Амаль усе лісты, дасланыя слухачамі на “Свабоду” цягам апошняга тыдня – на тэму беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў, якія выявіліся падчас нядаўняга “газавага” крызысу. Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў Віктар Кавешнікаў зь Менску:
“Мяркую, што 19-га лютага распачаўся гістарычны працэс развод Беларусі з Расеяй. Газавая блякада ў гэты дзень не закончылася – яна толькі распачалася, што пацьвярджаюць і маскоўскія чыноўнікі. На маю думку, канчатковая мэта Ўладзімера Пуціна – уключыць Беларусь у склад Расейскай імпэрыі, як гэта зрабіла ў свой час Кацярына ІІ.
Крэмль цяпер ня спыніцца нават перад узброеным канфліктам з Рэспублікай Беларусь. Можа хтосьці палічыць гэта хворай фантазіяй. Але ўзгадайце: хто яшчэ год таму мог уявіць газавую блякаду Беларусі? Хто дзесяць год таму мог меркаваць, што расейскія самалёты будуць бязьлітасна бамбаваць Грозны? Дарэчы, і пачатак расейска-беларускага канфлікту вельмі нагадвае пачатак першай расейска-чачэнскай вайны. Успомнім: эканамічная блякада Чачэніі, непадпарадкаваньне Джахара Дудаева Барысу Ельцыну. І палітычная мэта Расеі ў той вайне тая ж самая: паставіць на калені непадкантрольную тэрыторыю”, – піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Кавешнікаў зь Менску. Працягваю цытаваць ягоны ліст:
“А падстава для вайсковай агрэсіі супраць Беларусі вымалёўваецца ўжо цяпер – абарона газавага транзыту на Захад. Да таго ж, Эўропа на Расею за газавую блакаду ня надта наракае. Асабліва вызначылася Нямеччына: “Рургаз” ужо дамовіўся з Крамлём, што ён ня супраць газавай атакі на Беларусь. Міжволі ўспамінаецца сумесны парад Чырвонай Арміі і нямецкага Вэрмахту ў беларускім Брэсьце.
Крый Божа беларусаў ад чарговай вайны. А таму цяпер мы ўсе павінны быць разам – і прыхільнікі апазыцыі, і прыхільнікі ўлады. Але з такім заклікам няма сэнсу зьвяртацца да той часткі апазыцыі, якую раптам дапусьцілі на расейскія тэлеканалы. Гэтыя асобы ня выступілі супраць газавай блякады сваёй Радзімы. Такая адсутнасьць патрыятызму выклікае прынамсі вялікае зьдзіўленьне”.
Так напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віктар Кавешнікаў зь Менску.
У Аляксандра Лукашэнкі, спадар Кавешнікаў, па сутнасьці, няма выйсьця. Заўважце: усяго праз два дні пасьля сваіх патэтычных антырасейскіх выказваньняў ён, склікаўшы нараду чыноўнікаў, запатрабаваў ад іх спыняць антырасейскія выступы апазыцыі ў беларускіх мэдыях. Хоць самыя зьняважлівыя і прыніжальныя абвінавачаньні на адрас расейскага кіраўніцтва гучалі ў мінулыя дні зусім не ад апазыцыянэраў і зусім не зь недзяржаўных мэдыяў: увесь сьвет быў сьведкам гэтага. Не апазыцыя назвала дзеяньні маскоўскага Крамля “дзяржаўным тэрарызмам” і не яна адклікала з Масквы беларускага амбасадара.
Такім чынам, спадар Кавешнікаў, яднаньня ўлады і апазыцыі на антырасейскай глебе не адбылося і, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. Што да Вашых высноваў пра магчымасьць узброенага канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю, то іх цяжка назваць інакш чым перабольшанымі і малаверагоднымі. Параўнаньне з Чачэніяй выглядае неапраўданым ужо хоць бы таму, што Беларусь – прызнаная ў сьвеце незалежная дзяржава, якая мае адпаведныя міжнародныя гарантыі сваёй незалежнасьці.
Многія слухачы ў сувязі з газавым канфліктам згадваюць пра даўні праект Чарнаморска-Балтыйскага нафтавага калектара, які больш як дзесяць год таму прапаноўвала апазыцыя. Ліст на гэтую тэму з латвійскага горада Даўгаўпілса, ад Алега Кандыбы. Слухач піша:
“У свой час Зянон Пазьняк прапаноўваў пабудаваць Чарнаморска-Балтыйскі калектар. Ворагі Беларусі разам зь недальнабачнымі беларусамі абсьмяялі і адхілілі гэтую важную прапанову. А цяпер усе пераканаліся, што ў той прапанове Пазьняка быў стратэгічны сэнс. Беларусь і яе народ ужо ўбачылі, колькі каштуюць легкадумны сьмех ды недальнабачнасьць. Расейскія манапалісты націснулі на кіраўнікоў беларускай дзяржавы, каб тыя хутчэй здаліся ў палон. Як у той прымаўцы – дурняў і ў царкве б’юць.
Выйсьце цяпер адно – зноў вярнуцца да ідэі калектара. Тады і нафтаперапрацоўчыя заводы запрацуюць на поўную моц, і з расейскімі манапалістамі лягчэй будзе весьці размову пра цэны ды тарыфы.
Адначасова Беларусь павінна атрымліваць электраэнэргію з тых крыніцаў, якія ёй даў сам Бог. Маю на ўвазе рэкі – Заходнюю Дзьвіну, Дняпро, Сож і Нёман. Трэба аднавіць разбураныя міжкалгасныя гідраэлектрастанцыі. Вось тады Беларусь зможа на роўных размаўляць зь іншымі дзяржавамі.
І яшчэ адзін аспэкт. Пастаўляць газ Беларусі Расея ня хоча, а вось свае вайсковыя базы на беларускай тэрыторыі ўмацоўвае. Што гэта, калі не зьнявага беларускай нацыі?”.
Важная дэталь, спадар Кандыба, апазыцыя дзесяць год таму вяла размову пра Балтыйска-Чарнаморскі нафтавы калектар, але праблемы з газам – крыху іншага кшталту. Хоць прынцыповае вырашэньне і гэтай праблемы зводзіцца зноў жа да пошуку іншых, альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. Значнасьць гэтай праблемы, відавочна, ужо ўсьведамляе і ўлада: над тымі даўнімі ідэямі Зянона Пазьняка больш ніхто не насьміхаецца – нават афіцыйная прапаганда.
Пра колішні праект Балтыйска-Чарнаморскага калектара згадвае ў сваім новым лісьце на Свабоду і наш даўні слухач, удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску. Ён піша:
“Дзеяньні Масквы справакаваў сам Лукашэнка. Хто дзесяць год гуляў у інтэграцыю? Хто абяцаў расейскім шавіністам ісьці ў інтэграцыі так далёка, як таго захоча Расея? Не было б гэтага – Расея плаціла б нам паводле рынкавых коштаў за вайсковыя базы і транзыт, а мы ёй – за нафту і газ. А то прывязаў краіну да адной Расеі, і яшчэ гаворыць пра нейкую там “шматвэктарнасьць”. А калі Пазьняк прапанаваў далучыцца да будаўніцтва Балтыйска-Чарнаморскага калектара, дык яго высьмеялі. На праблемы дзяржаўнай важнасьці трэба глядзець не з вакна кабінэта дырэктара саўгаса, а з даху новай нацыянальнай бібліятэкі. Тады і ліцэй будзе працаваць у ранейшым будынку, і ТБМ ня будуць выкідваць на вуліцу, і Пазьняк будзе друкавацца ў “Звязьдзе”, і “Советская Белоруссия” зьменіць сваю назву”.
Ня ўпэўнены, спадар Скараход, што трэба глядзець на праблемы дзяржаўнай важнасьці з даху нацыянальнай бібліятэкі: яшчэ і даху ў яе няма, дый сама гіганцкая будоўля выклікае шмат пытаньняў. Зрэшты, зразумела, што Вы проста ўжылі такі вобраз: каб прымаць узважаныя, мудрыя рашэньні, патрэбны шырокі кругагляд, уменьне далёка бачыць. І з гэтым не выпадае спрачацца.
У мінулы раз, 22-га лютага, я цытаваў ліст Веніяміна Смоліка зь Менску, які ацаніў першую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на расейскую так званую “газавую атаку” як узор абароны беларускай незалежнасьці. І гэты прыклад, на думку слухача, павінна пераймаць апазыцыя. На гэтыя выказваньні адклікнуўся наш слухач са Злучаных Штатаў Іван Суботка. У сваім электронным лісьце ён піша:
“Вельмі зьдзіўляе тое, што ва ўмовах крызіснага стану з газавымі пастаўкамі, у якім апынуўся рэжым Лукашэнкі, знаходзяцца людзі, якія заяўляюць, што Лукашэнка быццам бы зараз ператварыўся ў змагара за беларускую незалежнасьць! Паважаныя, нельга сьцвярджаць тое, чаго наагул ня існуе. Ён ператварыўся у змагара за сваё ўласнае прэзыдэнцтва, але ніяк не за нацыянальныя інтарэсы беларусаў”.
Подпіс: “Іван Суботка, ЗША”
Сапраўды, спадар Суботка, мінула ўсяго некалькі дзён – і Аляксандар Лукашэнка фактычна пагадзіўся з усімі ўльтыматыўнымі ўмовамі расейскага газавага манапаліста, перастаў лаяць маскоўскі Крэмль, а за антырасейскія выказваньні, як я ўжо згадваў вышэй, прыгразіў караць беларускіх апазыцыянэраў. Імідж змагара за беларускую незалежнасьць наўрад ці пасуе Аляксандру Лукашэнку. І ён гэта, відавочна, і сам усьведамляе.
На заканчэньне – кароткі ліст на тэму беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў ад нашага слухача Рамана Зіноўева з расейскага горада Іванцееўка:
“Быў сьведкам, як у электрычцы Смаленск-Ворша кантралёр ушчуваў безьбілетніка, а той у адказ распавёў сваю гісторыю. Маўляў, вяртаецца з Расеі, езьдзіў туды на заробкі. Вось толькі не зарабіў там нічога, нават на праезд грошай няма. Але гэта што: ягоны таварыш вярнуўся з так званых “заробкаў” ня толькі бяз грошай, але яшчэ і пабітым. Калі б у Беларусі была іншая палітыка – на заробкі езьдзілі б расейцы ў Беларусь, а беларускі талер мяняўся б у банках Смаленска”.
На жаль, спадар Зіноўеў, сумныя, а часам і трагічныя гісторыі беларусаў, якія выпраўляюцца ў Расею на заробкі, апошнім часам сталі паўсядзённай рэальнасьцю. Пра некалькі такіх выпадкаў, што здарыліся з жыхарамі Шклова, мы нядаўна распавядалі ў сваёй праграме. Нелегальная праца беларусаў у Расеі стала масавай зьявай. А вось пра тое, каб на заробкі ў Беларусь прыяжджалі расейцы, чуць не даводзілася. Натуральна, гэта сьведчыць і пра ўзровень жыцьця, і пра даходы людзей значна больш пераканаўча, чым бадзёрыя лічбы афіцыйнай беларускай статыстыкі. Праўда, адначасова гэта яшчэ – і сьведчаньне бескантрольнасьці і крыміналу на расейскім рынку працы.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Максім Дасевіч зь Менску, Юры Гіль зь Вільні, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёна, Яўгенія Іванова з Касьцюковічаў і Віталь Кляўдзін зь Віцебска.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.