Пра новую справу супраць Тамары Эйдэльман паведаміла расейскае дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости» з спасылкай на крыніцу ў сілавых органах, піша Сибирь. Реалии.
Паводле словаў суразмоўцы агенцтва, падставай для справы стаў допіс у тэлеграм-канале Эйдэльман. Дэталяў крыніца не прывяла.
Эйдэльман даўно жыве па-за межамі Расеі.
Супраць Эйдэльман раней ужо пачалі дзьве крымінальныя справы па абвінавачаньні ў «рэабілітацыі нацызму».
Сама пэдагагіня мяркуе, што падставай для перасьледу стала відэа «Дзень скрадзенай Перамогі», якое выйшла летась у траўні. Там яна разьбірала «мэтадычку» да прысьвечанага 9 траўня занятку «Размоў аб важным» у расейскіх школах. Эйдэльман у роліку казала, што ўлады Расеі «сталі выкарыстоўваць Дзень Перамогі не для смутку па загінулых, а для праслаўленьня новай вайны».
У верасьні 2022 году Эйдэльман уключылі ў рэестар так званых «замежных агентаў». Маскоўскія судзьдзі некалькі разоў прызначалі пэдагагіні штрафы па адміністрацыйным артыкуле для ўдзельнікаў гэтага рэестру.
Тамара Эйдэльман часта выступае экспэрткай на разнастайных беларускіх палітычных і гістарычных каналах.
Форум