Ёсьць у нашай пошце значная частка лістоў, аўтары якіх распавядаюць пра свае ўласныя, прыватныя праблемы, якія, на іхную думку, ужо набылі грамадзкае гучаньне. Часьцей за ўсё — гэта гісторыі шматгадовага змаганьня з чыноўнікамі — змаганьня часам цяжкога, драматычнага, што зьнясільвае абодва бакі, якія ў яго ўцягнутыя. З аднаго такога ліста я і пачну сёньняшнюю перадачу.
Пэнсіянэрка, інвалід ІІ групы Алена Нартава зь вёскі Яроміна Гомельскага раёну назвала свой ліст “крыкам душы”. Разам зь лістом яна даслала дзясяткі дакумэнтаў — сваё ліставаньне са шматлікімі выканкамамі, саветамі, міліцыяй, судамі і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, якому яна пісала 16 разоў. Цягам дзевяці апошніх гадоў спадарыня Нартава вядзе няспынную і бясплённую барацьбу з суседам, які, на яе думку, незаконна паставіў агароджу і адрэзаў ад яе дзялянкі дзьве соткі зямлі. У лісьце на Свабоду Алена Нартава піша:
“Шмат гадоў мясцовыя чыноўнікі зьдзекуюцца зь мяне. Сваю прысядзібную дзялянку ў калгасе ХХІІ зьезду КПСС я зарабіла потам і крывёю. А сусед Котаў увосень 94-га году без маёй згоды паставіў плот і нахабна адрэзаў тры соткі зямлі.
Я зьвярталася ва ўсе інстанцыі шмат разоў — усё безвынікова. На мае дакуманты чыноўнікі даюць неабгрунтаваныя адказы. Наш прэзыдэнт, якому я пісала 16 разоў, відаць, непісьменны і кепска бачыць. А чыноўніца Канцавая, якая замест яго адказвае на лісты, усе мае звароты перасылае тым жа чыноўнікам, на якіх я скардзілася. Пасьля доўгіх гадоў зьдзеку яны знайшлі выйсьце — увогуле не адказваць на мае звароты. Цяпер ім засталося толькі адно — забіць мяне.
Апісаць усё немагчыма, і сэрца хворае. Спадзяюся толькі на вашую дапамогу, дарагія мае праваабаронцы.
З павагай да вас — Алена Нартава. Вёска Яроміна Гомельскага раёну”.
Я прачытаў, спадарыня Нартава, амаль усе дасланыя вамі дакумэнты. Без мясцовай улады — гэта значыць, без сельсавету, раённага і абласнога выканкамаў, суда — вашую спрэчку з суседам вырашыць немагчыма. Але якраз гэтыя ўстановы больш як дзясятак разоў прысылалі да вас розныя камісіі: зьбіралі сьведчаньні й дакумэнты мералі зямлю, праводзілі нарады. Вывучалі нават вынікі аэрафотаздымкі вашых сядзібаў. І рашэньні ўсіх гэтых камісіяў, на жаль, не на вашую карысьць.
Я ведаю, як зацягваюць чалавека падобныя спрэчкі, асабліва калі яны доўжацца шмат гадоў. Здараецца, настае момант, калі ўвогуле ўвесь сьвет наўкол звужаецца да гэтай адной крыўды, на якую марнуюцца час, грошы, здароўе — увогуле жыцьцё. І цяжка нават дапускаць думку, што маеш рацыю ня ты, а твой крыўдзіцель. Патрэбна немалая воля, каб прымусіць сябе ўбачыць, што прадмет спрэчкі — гэтыя дзьве соткі зямлі — ня варты таго, каб класьці на яго жыцьцё, не заўважаючы нічога наўкол.
Ліст ад Георгія Белаконя з Калінкавічаў. Слухач занепаконы паведамленьнямі пра хуткую замену беларускага рубля расейскім:
“Нас запэўніваюць, што расейскі рубель застанецца стабільным. Але чаго вартыя гэтыя запэўніваньні?”,— піша слухач.— “Мы памятаем, што было ў 47-м, 61-м, 91-м гадох — тады ўсе грошы ў людзей прапалі. А дзе гарантыя, што ў Расеі не адбудзецца новы дэфолт? Вайсковыя выдаткі яна ўвесь час павялічвае, а бюджэт у яе трымаецца ў асноўным на нафце ды газе. Добра было расейцам, калі кошты на паліва ўвесь час расьлі. Але ж вечна так цягнуцца не магло — цяпер яны зьніжаюцца.
Калі так ужо хочацца інтэграцыі — увядзіце ў абарот расейскі рубель нароўні зь беларускім. Будзе вам і інтэграцыя, і права на эмісію. Нацыянальная валюта патрэбна, як страхоўка ад непрыемнасьцяў. А расейскі рубель няхай ходзіць сабе на здароўе. Сам Аляксандар Рыгоравіч скардзіўся, што Беларусь шмат страціла ад абясцэньваньня савецкіх рублёў. Гэта здарылася, бо цэнтрабанк быў у Маскве”,— напісаў Георгі Белаконь з Калінкавічаў.
Наўрад ці прапанаваны вамі, спадар Белаконь, варыянт прымальны, і найперш для расейскага боку. Калі памятаеце, у гісторыі незалежнага існаваньня Беларусі ўжо быў пэрыяд, калі ўлады спрабавалі паслугоўвацца адначасова і толькі што ўведзеным беларускім рублём, і рублём савецкім (а потым адзін час і расейскім, які Масква ўвяла на зьмену савецкаму). Было гэта ў 92-93-м гадах. Аднак Расея вельмі хутка спыніла гэтую практыку, у аднабаковым парадку адрэзаўшы Беларусь ад зоны сваёй валюты. Тады ж Вячаслаў Кебіч пачаў бясплённыя перамовы пра стварэньне адзінай рублёвай зоны. Без прыкметных посьпехаў гэтыя перамовы цягнуцца і па сёньняшні дзень.
Ліст ад Юрыя Аладзьева з Магілёва. Слухач піша:
“Можа, не паверыце, але зараз мне размаўляць адкрыта, размаўляць па-беларуску проста няма з кім. Раней я гэта рабіў, калі выходзіў на дэманстрацыі — напрыклад, на “Чарнобыльскі шлях”. Зьбіраў таксама подпісы за дэмакратычных кандыдатаў. Даводзілася нават мець сустрэчу з прадстаўнікамі органаў, якія папярэджвалі, каб ня вёў агітацыю супраць Лукашэнкі.
Пакуль ішла дэмакратызацыя, мая жонка нічога не казала мне супраць. А калі сытуацыя зьмянілася — здрадзіла мне: забраўшы дзяцей, зьехала зь Менску ў свой родны раённы, заўсёды прарасейскі горад Узду. У выніку я застаўся адзін”,— працягвае свой ліст Юры Аладзьеў з Магілёву.— “Паехаў дадому, да бацькоў. Але яны ўжо старыя, ім патрэбны догляд. Яны мяне мала разумеюць, хоць і стараюцца. Сястра жыве адна, з дачкой, і мае апазыцыйныя погляды лічыць дзіцячымі гульнямі.
Я маю вышэйшую адукацыю — дыплём юрычычнага факультэту БДУ, але ня маю працы па спэцыяльнасьці. А паколькі пераехаў у іншы горад, то страціў і сваіх нешматлікіх сяброў. Адзіныя людзі, зь якімі мне лёгка размаўляць — гэта мае дзеці, і дзеці наогул. Дзяцей хлусьнёй не падманіш.
Такім чынам, у мяне засталіся тры сябры: па-першае, гэта мае дзеці (нягледзячы на тое, што яны не са мной, а з маці); па-другое — “Народная Воля”; і па-трэцяе — Беларуская Свабода”,— напісаў Юры Аладзьеў з Магілёву.
Вельмі сумная, драматычная гісторыя. Людзі, якія ў сёньняшніх умовах прынцыпова размаўляюць толькі па-беларуску, ды яшчэ пры гэтым адважваюцца публічна выказваць свае палітычныя погляды — сапраўды, нярэдка выклікаюць касавурыя позіркі, грэблівыя зьняважлівыя рэплікі. Гэта цяжкі псыхалягічны стан і нялёгкае выпрабаваньне для тых, хто вырашыў пасьлядоўна і ва ўсім адстойваць свае прынцыпы. Напэўна, складана даводзіцца і тым, хто побач з гэтымі людзьмі, але не падзяляе іхных поглядаў. Як сьведчыць ліст Юрыя Аладзьева, часам справа даходзіць нават да сямейных драмаў.
У любым выпадку, спадар Аладзьеў, вам трэба знайсьці аднадумцаў — тых, хто вас разумее і падзяляе вашыя перакананьні. Магчыма, варта заняцца нейкай грамадзкай дзейнасьцю — мяркуючы па лісту, гэткая схільнасьць у вас ёсьць. У такім вялікім горадзе, як Магілёў, зрабіць гэта магчыма. Абавязковая ўмова: вы мусіце верыць у гэта і прыкладаць дзеля гэтага намаганьні.
Ліст ад Ніны Крывіцкай зь Менску.
“Толькі што чарговы раз слухала вашу перадачу”,— піша слухачка.— “Спачуваю нашым змагарам — Саньнікаву, Гразновай, Бандарэнку, і падтрымліваю іх. Лукашэнкаў рэжым ня хоча дараваць тым беларусам, якія нясуць праўду, прасьвятляюць галовы людзям, што зьняверыліся, стаміліся ад хлусьні і падману.
Неяк вы, Валянцін Жданко, распавядалі ў сваёй перадачы пра колькіх жыхароў сталіцы, якія ўцяклі з бруднага амаральнага Менску на хутар у Вілейскім раёне, каб ня бачыць, як вынішчаецца прыстойнае, чалавечае ў грамадзкім жыцьці. Але ж такая спустошанасьць пануе паўсюль у Беларусі.
Ці турбуе Лукашэнку, у якім прыніжэньні мы жывем? Ён адгарадзіўся ад народа, якім так прагна хоча кіраваць, шматлікай міліцыяй, спэцслужбамі, войскамі. Па Менску нельга і кроку ступіць, каб не сутыкнуцца з чалавекам у мундзіры.
Лукашэнка баіцца выйсьці сам-насам да народа ў дні, калі адзначаюцца нашыя гістарычныя беларускія сьвяты, і пагаварыць зь людзьмі шчыра, сардэчна, праўдзіва пра наш цяжкі лёс. Лукашэнка баіцца, і на гэта ў яго ёсьць прычны”,— напісала Ніна Крывіцкая зь Менску.
Наўрад ці можна пагадзіцца з вашым, спадарыня Крывіцкая, цьверджаньнем, што Аляксандар Лукашэнка баіцца сустракацца зь людзьмі сам-насам і размаўляць зь імі пра жыцьцё. Ён, без сумневу, умее весьці такія размовы, і робіць гэта пераканаўча і ахвотна. Гэтая ягоная здольнасьць стала адным з вырашальных аргумэнтаў у ягонай спрэчцы зь Вячаславам Кебічам за пасаду прэзыдэнта ў 94-м годзе.
Іншая рэч, што весьці такія размовы са сваімі апанэнтамі, уступаць у адкрытыя дыскусіі з падрыхтаванымі суразмоўцамі, садзіцца за круглы стол з апазыцыйнымі лідэрамі Лукашэнка ніколі не жадаў і не жадае — тут вы, спадарыня Крывіцкая, маеце рацыю.
Некаторыя нашыя слухачы — у прыватнасьці, Сымон Булыга з Баранавічаў і Валер Марозаў з Магілёва — выказваюць заўвагі з нагоды паўтораў некаторых перадачаў на нашых хвалях. Сымон Булыга, для прыкладу, зьвяртаецца да мяне з такім папрокам:
“Шаноўны Валянцін Жданко, навошта паўтараць чытаньне лістоў слухачоў у нядзелю, калі іх ужо чыталі ў суботу? На мой погляд, вам трэба больш часу адводзіць на пісьмы слухачоў і на іх камэнтары”.
Вашая прапанова, спадар Булыга, улічаная: ад красавіка час для агляду аглядаў лістоў павялічаны. Цяпер перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць двойчы на тыдзень — кожную сераду і нядзелю.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас .