Ля магілы Васіля Быкава на Ўсходніх могілках шмат кветак. Многія адмыслова прыйшлі на Радаўніцу да магілы вялікага пісьменьніка.
(Спадар: ) “Для кожнага сумленнага чалавека Васіль Быкаў быў бацькам, нават яго сэрцам. Вядома, што для кожнага сьвядомага беларуса гэта сапраўды была вялікая страта, калі ён памёр. Вы запыталіся ў мяне, і я ізноў усхваляваўся”.
(Спадар: ) “Быў вялікім пісьменьнікам свайго часу, таму страта Васіля Быкава — непапраўная. Пісьменьнікаў, нацыянальных дзеячаў такога маштабу жыцьцё дае народу можа раз на некалькі стагодзьдзяў”.
(Спадарыня: ) “Быў народны пісьменьнік, мы яго добра памятаем. Пісаў пра вайну. Застаўся любімым пісьменьнікам. Прыйшлі пакланіцца яму. Мы прыехалі зь невялікага гораду Салігорску”.
(Спадарыня: ) “Гэта вялікая страта для ўсяго беларускага народа. Гэта вялікі пісьменьнік, творы якога мы добра ведаем яшчэ са школы”.
Ад магілы Васіля Быкава я накіроўваюся да магілы Генадзя Карпенкі, які раптоўна памёр пяць год таму пры нявысьветленых абставінах. Побач зь ягонай магілай стаіць маці Генадзя Карпенкі спадарыня Вера і ягоны брат Аляксандар.
(Карпенка: ) “Гэта страта большая не для родных, а для беларускага народа. Народ яшчэ адчуе, каго ён страціў. У адзін год у 99-м забіваюць брата, зьнікае Ганчар, Захаранка, усе тыя людзі, якія маглі замяніць яго. Гэтыя злачынцы будуць саромецца сваіх прозьвішчаў. Яны ўжо дрыжаць”.
Гэта быў Аляксандар Карпенка, брат памерлага Генадзя Карпенкі.
***
Ад Усходніх могілак праз некалькі кілямэтраў — урочышча Курапаты. Сёньня сюды ўвесь дзень гэтаксама ідуць людзі. Іван Ананіч прыйшоў у Курапаты са сваёй жонкай і унучкай. Напрыканцы 1980-х гадоў праз архівы КГБ ён даведаўся, што менавіта ў Курапатах быў расстраляны ягоны бацька Максім Ананіч, старшыня калгасу на Клічаўшчыне.
(Ананіч: ) “Бацька ў мяне тут расстраляны 25 сакавіка 1938 году без суда. Страляў начальнік 8-га адзелу УГБ БССР лейтэнант Троскін. Нумар акта пратакола расстрэлу 1011. Я прыходжу ў Курапаты ў дзень расстрэлу бацькі, і ў такія дні прыходжу”.
Іван Ананіч ускладае кветкі ля аднаго з курапацкіх крыжоў далей за пагоркам. Яму падаецца, што магіла бацькі знаходзіцца недзе ў гэтым месцы, прынамсі, гэтак яму не аднойчы бачылася ў сьне.
Наступная мая суразмоўца спадарыня Тацяна запальвае сьвечку ля трох курапацкіх крыжоў на пагорку.
(Тацяна: ) “У мяне тут дзядуля расстраляны — Уладзімер Доўнар. Прыйшлі памянуць ня толькі яго, але і ўсіх тых, хто ляжыць у гэтай зямлі”.
Гэта была ўнучка расстралянага ў Курапатах Уладзімера Доўнара.
Сёньня ж я сустрэла ва ўрочышчы кіраўніка Хрысьціянскае лучнасьці “Курапаты” Вацлава Нямковіча.
(Нямковіч: ) “Я кожны раз прыходжу ў Курапаты на Радаўніцу — ужо пятнаццаць гадоў. Людзі зьбіраюцца ня так густа, але няспынна ідуць, ідуць і ідуць”.
Гэта быў кіраўнік Хрысьціянскае лучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч.